Кинолог — профессия интересная! Вместе с юными журналистами понаблюдали за тренировкой Дмитрия Кемстача и его напарника

Общество

Учора сваё прафесійнае свята адзначалі спецыялісты, якія адказваюць за спакой людзей, парадак на вуліцах і ва ўстановах, ставяць заслону зламыснікам. Усе гэтыя і іншыя задачы паспяхова выконвае аддзяленне па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы. У гэты раз мы вырашылі распавесці пра яго дзейнасць нетрывіяльным чынам – удзельнікі Клуба юных рэпарцёраў пазнаёміліся з міліцыянерам-кінолагам групы затрымання Дзмітрыем Кемстачам і яго чатырохлапым гадаванцам, пра што і раскажуць у гэтым артыкуле.

Д.Кемстач, В.Сакалоў, юныя журналісты і Грэй.

Шчыра прызнацца, заданне было цікавым і крыху хвалюючым, бо сярод нас меліся тыя, хто сабак пабойваецца. Але службовая аўчарка, якая выйшла з аўтамабіля з надпісам “Ахова”, аказалася хоць і вялікай, але зусім не злой. Як пазней нам расказаў яе гаспадар Дзмітрый Аляксандравіч, сярод сабак, як і між людзей, сустракаюцца і жвавыя халерыкі, і жыццярадасныя сангвінікі, і спакойныя меланхолікі – яго гадаванец якраз з апошніх. А яшчэ ў яго двайное імя: калі шчанюка прывезлі ва Ушачы з віцебскага пітомніка, па пашпарце ён быў Рыфам, але тут вырашылі, што яму больш падыходзіць мянушка Грэй. Гэты сабака замяніў аўчарку Бэці, якая тым часам “выйшла на пенсію” – у жывёл працоўная кар’ера больш кароткая, чым у людзей – усяго 10-12 год. Аднак, калі яны паспяхова здаюць нарматывы, то могуць затрымацца на службе і даўжэй. Грэю ж 8 – і ён у росквіце працоўных сіл.

У яго ёсць калегі – аўчаркі Нэсі і Жак, з якімі працуюць кінолагі Мікалай Зімніцкі і Андрэй Бутоўскі. Да гэтай кампаніі хутка далучыцца і чацвёрты сабака, бо малады супрацоўнік аддзялення Тарас Шаўчэнка зараз праходзіць спецыяльныя курсы і навучае маленькае шчаня.

Было цікава даведацца, што аўчаркі, як і мы, могуць мець свае слабасці: напрыклад, баяцца цемры ці вышыні. Калі Дзмітрый Аляксандравіч пачаў трэніраваць маладога Грэя на паласе перашкод, той ніяк не хацеў узбірацца на бум (гэта такая канструкцыя накшталт высокага гімнастычнага бервяна з прыступкамі) – і кінолаг сам яму паказваў, што трэба рабіць. Уяўляем, як гэта пацешна выглядала збоку!..

Але галоўнае, што павінен умець службовы сабака, – браць след, і для гэтага ён праходзіць спецыяльны курс дрэсіроўкі. Дарэчы, бацька двух удзельнікаў нашага клуба Вячаслаў Сакалоў служыць у Дэпартаменце аховы камандзірам групы міліцыі і часта праводзіць вучэбныя трэніроўкі са сваімі падначаленымі. Іх падрабязнасці раскрываць нельга, але можна сказаць, што сабакі і групы затрымання заўсёды праяўляюць сябе вельмі дастойна. Такія заняткі потым дапамагаюць у сапраўдных сітуацыях. У кожнай аўчаркі ёсць свае службовыя подзвігі. Бэці, напрыклад, знайшла выкрадальніка, які залез у вясковы магазін. Калі прыімчалася машына Аховы, ён схаваўся ў кустах метрах у 400 ад крамы і наіўна спадзяваўся, што застанецца непрыкмечаным. А Грэй і Жак неаднойчы дапамагалі адшукаць у лесе заблукаўшых грыбнікоў.

Так, сабакі моцна спрыяюць службе, аднак за імі патрэбны догляд. Дзмітрый Аляксандравіч расказаў, што Грэй жыве на яго сядзібе ў Арэхаўне: у сабакі ёсць камфортная будка і вальер, карміць яго трэба па спецыяльным рацыёне, а на работу ва Ушачы яны едуць на легкавым аўтамабілі, прычым аўчарка дзелавіта займае пасажырскае крэсла. Кінолаг лічыць, што яго прафесія падыдзе не кожнаму, бо трэба быць цярплівым, настойлівым і вельмі любіць жывёлу. Сам жа ён яшчэ ў дзяцінстве спрабаваў дрэсіраваць сабаку Біма, які жыў у дзядулі на вясковым падворку: навучанне, праўда, абмежавалася толькі выкананнем каманды “Дай лапу”, але пачатак будучай кар’еры быў пакладзены!

Завяршылася наша сустрэча паказальным выступленнем: Грэй паслухмяна ляжаў, садзіўся, бег да гаспадара і падаваў голас, чым яшчэ больш нас зачараваў. Дарэчы, як аказалася, каманды можна даваць не толькі словамі, а і жэстамі: напрыклад, далонь уніз – загад легчы, уверх – сесці, а ўзмах рукой нібыта на развітанне – “голас”.

Увогуле ўсе мы прыйшлі да высновы, што прафесія кінолага вельмі цікавая! А Грэй – надзвычай абаяльны і разумны: ён паслухмяна папазіраваў для фота і пад наглядам гаспадара даў нам сябе пагладзіць – аказалася, гэта зусім не страшна, бо дзяцей і добрых людзей ён не крыўдзіць, а вось злодзеям дастанецца па поўнай!

Яна і Назар САКАЛОВЫ, Арцём РЭВЕНКА, Яна Грыбанава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *