Адкрыты абласны турнір на прызы завода “Гомсельмаш” – адно з самых прэстыжных спаборніцтваў для юных дзюдаістаў. Сёлета ўдзел у ім упершыню прыняў вялікі ўшацкі дэсант. Паколькі спаборнічаць на татамі маглі дзяўчаты 2010-2013 гадоў нараджэння, у Гомель адправілася як наша зорная пяцёрка, якая з гэтага навучальнага года развівае свае таленты ў вучылішчах алімпійскага рэзерву, так і юныя выхаванкі Ушацкай СДЮШАР.
Аднак ні хваляванне, ні ноч у поездзе не перашкодзілі дэбютанткам паказаць добрыя вынікі. Бліскучую перамогу атрымала Жэня Крывёнак, зусім крыху не хапіла да “золата” Леры Акулёнак, але і “срэбра” – вынік выдатны. Пятымі ў сваіх катэгорыях сталі Віка Федарэнка, Эліна Фоміч і Саша Храмёнак, сёмымі – самыя юныя Аня Пугач і Насця Серадзенка.
Адзначыліся і вопытныя дзяўчаты. Вельмі ўпартай была “залатая” схватка Алісы Зуевай з прынцыповай саперніцай, якой яна сёлета саступіла на чэмпіянаце краіны, і калі ў дадатковы час ушачанка рэзкім амплітудным прыёмам кінула яе на “іпон” (ацэнка чыстай перамогі) – апладзіравала ўся зала. “Срэбрам” і “бронзай” адзначыліся адпаведна Саша Міхаль і Улада Цюкала. Адметна, што ў нашай камандзе былі прадстаўлены выхаванкі чатырох ушацкіх трэнераў: Святланы Фядосенкі, Веры Кілінай, Кацярыны Маркевіч і Крысціны Зуевай. Чакаем новых перамог!
Наталля БАГДАНОВІЧ.