Профессиональный праздник отмечают работники фармацевтической отрасли

К профессиональному празднику

Агульнавядома, што памылка ўрача можа пазбавіць чалавека жыцця. Няўважлівасць або неадукаванасць фармацэўта каштуюць не менш дорага, аднак людзі гэтай адказнай прафесіі звычайна застаюцца ў цені сваіх калег-медыкаў, хоць таксама носяць белыя халаты і прыкладаюць усе намаганні, каб захаваць наша з вамі здароўе. Расказаць, хто і як забяспечвае медыкаментамі жыхароў раёна, мы папрасілі загадчыцу аптэкі №65 г.п.Ушачы Ірыну Мікалаеўну ЖЫНЬ.

Зараз у раёне дзейнічаюць пяць аптэк. Жыхары гарпасёлка могуць набыць лекі ў цэнтральнай аптэцы №65, а таксама ў аптэцы пры ЦРБ і нядаўна адкрытай аптэцы, якая размяшчаецца ў гандлёвым цэнтры ля гарадскога сквера (многія ўшачане ўжо паспелі ацаніць выгоды апошняй кропкі: пералік медыкаментаў там вялікі, а наведвальнікаў няшмат). Набыць лекі ў аптэках могуць жыхары аграгарадкоў Глыбачка і Вялікія Дольцы, у раёне таксама маецца 20 кропак рэалізацыі медыкаментаў, размешчаных пры ўчастковых бальніцах і ФАПах. Медработнікі гэтых устаноў робяць абыходы аддаленых вёсак, такім чынам літаральна кожны жыхар раёна мае магчымасць папоўніць дамашнюю аптэчку патрэбнымі лекамі. Хочацца таксама падкрэсліць, што для некаторых катэгорый хворых лячэбныя прэпараты ў нашых аптэках адпускаюцца бясплатна або па льготных цэнах. Не трэба плаціць за жыццёва важныя лекі інвалідам Вялікай Айчыннай вайны і дзецям-інвалідам. Бясплатна атрымліваюць пэўныя прэпараты хворыя на цукровы дыябет, астму, анкалогію, 90-працэнтная скідка прадугледжана для інвалідаў I і II груп. 
Апошнім часам асартымент медыцынскіх прэпаратаў значна павялічыўся. Зараз у аптэцы можна набыць амаль любыя лекі. Нават калі які-небудзь імпартны прэпарат у дадзены момант адсутнічае, ён з’явіцца на паліцах праз тыдзень-другі, альбо фармацэўт прапануе вам айчынны аналаг: ён, як правіла, не менш эфектыўны, але больш танны. Увогуле, у нашай краіне не першы год дзейнічае праграма імпартазамяшчэння тавараў, і асабліва актыўна яна пераўтвараецца ў жыццё менавіта ў фармацэўтычнай галіне. Як прыклад – прэпараты “Лавастацін” і “Сімвалін”, якія зніжаюць узровень халестэрыну; раней яны закупляліся ў Польшчы, зараз жа іх вырабляе прадпрыемства “Лекфарм”, нядаўна пабудаванае ў Лагойску. Паспяхова асвойвае выпуск антыбактэрыяльных і супрацьгрыбковых прэпаратаў Віцебскае ТАА “Рубікон”. Але найбольш яскрава перавагу айчынных лекаў можна ўбачыць на прыкладзе праславутай віагры. Калі французская фірма “Пфайзэр” прапануе гэты прэпарат за 260700 рублёў (“дарагое задавальненне”, ці не так?), то айчынны аналаг барысаўскага, лагойскага або мінскага вырабу будзе каштаваць амаль у 10 разоў менш пры нягоршай (аб чым сведчыць устойлівы попыт) якасці.
Безумоўна, арыентавацца ў безлічы найменняў сучасных лекаў вельмі няпроста. Каб адпавядаць высокім патрабаванням, нашы фармацэўты і правізары пастаянна ўдасканальваюць прафесійнае майстэрства, набываюць новыя веды. Вопытныя спецыялісты Т.А. Спірыдонава, В.М.Скок уяўляюць сабой трывалую аснову калектыву, дзеляцца навыкамі з моладдзю. Сапраўдным прафесіяналам з’яўляецца “гаспадыня” аптэкі пры ЦРБ А.В.Андрыковіч, на высокім ўзроўні абслугоўваюць жыхароў раёна І.П.Пабойкіна і Н.У.Касяк. Любое ўзнікшае пытанне вырашыць намеснік загадчыка Т.У.Полазава. Цэняць і паважаюць калегі М.І.Васілеўскую і І.А.Амбражэвіч. Нельга ўявіць наш калектыў без Г.В.Жогаль, бухгалтараў Р.М.Казьянінай і Т.В.Баравой. З вялікай удзячнасцю ўспамінаем ветэранаў працы С.П.Падольскую, А.І.Волах, Т.С.Быкаву, С.А.Маковіч. Зараз мы маем вострую патрэбу ў кваліфікаваных спецыялістах, таму, карыстаючыся выпадкам, хачу прапанаваць маладым людзям, якія яшчэ не вызначыліся з выбарам будучай прафесіі, паспрабаваць сябе ў нашай галіне. Тыя, каму па душы работа фармацэўта, могуць атрымаць мэтавае накіраванне для паступлення ў адпаведныя навучальныя ўстановы.
Часам нам даводзіцца чуць крыху іранічныя пытанні – маўляў, як вы можаце трымаць у галаве назвы ўсіх гэтых лекаў? Альбо, якім чынам вы разбіраеце ўрачэбны почырк? Жарты жартамі, аднак з такіх акалічнасцяў і складаецца прафесіяналізм. Аптэчным работнікам бывае дастаткова аднаго позірку на рэцэпт, каб беспамылкова вызначыць, хто яго напісаў і якія лекі патрэбны хвораму. Часта нашы кліенты гавораць, што парада фармацэўта або правізара дапамагла ім вылечыцца, а некаторыя ў знак удзячнасці нават прыносяць кветкі. Хачу павіншаваць усіх аптэчных работнікаў са святам, пажадаць і надалей выдатна выконваць сваю высакародную місію – дапамагаць людзям вярнуць і захаваць здароўе.
Падрыхтавала Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *