Фликеры, мотоблоки и интернет-мошенники: что обсуждали жители Ушаччины на встречах с правоохранителями

Общество

Небывалае ажыўленне панавала раніцай панядзелка ў Жарскім сельвыканкаме і Ільюшынскім СДК. Жыхары бліжэйшых населеных пунктаў праявілі актыўнасць і прынялі ўдзел у размове з прадстаўнікамі суб’ектаў прафілактыкі раёна.

Перад вяскоўцамі выступілі ў гэты дзень работнікі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС, райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны нагадалі, як не трапіць на ўлоўкі інтэрнэт-махляроў, захаваць грошы і маёмасць, папярэдзіць пажары. Ну а больш за ўсё пытанняў было да начальніка аддзялення ДАІ Мікалая Гаўрылюка. Прысутныя ўдакладнялі, у прыватнасці, як зняць аўтамабіль з уліку, ці патрэбна вадзіцельскае пасведчанне для кіравання самаробным трактарам, электрасамакатам. Дарэчы, прыйшлі на сустрэчу з дакументамі на ўжо наяўныя сродкі персанальнай мабільнасці – каб для вывучэння характарыстык, якія ўплываюць на адказ, не ехаць ва Ушачы. Актуальнай стала таксама інфармацыя, што кіраваць мотаблокам пазбаўленаму вадзіцельскіх правоў чалавеку нельга.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Час стаць прыкметным!” М.Гаўрылюк нагадаў пра неабходнасць выкарыстання веласіпедыстамі ў цёмны час сутак святлоадбівальных камізэлек – незалежна ад таго, асветлены ўчастак дарогі, па якім едзеце, ці не. Дарэчы, з вулічным асвятленнем, падкрэсліў ён, праблемы бываюць – трэба паведамляць пра іх непасрэдна ў сельвыканкам ці ў Дзяржаўтаінспекцыю, РАУС. Нядаўна па сігнале кублічан, які паступіў праваахоўнікам, на месца прыбылі спецыялісты Ушацкага раёна электрасетак. На дзвюх вуліцах аграгарадка будуць дадаткова ўстаноўлены тры ліхтары. Многае зроблена і ў райцэнтры: у верасні каля 30 старых лямп заменены на сучасныя святлодыёдныя, больш чым на 20 дагэтуль цемнаватых участках – па вуліцах Полацкай, Камсамольскай, Калінінскай – устаноўлены дадатковыя ліхтары.

Удзельнікі сустрэч атрымалі ад праваахоўнікаў святлоадбівальныя элементы ў падарунак – каб быць на дарозе бачнымі, павышаць уласную бяспеку. На жаль, практыка паказвае, што жыхары раёна пакуль не ставяцца да гэтага пытання з належнай адказнасцю: усяго за чатыры дні прыгаданай вышэй акцыі без флікераў пад увагу супрацоўнікаў ДАІ трапілі 14 пешаходаў і веласіпедыстаў, 9 з іх на момант здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

Практыка правядзення падобных сустрэч на Ушаччыне працягнецца.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *