Уздым захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, у тым ліку грып, рэгіструецца зараз па ўсёй краіне. Пабольшала пацыентаў і ва Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы. Каб не аказацца ў іх ліку, можна зрабіць прафілактычную прышчэпку.
Актыўнасці ў праходжанні вакцынацыі ад грыпу, якая зараз праводзіцца, жыхары раёна пакуль не праяўляюць. На сённяшні дзень праімунізавана крыху больш за тры працэнты насельніцтва. Аднак у райбальніцы спадзяюцца, што ў бліжэйшы час гэтая лічба значна павялічыцца. Паказваюць прыклад у першую чаргу самі медработнікі. Пачалі паступаць і калектыўныя заяўкі ад прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Так, выязная брыгада медыкаў пабывала нядаўна ва УП ЖКГ.
Бясплатна правакцынавацца зараз можна трохкампанентным прэпаратам расійскай вытворчасці “Грыпол плюс” – ва ўсіх медустановах раёна ён маецца ў дастатковай колькасці. Ёсць таксама магчымасць па папярэднім заказе і на платнай аснове выкарыстаць французскі чатырохкампанентны “Ваксігрып Тэтра”. Паралельна прапануецца прышчапіцца ад COVID-19. Штамавы састаў усіх гэтых вакцын, адзначаюць спецыялісты, сёлета быў абноўлены.
“Хачу нагадаць, што грып багаты развіццём сур’ёзных ускладненняў, паражэннем лёгкіх, сэрца, іншых органаў. Таму вельмі важна прышчапляцца, асабліва тым, хто ўваходзіць у групу рызыкі, – кажа загадчык паліклінікі Ушацкай ЦРБ Лілія Ігараўна Аўдошка. – У іх ліку – дзеці ад 6 месяцаў да 3 гадоў, людзі з хранічнымі захворваннямі, імунадэфіцытнымі станамі, пажылыя, цяжарныя, а таксама грамадзяне, якія кантактуюць з вялікай колькасцю людзей. Своечасовая вакцынацыя зніжае рызыку заражэння на грып, іншыя рэспіраторныя інфекцыі на 60-90 працэнтаў. І нават калі пазбегнуць “знаёмства” з хваробай не ўдалося, працякае яна звычайна ў лёгкай форме”.
Паколькі для фарміравання імунітэту патрабуецца ад 14 дзён да аднаго месяца, адкладваць сустрэчу са спецыялістамі не варта. Правакцынавацца можна ў працэдурным кабінеце паліклінікі з панядзелка па пятніцу з 8.00 да 18.00 (перапынак: з 13.00 да 13.20), у суботу – з 8.00 да 13.00, а таксама на ФАПах, у бальніцах сястрынскага догляду, урачэбнай амбулаторыі – па графіку работы ўстаноў. Выклікаць выязную брыгаду ў працоўныя калектывы ці на дом можна праз адміністрацыю ЦРБ ці рэгістратуру па нумары 5-21-57. Працягнецца такая кампанія да снежня.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: прышчэпку атрымлівае галоўная медсястра А.Бабенка.