В Витебске прошел региональный форум «Родительская любовь – великая сила»

Общество

На форуме “Бацькоўская любоў – вялікая сіла”, арганізатарам якога выступіла Віцебская абласная арганізацыя Беларускага саюза жанчын, ушаноўвалі пераможцаў абласнога конкурсу “Жанчына года” і сямейныя дынастыі Віцебшчыны.

Ганаровае званне “Жанчына года-2023” будуць насіць 35 прадстаўніц прыгожай паловы рэгіёну розных прафесій, якія адзначаны ў сямі намінацыях – “Паспяховы кіраўнік”, “Не старэюць душой ветэраны”, “Гаспадыня сяла”, “Актыўная жыццёвая пазіцыя”, “Мацярынская слава”, “Духоўнасць і культура”, “Сэрца аддаю людзям”. Надзвычай прыемна, што сёлета адразу дзве ўшачанкі сталі пераможцамі конкурсу. У дзвюх апошніх намінацыях адзначаны загадчык аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН у Вяркудах Алена Леанідаўна Ігнатовіч і кіраўнік клуба “Ветэран” раённага цэнтра культуры Іна Сяргееўна Клімава (на здымку).

Гэтых жанчын выдатна ведаюць нашы чытачы, ды і ўсе ўшачане. Нельга ўявіць сферу культуры раёна і хор народнага клуба “Ветэран” без Іны Сяргееўны, якая амаль 45 гадоў прысвяціла сцэне. Яна ўмее і выдатна спяваць, і арганізаваць мерапрыемства, і знайсці падыход да кожнага з удзельнікаў клуба. На працягу 12 гадоў узначальвае аддзяленне ў Вяркудах Алена Леанідаўна Ігнатовіч. Але ніколі не абмяжоўваецца выключна “начальніцкімі” абавязкамі. Змерыць ціск пастаяльцам, паліць агарод ці проста пагутарыць з пажылымі ёй не ў цягасць, а ў пік распаўсюджвання каранавіруса яна наогул тыднямі жыла ва ўстанове. Адным словам, гэта чалавек, які сваё сэрца аддае людзям.
Да ўшанавання жанчын у Віцебску далучыліся вядомыя мужчыны-кіраўнікі, у іх ліку старшыня абласнога Савета дэпутатаў Д.У.Дзямідаў, намеснік старшыні аблвыканкама В.В.Дурноў.

Як адзначыла старшыня раённай арганізацыі БСЖ Дзіна Міхайлаўна Садоўская, жанчыны з’яўляюцца грамадскай сілай, якая гатова адстойваць інтарэсы сваёй краіны. Робяць гэта па-жаночаму: праз добрыя справы, падтрымку сем’яў, тых людзей, якім патрэбна дапамога, праз шматлікія акцыі. Роля жанчыны – стваральная. Беларускі саюз жанчын расце ў сваёй колькасці і сёння ў яго радах ужо больш за 150 тысяч чалавек.

У форуме прымалі ўдзел і сямейныя дынастыі Віцебшчыны, у іх ліку – сям’я Баратынскіх з Ушацкага лясгаса, агульны працоўны стаж прадстаўнікоў якой у лясной гаспадарцы складае больш за 140 гадоў. На ўшанаванні Дзмітрый Дзямідаў заўважыў, што сем’і – гэта міні-дзяржавы, і калі яны будуць моцнымі, то і краіна наша будзе моцнай і адзінай.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *