Они везут будущее: рассказываем о водителях школьных автобусов

Общество

Ушачане ва ўзросце прыгадваюць, як хадзілі ў школу пешшу за некалькі кіламетраў, вясковыя вучні 80-90-х карысталіся рэйсавымі аўтобусамі, у апошнія ж дзесяцігоддзі дзяцей прывозіць на заняткі спецыяльны транспарт. Дзякуючы рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Школьны аўтобус”, зараз па беларускіх дарогах калясяць каля 1600 ярка-жоўтых МАЗаў і ПАЗаў з надпісам “Дзеці” (11 з іх – на Ушаччыне). Штогод гэты аўтапарк папаўняюць каля 200 новых адзінак. Патрабаванні да такога транспарту – асаблівыя, як і да вадзіцеляў, што бяруць на сябе адказнасць за жыццё маленькіх пасажыраў. Напярэдадні свята мы наведаліся на аўтастаянку ўпраўлення гаспадарчага абслугоўвання раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і пагутарылі з самымі вопытнымі тутэйшымі работнікамі.

Мікалай Сцяпанавіч Буркацкі яшчэ ў савецкія часы падвозіў вясковых старшакласнікаў у вучэбна-вытворчы камбінат, а апошнія 16 год збірае дзетак са Славеняў, Слабады, Ляхаў і іншых вёсак, каб даставіць у Арэхаўскую школу. У адказнасці Пятра Пятровіча Васілеўскага – селішчанскі і ільюшынскі напрамкі, а Віктар Рыгоравіч Кулініч едзе ў Матырына і вёску Глыбачка, замяняе калег на іншых маршрутах, якіх у раёне 16. “За баранкай я 45 год: вазіў меліяратараў, дарожнікаў, але з дзецьмі, канечне, напружанне намнога большае”, – прызнаецца апошні.

Пачынаецца працоўны дзень а шостай гадзіне – перадрэйсавы кантроль праходзяць і вадзіцелі, і тэхніка, за што адказвае механік Ігар Апёнак. У сем аўтобусы з замацаванымі настаўнікамі адпраўляюцца па вёсках. “Напэўна, не ўсе дзеці раніцай у добрым настроі?” – пытаемся ў мужчын і даведваемся, што ў Матырыне, напрыклад, некалькі малышоў едуць у садок, так што бываюць і слёзкі, а ў Мосары ёсць вясёлая і актыўная дзяўчынка, якая першай прыбягае на прыпынак. “Пакуль чакаем астатніх, іншы раз кажа: “Сцяпаныч, чым дапамагчы? Можна, я падлогу ў аўтобусе падмяту?”. У мяне яна, канечне, чыстая, але як тут адмовіш і цукеркай не пачастуеш!”, – з усмешкай распавядае М.Буркацкі. “А малодшакласнік Мікіта з Касароў заўсёды дзелавіта за руку са мной вітаецца”, – далучаецца да размовы Васіль Аляксеевіч Алексяёнак, які нядаўна ўліўся ў калектыў і вельмі хутка тут адаптаваўся.

Патрабаванні да школьных аўтобусаў і іх вадзіцеляў вельмі строгія: штоквартальна – праверка ведаў па Правілах дарожнага руху, кожныя 6 месяцаў – тэхагляд, раз у год – павышэнне прафмайстэрства і перападрыхтоўка. Транспарт абсталяваны відэарэгістратарамі і мае абмежаванне хуткасці 60 км/г. А любое парушэнне па лініі ДАІ (нават калі забыў прышпіліцца на ўласным аўто) не дазволіць уладкавацца на такую работу.

У дарозе заўсёды трэба быць гатовым да сюрпрызаў. Канечне, шляхі школьных аўтобусаў расчышчаюцца ў першую чаргу, але імгненна і паўсюдна гэтага не зробіш, таму і возяць з сабой героі артыкула дзяжурны набор інструментаў: рыдлёўку і вядро гравію, сякеру і пілу. Бывае, што за ноч перагародзіць дарогу паваленае дрэва (нярэдкія, напрыклад, такія выпадкі ў Віктара Леанідавіча Жванскага, які абслугоўвае Мірны і Казімірова) ці з-за галалёду і снегу не ўздымешся на мосарскі ўзгорак, не дабярэшся ў Сорзава. У тэлефоннай кніжцы кожнага вадзіцеля кантакты камунальнікаў, дарожнікаў, лясгасаўцаў, якія заўсёды спяшаюцца на выручку. А бывае, што непрыемнасці папярэджвае шафёрскае майстэрства: напрыклад, пільнасць і хуткая рэакцыя дапамагаюць пазбегнуць сутыкнення з лясной жывёлай, якая выбягае на дарогу.

“Мы, канечне, у сэрцах дзяцей не пакідаем такі след, як настаўнікі, але вось, напрыклад, выпускніца Арэхаўскай школы Эмілія Лісічонак, якая зараз вучыцца на іканапісца, заўсёды пры сустрэчы радасна вітаецца, распытвае пра навіны – гэта вельмі прыемна. Не забываюць нас і іншыя”, – разважае М.Буркацкі.

“Калясіць даводзіцца і па рэспубліканскіх трасах: возім школьнікаў на экскурсіі, конкурсы, спаборніцтвы, – расказвае П.Васілеўскі. – За гады працы ўсю Беларусь аб’ехалі. У гэтыя выхадныя, напрыклад, павязу старшакласнікаў у Мар’іну Горку, дзе іх будуць знаёміць са службай у ваеннай часці войскаў спецыяльнага прызначэння”.

Не адпачываюць вадзіцелі і на канікулах: даводзяць тэхніку да ладу, дапамагаюць на школьных участках і ў рамонтных работах. А ўвогуле знаёмства з гэтай шафёрскай кагортай упэўніла, што бяспека нашых дзетак сапраўды ў надзейных руках.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *