Дорожники Ушачского участка ДЭУ №37: труд во благо и комфорт для водителей

Общество

На прапанову “перагледзець спісы” і вызначыць самую дастойную кандыдатуру для артыкула ў газеце начальнік Ушацкага ўчастка дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №37 Пётр Пятровіч Кляшчонак адказвае традыцыйна: “У нас няма першых і адстаючых, любімчыкаў і гультаёў. Дэвіз нашай арганізацыі – працаваць, дык працаваць”.

Так што здымак як заўсёды атрымліваецца агульны, толькі начальнік у аб’ектыў не становіцца, маўляў, зусім нядаўна на старонках газеты быў.

Сапраўды, было гэта ў канцы жніўня, падчас укладкі новага асфальтавага палатна на трасе Р-29. Пётр Пятровіч разам з усімі знаходзіўся на аб’екце, сітуацыя атрымалася не зусім традыцыйная, скажам так – рабочая, якіх шмат заўжды. Вызначаны ўчастак да мяжы гарпасёлка заклалі, а матэрыял застаўся, вось і прыняў П.Кляшчонак рашэнне, каб рэшткі сумесі ляглі па разбітай Кастрычніцкай. Як і ўсім вадзіцелям, ім таксама хочацца карыстацца выдатнымі дарогамі.

Хоць і не любяць хваліцца дарожнікі гэтага нешматколькаснага ўчастка, аднак ёсць чым. Вытворчую тэрыторыю проста не пазнаць. На месцы “канторкі”– новыя закрытыя боксы для машын. Блішчыць свежай фарбай міні-завод для вырабу саляна-пясчанай сумесі, побач арачнік для яе захоўвання ў аб’ёме тры тысячы тон. У новай “шубе” адрамантаваны адміністрацыйны будынак. Уся вялізная тэрыторыя – у новым асфальце, на ёй хапіла б месца і намнога большай за наяўную ва ўчастку тэхніцы. Але з раніцы яна наогул пусцее: з цёмным пакідаюць тэрыторыю дарожнікі. Хто, як Станіслаў Малахаў, будзе на МАЗе падвозіць пясок – зіма ж не за гарамі. Рыгор Шарамет зачапіў фразу і падаўся ў “заробкі” да калег з ДРБУ-105. А пераважная большасць накіравалася ў Полацк, дзе ім выдзелілі ўчастак вуліцы для асфальтавання, а значную частку часу займае карпатлівая ручная работа па ўкладцы бардзюраў.

Сёлетні год – як і ўсе, пераважна на абслугоўванні дарог – работа, якая не асабліва і бачна. І сярод руцінных абкосаў, высечак, ямкавых рамонтаў, “чырвонай дарожкай” выглядае новы асфальт на далецкай трасе, ды і жыхары Дубраўкі, Салаўёўкі дзякуюць за новы павільён на аўтобусным прыпынку. Калі палатно праслужыць без шчылін некалькі год, то ён будзе закрываць ад дажджу не адно дзесяцігоддзе. Так, пакрысе, паступова, больш камфортнай становіцца сетка дарог.

Вольга КАРАЛЕНКА.

На здымку: А.Шаршнёў, Р.Шарамет, А.Кавалевіч, С.Малахаў, А.Глінскі, А.Шараг.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *