Як і абяцалі, працягваем знаёміць вас з карыснай інфармацыяй ад кваліфікаваных спецыялістаў у рамках рубрыкі “Парады псіхолага”. Днямі на наш сайт у інтэрнэце прыйшло наступнае паведамленне: “Мая дачка (13 гадоў) пастаянна ўчыняе істэрыкі на прадмет абновак. А нядаўна, калі я адмовілася купляць ёй чарговы ўбор да школьнай дыскатэкі, заявіла, што я ёй сапсавала жыццё і яна мяне ненавідзіць. Як рэагаваць на такія заявы?” Каб знайсці адказ на пытанне жанчыны, звярнуліся да педагога-псіхолага Ушацкай школы В.Д.СІДАРЧУК.
Паспрабуйце спакойна дамовіцца са сваёй дачкой, склаўшы разам своеасаблівую дэкларацыю: напрыклад, адзенне купляецца раз у два месяцы. Не забудзьце ўлічыць пэўную паслядоўнасць куплі адзення для ўсіх членаў сям’і – трэба прадухіляць эгаізм дачкі, яна павінна разумець, што кожны хоча быць прыгожым і модным. У сяброўскай абстаноўцы знайдзіце прымальны для ўсіх кампраміс, запішыце прыдуманыя “правілы” на ліст паперы і павесьце на бачнае месца ў доме. У наступны раз, калі дачка папракне вас адсутнасцю абновак, нагадайце, што гэтае пытанне вы ўжо абмяркоўвалі разам з ёй.
Іншы прыём – пазнаёміць дачку з фінансавым становішчам у вашай сям’і. Атрымаўшы зарплату, пры дзіцяці раскладзіце грошы па кучках, вызначыўшы мэту, на якую гэтыя сродкі будуць патрачаны: гэта – на харчаванне, тут – на праезд і камунальныя паслугі, а вось гэта – на адзенне для ўсёй сям’і.
Можна паспрабаваць “дастукацца” да дачкі і прыведзеным прыкладам знакамітых дызайнераў, якія пачыналі з сумачак і караляў, зробленых сваімі рукамі.
Усё гэта агульныя рэкамендацыі. Для больш сур’ёзнага падыходу да праблемы трэба шукаць індывідуальныя шляхі яе вырашэння. Улічваючы асаблівасці характару дзіцяці, узаемаадносіны ў сям’і і многае іншае, неабходна правільна выбраць меры ўздзеяння на свайго нашчадка: некаму хопіць і гутаркі, на іншага можа аказаць уплыў пачуццё віны і г.д. Выпрацаваць індывідуальны падыход вам дапамогуць кваліфікаваныя спецыялісты. За кансультацыяй можна звяртацца да школьных педагогаў-псіхолагаў. Калі вам здаецца, што сітуацыя выйшла з-пад кантролю і вы не здольны вырашыць праблему самастойна, тэлефануйце на нумар 2-10-44 (педагог-псіхолаг Ушацкай ДАСШ). Зрабіць гэта можна не толькі па буднях, але і ў суботу – так званы “бацькоўскі дзень”.
Падрыхтавала
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.