Дзецям бывае няпроста дагадзіць у плане меню. І гэта прыкмета не толькі цяперашняга часу. Кожны школьнік 70-х ведаў апавяданне “Таварыства чыстых талерак”, у якім мудры дзядуля Ленін, каб заахвоціць малышоў даядаць абеды, прыдумаў прывабную арганізацыю, куды прымаў толькі тых, хто прад’явіць пусты посуд. Цікава, што гэта не творчая фантазія пісьменніка: прыгаданае таварыства сапраўды існавала. І іншы раз здаецца, што няблага было б аднавіць яго ва Ушачах – у моманты, калі работнікі школьных сталовых пасля некаторых абедаў убіраюць недаедзеныя порцыі…
Спачываць на лаўрах нельга
Зрэшты, прадпрымаюць у нас і больш рэалістычныя меры: у Беларусі рэалізуецца пілотны праект па ўдасканаленні школьнага харчавання. У пачатку мінулага навучальнага года да яго далучыліся і школы Ушацкага раёна. Праекту далі станоўчую ацэнку – і з сёлетняга 1 верасня па ім працуюць усе ўстановы краіны.
Так, пазітыўныя зрухі ёсць – мы падрабязна аналізавалі іх у газеце год таму: прыводзілі назвы амаль рэстараннага меню і сярэднюю лічбу пасляабедзенных адходаў, якая зменшылася з 35-30 да 20 працэнтаў. Захоўваецца гэты паказчык на прыгаданай мяжы і сёлета, аднак спачываць на лаўрах у такой справе нельга, таму спецыялісты аддзела па адукацыі, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Ушацкага раёна і школьныя повары працягваюць шчыраваць над рашэннем галаваломкі, як дагадзіць дзецям і пры гэтым захаваць нормы карыснага харчавання.
Працэнт адходаў у вясковых школах на парадак ніжэйшы, чым ва Ушацкай, пры гэтым спецыялісты Цэнтра сведчаць, што майстэрства повараў і якасць страў ва ўстановах практычна не адрозніваюцца, таму галоўная прычына разбежкі ў тым, што дзеці ў райцэнтры больш пераборлівыя.
– Работу вядзём каласальную. Наведваем семінары, знаёмімся з перадавым вопытам, – расказвае дырэктар цэнтра Таццяна Глінская. – Пабывалі, напрыклад, у Гродне, дзе школьныя сталовыя арганізаваны па прынцыпе самаабслугоўвання. Выглядае гэта прывабна, аднак для нашых рэалій пакуль наўрад ці прымяніма – хаця б таму, што не хопіць наяўнай плошчы сталовых. Што да сёлетняга меню, то пакінуўшы адобраныя дзецьмі леташнія стравы, дапаўняем яго шэрагам навінак. Праўда, не заўсёды тое, што даспадобы іншым вучням, прымаюць ва Ушачах. Так, правараную сумесь з агародніны, якую любяць віцябчане, нашым дзецям можна нават не прапаноўваць: напэўна, мода на здаровае харчаванне, што ўкаранілася ў многіх гарадскіх сем’ях, да нас яшчэ не дайшла. Спрабавалі мы, напрыклад, гатаваць “рызота” (рыс з агароднінай і соусам) – ушачане італьянскую класіку не зразумелі. А вось страва “Аранжавая раніца”, дзе ў той жа рыс дадаецца курага, у цэлым спадабалася. Іншы раз па-рознаму ўспрымаюць навінкі нават у школах раёна: у вясковых “прывезеная” намі з чарговага абласнога семінара бульбяная запяканка зайшла “на ўра”, тады як ва Ушацкай частка вучняў аднеслася да навінкі насцярожана. Бывае так, што страва, якую прыгатавалі ўпершыню, дзецям спадабалася, але літаральна праз два-тры разы аказваецца, што яна “прыелася”. Таму скрупулёзна вывучаем прыхільнасці. З пачатку года завялі ў школах журналы запатрабаванасці страў, дзе штодня робяцца пазнакі. Пасля кожных двух тыдняў аналізуем іх і карэкціруем меню, прычым, не толькі па стравах, а і па прыёмах ежы. Напрыклад, дзеці ў групе падоўжанага дня ў час сняданку яшчэ не галодныя: ахвотна ядуць ёгурты, а вось пельмені ці амлет застаюцца амаль некранутымі – таму перамясцілі іх адпаведна на абед і падвячорак.
– Галоўная наша праблема – рыбныя стравы, – далучаецца да размовы інжынер-тэхнолаг Цэнтра Анастасія Шунто. – Ужо што толькі ні прыдумваем, каб папоўніць дзіцячыя арганізмы фосфарам – запечанае філе з сырам, катлета “Залатая рыбка”, калабкі, біточкі з цыбуляй і морквай – усё роўна суцэльна чыстых талерак дасягнуць пакуль не ўдаецца. Але здавацца мы, канечне, не збіраемся.
Двухбаковыя “перамовы”
Як бачна, нашы спецыялісты вельмі стараюцца, і мы вырашылі ім крыху дапамагчы. Разам з удзельнікамі творчага аб’яднання “Клуб юных рэпарцёраў” наведаліся ў сталовыя Ушацкай і Арэхаўскай школ, каб пагутарыць з поварамі, раскрыць сакрэты кухні і пераменлівага густу вучняў.
А найперш дзеці склалі рэйтынг сваіх любімых страў. У абедзвюх школах ён амаль аднолькавы і выглядае так: курыныя нагетсы і катлеты, пельмені, макароны з сырам (вось каб яшчэ ў іх кетчупу дадаць!), шашлычок, салаты “Цар Гарох” (аналаг аліўе) і “Кураня” (птушынае мяса, сыр, яйкі і смятана, а для старэйшых класаў – маянэз без воцату). Арэхаўскія ж вучні ўключылі ў спіс і боршч, што не можа не радаваць.
У сваю чаргу повары расказалі пра сёлетнія навінкі – ад адных іх назваў апетыт прачынаецца: катлеты “Віраж” і “Міраж”, салаты “Зарніца” і “Белка”, запечаная “Антошкіна бульбачка”, булачка “Мармеладка”…
Ды ўсё ж у адказ на пытанне, што яшчэ дадаць у меню, дзеці бойка пералічылі ўсемагчымы фастфуд: піцу, шаурму і бургер з чыпсамі…
Да рацыёну школьнікаў ёсць шмат патрабаванняў, сярод якіх – мінімум солі і спецый, забарона смажанага. Існуюць і фінансавыя нормы. Да прыкладу, трохразовае дзённае харчаванне дзяцей з групы падоўжанага дня павінна ўкласціся ў межы 4.58 рубля, пры гэтым адвячорак каштуе ўсяго 69 капеек. Напрыклад, порцыя каўрыжкі па-дамашняму, якую ў дзень нашага візіту збіраліся выпякаць ва Ушацкай школе, павінна была абысціся ўсяго ў 20 капеек: ацаніце майстэрства повараў і тэхнолагаў з улікам таго, што дзеці гэты выраб вельмі любяць.
Апетыт – справа агульная!
Так, амаль у кожнага дзіцяці ёсць стравы, якія ну зусім не даспадобы. Менавіта таму “пакінула чат” карыснае рагу з агародніны. Але бывае, што дзеці проста капрызнічаюць ці паддаюцца стыхійнаму меркаванню – “неяк выглядае не вельмі”, “сябру не спадабалася, і я не буду гэта есці”. У такіх выпадках сваё слова могуць сказаць настаўнікі, бацькі. Мама адной пяцікласніцы распавядала, што дачку спачатку не ўразіла новая салата з кукурузай, але калі настаўніца, убачыўшы некранутую порцыю, прапанавала ёй з’есці хаця б адну лыжачку, паслухмяная дзяўчынка паспытала страву – яна аказалася смачнай. Ці яшчэ адна сітуацыя: да пачатку праекта, калі рыбу падавалі не ў выглядзе філе, школьніца прызналася дома, што не есць яе, бо баіцца ўкалоцца косткай. Мама спецыяльна прыгатавала мінтай і паказала, як лёгка выцягнуць хрыбцінку. Харчаванне дзяцей – справа агульная. І толькі калі аб’яднаюцца намаганні ўсіх зацікаўленых бакоў, талеркі на школьных сталах будуць чыстымі.
Сёлета ў школах раёна ўведзены факультатыўныя заняткі для пачаткоўцаў і вучняў 5-7 класаў “Па прыступках правілаў здаровага харчавання”.
Шчырая размова з людзьмі, якія іх кормяць, юных рэпарцёраў уразіла, сведчаннем чаму – гэты водгук:
“Нашы повары – вельмі добрыя і старанныя, адразу бачна, што яны любяць сваю прафесію. Мы, напрыклад, не ведалі пра тое, што калі ў меню стравы з бульбы, яны прыходзяць на работу раней, каб паспець яе пачысціць. А яшчэ сумна было пачуць, як яны засмучаюцца, калі дзеці не ядуць тое, у што ўкладзена столькі старанняў. Пасля размовы нам стала няёмка, і мы цяпер стараемся даядаць нават тое, што не надта любім”.
Матэрыял падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ
пры ўдзеле членаў “Клуба юных рэпарцёраў”
Уладзіслава АЎТУХА, Сцяпана ВЕРХАЛАЗАВА (Арэхаўская СШ), Ксеніі ДУКМАСАВАЙ,
Златы КЛІМАШЭЎСКАЙ, Арцёма РЭВЕНКІ, Яны САКАЛОВАЙ (Ушацкая СШ).