Осенние заботы: секреты урожая от опытных хозяев

Калейдоскоп

Восенню, нават такой позняй, работы на сядзібах хапае. Прычым, гэта, як правіла, задзел наступнага добрага ўраджаю, чаго б ён ні датычыўся. Вось мы і папрасілі нашых вопытных гаспадароў падзяліцца некаторымі сакрэтамі.

Буяюць хрызантэмы

Надзея ГУБКО, кветкавод, на ўчастку якой дзясяткі розных відаў раслін і шмат гатункаў толькі хрызантэм:

– Увесь “матачнік” – кусты з рознымі сартамі я ўжо перасадзіла ў парнік. Раблю гэта для лепшай перазімоўкі. Яшчэ колькі часу яны будуць цвісці, а потым абразаю і ўкрываю двайным спанбондам. Гэтыя кусты вясной раздзяляю. Дарэчы, хрызантэмы не любяць цеснаты, таму іх варта перыядычна рассаджваць. Ну а частка раслін застаецца на градках. Іх таксама абразаю, стаўлю над імі пластыкавыя скрыні, якія зверху закрываю цэлафанам – гэтая кветка не выносіць пераўвільгатнення і прэння. Астатняе зробіць снег. Абавязкова трэба выносіць у цяпліцу або склеп больш цеплалюбівыя хрызантэмы “мульціфлоры”.

Займаюся і пасынкаваннем, што ў сваю чаргу абнаўляе гатунковыя якасці і дазваляе хутка стварыць плантацыі хрызантэм. Зараз з верхняй часткі галінак абразаем кветкі, бяром сантыметраў 5-8, ніжні край апрацоўваем карнявінам і ставім у зямлю пад пластыкавыя бутэлькі ці ў невялікія слоічкі ў доме. Такім жа чынам пасынкую восенню ружы, яны якраз абразаюцца і можна начаранкаваць шмат галінак на 4 пупышкі. У зямлю яны апускаюцца пад вуглом 45 градусаў, пад такім жа робіцца і ніжні зрэз. Пад пяцілітровымі пластыкавымі слоікамі пакідаю іх прама на градках, аднак абавязковая ўмова, каб на іх не траплялі прамыя сонечныя промні, таму трэба зацяніць. Калі вядома, што хутка наступяць маразы, лепш высадзіць у парніку.


Каб выйшлі моцнымі ў вясну

Пчаляр Віктар СТУКАН, в.Дарошкавічы:

– Першае, што трэба зрабіць восенню, гэта апрацаваць вуллі ад кляшчу, я раблю гэта біпінам пры тэмпературы паветра не ніжэй 10 градусаў цяпла, хаця некаторыя чакаюць больш нізкіх тэмператур. Па-другое, правяраем запас корму на зіму. Сёлета нехарактэрны і складаны год, ва ўсялякім выпадку на такіх угоддзях, як у мяне, дзе няма культурных плантацый меданосу, а толькі дзікае разнатраўе. Апошнюю партыю мёду я забраў 2 жніўня, калі летась – у канцы месяца, пакінуўшы патрэбныя 7 кілаграмаў на сям’ю. З гэтага часу пчолы лётаюць, нектару не носяць і ўжо з’елі ўсе запасы. Давялося падсілкаваць іх, патраціўшы на гэтая мэты 270 кілаграмаў цукру – па 14 літраў сіропу на сям’ю. На зіму абавязкова буду падкладаць яшчэ мёд – у цэлафанавых пакетах з дробнымі адтулінамі кладу зверху на рамкі.

Не трэба пакідаць шмат пяргі – яна спатрэбіцца вясной, але робіць больш цяжкай зімоўку. Што датычыцца ўкрыцця, то на такі час, ды і ў лёгкую зіму дастаткова зверху палатна. Некаторыя пчаляры закрываюць слоем цэлафану, абгрунтоўваючы гэта тым, што кандэнсат, які ўтворыцца, патрэбны пчолкам. Наконт такога спосабу ідуць спрэчкі, асабіста я не прыхільнік, паколькі лічу, што вулей павінен дыхаць. Таму і палатно кладу чыстае, а не ў суцэльным праполісе. Калі моцна пахаладае – уцяпляю дадаткова, але не занадта.
І нарэшце, неабходна паклапаціцца пра спакой і захаванасць пчол – прыкрыць ляткі, пакінуўшы адтуліны, а таксама нацягнуць над домікамі сетку або перанесці іх у памяшканне, каб сінічкі ці зялёны дзяцел не стукалі па даху, не выманьвалі і не паядалі пчолак.


Зімні часнок

На ўчастку Генадзя і Ларысы КАРЭЙША заўсёды многа месца адводзіцца часнаку і ён у іх добра родзіць.

Сакрэтаў удалага ўраджаю нямнога. У глебу ўнесена багата гною і торфу, можна далучыць сульфат амонію. Пасля пасадкі градка мульчыруецца слоем саломы. Гаспадары такім чынам страхуюцца ад пустазелля, а ў моцныя маразы і ад вымярзання, а яшчэ градка дыхае, салома прапускае і ўтрымлівае вільгаць. Калі па вясне праклюнуцца і адрастуць “стрэлкі”, часнок паліваецца растворам нашатырнага спірту (дадаецца азот). Калі не лянуецеся, то ў працэсе фарміравання галовак можна паліць і дражджавым растворам. Пасля ўборкі салома заворваецца і тым самым рыхліць глебу.

Падрыхтавала Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *