Складана вылучыць самую прыцягальную пляцоўку на выставах дасягненняў Ушаччыны падчас урачыстасцяў. А вось самую брэндавую – лёгка. Гэта лідарства бясспрэчна будзе за Ушацкай бібліятэкай. Паколькі і на свяце “Прарыў Перамогі”, і на “Славянскім базары” яна ярка вылучалася рэчамі з мясцовымі славутасцямі.
Падчас святкавання 80-годдзя прарыву блакады ля іх столікаў стаяла чарга. Літаральна ўсю самаробную прадукцыю раскупілі ў першы дзень абласнога свята, і мастак-
афарміцель Валерыя Касцючэнка (на здымку) да ночы затрымлівалася на рабоце, каб падрыхтаваць тавар і на закрыццё. Госці набывалі і футболкі, і кружкі, і магніты – усё, што прапаноўвалі бібліятэкары. Бо былі на гэтых рэчах не надпісы-забаўлялкі, якіх дастаткова ў кожнай краме, а краявіды Ушаччыны, выявы і цытаты яе знакамітых землякоў.
– Каму ж, калі не нам, прапагандаваць літаратурную спадчыну, – гаворыць дырэктар Ушацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пятроўна Дубко. – Таму і набылі спецыяльнае абсталяванне для друкавання па фарфоры і тканіне. Першыя ж мерапрыемствы паказалі выйгрыш менавіта мясцовага матэрыялу. Маючы такіх масцітых пісьменнікаў, мы праз Ушаччыну славім і ўсю Беларусь, а брэндавыя сувеніры прадстаўляем на рэалізацыю ў розныя кропкі раёна з масавым наведваннем людзей. Ёсць яны ў музеі народнай славы і на фізкультурным комплексе, бяром з сабой на выязныя мерапрыемствы. Попытам карысталіся і на “Славянскім базары” ў Віцебску. У гэтых сувенірах, дарэчы, скрытая матывацыя. Прачытаўшы нейкі невядомы выраз Барадуліна ці Броўкі, абавязкова захочацца адшукаць увесь верш, а за ім і іншыя творы ўшацкіх літаратараў.
У праўдзівасці гэтых слоў пераканалася на сабе. Цытата “Вочы маюць сляпыя, Вушы маюць глухія, І бязмозглыя не без ілбоў. Настальгія па настальгіі – Гэта й ёсць Да Радзімы любоў” прымусіла перачытаць увесь верш дзядзькі Рыгора “Евангелле ад мамы”. А задача Валерыі – адшукаць сярод вялікай творчай спадчыны землякоў менавіта такія, кранаючыя цытаты, зрабіць малюнак, які б лёг на душу.
Сярод самых папулярных тавараў – майкі з калажом, на якім прадстаўлены ўсе славутасці Ушаччыны, а таксама кружкі з выявай гарпасёлка зверху. Тавары з беларускімі васількамі, зубрамі, бірулькі з народнымі рэцэптамі страў, бутаньеркі, блакноты. Дарэчы, з прыходам ва ўстанову Валерыі, апошнія атрымалі яшчэ і аўтарскі ручны пераплёт. У творчай рабоце дапамагае вопыт працы ў Доме рамёстваў, ды і хобі Леры. Мы расказвалі на старонках газеты пра яе мастацкі талент, а камп’ютарнымі праграмамі накшталт фоташопу яна авалодала намнога раней, для сябе. Так што асвоіцца ў новай галіне было нескладана.
– Сапсавала я толькі адну кружку, ну а тэмпературны спектр доўга даводзіла – ад гэтага залежыць насычанасць і адценне малюнка, – расказвае Лера. – Выконваем і індывідуальныя заказы, калі чалавек паказвае фота, а ты “майструеш” падобнае. І калектыўныя, але таксама ўнікальныя, так, да велапрабегу футболкі заказвала раённая арганізацыя БСЖ, а зараз падарунак для сваіх маладых спецыялістаў рыхтуе бальніца.
Як ні дзіўна, але каб патанніць тавар, Лера сама падказвае заказчыкам, дзе можна набыць спецыяльныя майкі оптам або адшукаць рэдкі памер. Такім чынам бібліятэка толькі аказвае паслугу. Сярод іх па-ранейшаму ксеракопіі, раздрукоўка фотаздымкаў і ламініраванне. Каб задавольваць усе капрызы кліентаў, даводзіцца нават мовы вучыць. Англійскую, дарэчы, Валерыя ведае няблага, а цяпер ужо “разумее” і сірыйскую – ва ўсялякім выпадку дакументы наведвальніку з гэтай краіны рабіла неаднойчы.
Вольга Караленка.