На пытанне, хто галоўны ў сям’і, Віктар Іванавіч і Зоя Сямёнаўна Рабаконевы ў адзін голас не раздумваючы адказваюць: “Абое!”. 50 гадоў пражылі муж і жонка душа ў душу, дзелячы на дваіх радасныя і сумныя імгненні. А на мінулым тыдні нібы вярнуліся на паўстагоддзя назад і зноў згулялі вяселле. Незвычайнае мерапрыемства адбылося ў аддзеле загса: на Тыдні бацькоўскай любові ўшаноўвалі не толькі гэтую пажылую пару, а і зусім маладую – Яўген і Анастасія Мягель адзначылі 5 гадоў сумеснага жыцця.
У пачатку 70-х малады хлопец Віктар з Варонежскай вобласці трапіў на службу ў полацкую ваенную часць, а прыгажуня Зоя працавала на “Шкловалакне”. “Аднойчы атрымаў звальненне і пайшоў на танцы, дзе і пазнаёміўся са сваёй палавінкай. Яна дачакалася мяне з арміі, а я з-за яе назаўсёды застаўся ў Беларусі”, – прыгадаў Віктар Іванавіч. “Сямейны саюз павінен будавацца на даверы, уменні саступаць адзін аднаму, знаходзіць кампрамісы ў спрэчных сітуацыях. А яшчэ хачу параіць маладым парам быць цярплівымі, у сям’і сапраўды галоўныя – двое”, – дадала Зоя Сямёнаўна.
Рэгістрацыя іх шлюбу адбылася ў чэрвені 1974 года ў Жарскім сельскім савеце. Тады ўсё было па-іншаму: без вальсаў, яркіх кветак, вялікай колькасці гасцей. Але, як зазначаюць юбіляры, не гэта галоўнае, а тое, што і за паўстагоддзя збераглі свае пачуцці, павагу, клопат адзін пра аднаго. Выгадавалі траіх дзяцей, якія ўжо самі сталі бацькамі. Дарэчы, пасля вяселля так і засталіся на Ушаччыне, спачатку жылі ў бацькоў, а пазней у Жарах абжывалі свой вугал. У мясцовай гаспадарцы Зоя Сямёнаўна працавала даяркай, а Віктар Іванавіч – трактарыстам.
Працавітыя, добразычлівыя, мудрыя – так адгукаюцца пра гэтых людзей аднавяскоўцы, а старэйшына вёскі Жары Т.І.Макрыдзіна і старшыня Жарскага сельвыканкама С.Ц.Міхейка нават адклалі свае справы і з радасцю завіталі на ўрачыстасць, каб павіншаваць юбіляраў.
“Паўстагоддзя прайшло з таго моманту, як уручылі вам першы сямейны дакумент. Вашы пачуцці вытрымалі выпрабаванне часам, але папера на пасведчанні аб заключэнні шлюбу ўжо “знасілася”, а таму сёння ўручаю вам новае – юбілейнае і хачу, каб маладыя пары з вас бралі прыклад”, – зазначыла начальнік аддзела загса А.Я.Стукалава.
“І мы гэтак жа пастараемся пранесці пачуцці праз усё жыццё і зберагчы сямейны ачаг”, – казалі Яўген і Анастасія Мягель, якія спраўляюць драўлянае вяселле. У пары падрастае маленькі сыночак, а самі маладыя людзі працуюць у раённым цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна.
Абедзьве пары прымалі віншаванні і падарункі ад грамадскіх аб’яднанняў – раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын і райкама БРСМ. Іх лідары Д.М.Садоўская і Р.У.Хрыпель жадалі гармоніі і дабрабыту. А шчымлівасці і ўзнёсласці мерапрыемству дадалі каравай са свечкамі, вальс і крыкі “Горка!”. А ў сямейных альбомах гэтых прыгожых пар з’явяцца яшчэ адны вясельныя здымкі!
Вольга КАМАРКОВА.