У гэтыя выхадныя наш новы інтэрнат для спартсменаў прыняў першых кліентаў: у камфортныя нумары засяліліся баскетбалісты, што прыехалі на турнір Беларускай ветэранскай лігі, а ў кафэ абеды дэгуставалі работнікі “Нафтана”, якія праводзілі на базе “Юнацтва-Ушачы” спартыўнае сямейнае свята. А яшчэ для ўсіх жадаючых адчыніў свае дзверы цір: тут прэзентавалі новы для нашага раёна від спорту – прыкладную (практычную) стральбу. Натуральна, што на дэбютны занятак паспяшаліся і мы.
“Гэта для Ушач ён новы, а ў тым жа Віцебску ўжо вельмі папулярны: ладзяцца нават міжнародныя спаборніцтвы”, – патлумачыў нам дырэктар Ушацкай спартшколы Сяргей Кіслы. Як і належыць кіраўніку (а новы аб’ект паступіў на баланс навучальнай установы), ён у ліку першых набыў білет на стралковую сесію.
“У Віцебшчыны ёсць усе шансы стаць сталіцай гэтага захапляльнага віду спорту ў нашай краіне”, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін на матчы па практычнай стральбе з удзелам беларускіх і расійскіх спартсменаў, які праходзіў у абласным цэнтры. З адкрыццём ушацкага ціра магчымасці рэгіёну ў гэтым плане стануць яшчэ большымі.
“Прынцыповае адрозненне гэтага віду ад класічнай кулявой стральбы ў тым, што мішэні трэба паражаць не ў павольнай абстаноўцы са статычнага становішча, а максімальна хутка і з перамяшчэннямі. Такім чынам заняткі мадэліруюць рэальнае прымяненне зброі”, – патлумачыла нам інструктар Дар’я Мацвеенка. Каб выконваць гэтыя функцыі, малады спецыяліст Ушацкай СДЮШАР, кандыдат у майстры спорту па кулявой стральбе прайшла спецыяльнае навучанне ў віцебскім клубе “Фора”.
Прынамсі, многія з удзельнікаў першай трэніроўкі з асновамі практычнай стральбы ўжо былі знаёмыя. Трапна паражалі мішэні Павел і Пётр Ціханёнкі. Зазірнулі ў цір і ўдзельнікі прыгаданага вышэй карпаратыўнага свята. “Убачылі аб’яву і паспяшаліся далучыцца! Вельмі любім ушацкі комплекс і рады, што ён яшчэ больш развіваецца і пашырае паслугі”, – падзяліўся з намі спецыяліст па рабоце з моладдзю ААТ “Нафтан” Святаслаў Сушыцкі. А былы пагранічнік Максім Гусянок (фактычна, наш зямляк, бо яго тата родам з Сарочына) падкрэсліў, што лічыць заняткі практычнай стральбой карысным навыкам – у тым ліку і для юнага пакалення. Дарэчы, асвойваць гэтае практыкаванне цяпер змогуць старшакласнікі з патрыятычнага клуба “Прарыў”.
Выказаную вышэй выснову праілюстраваў Генадзь Махвяеня, які прыйшоў у цір з сынам-школьнікам. Дарэчы, гэтае імя добра знаёмае тым, хто цікавіцца цяжкай атлетыкай: майстар спорту міжнароднага класа неаднаразова ўзнімаўся на п’едэстал чэмпіянатаў Еўропы. Генадзь аказаўся чалавекам добразычлівым і ахвотна падзяліўся з намі ўспамінамі пра зорны час: узгадаў, што ў 2010 годзе ўзначальваў сусветны рэйтынг сярод штангістаў вагавой катэгорыі да 62 кілаграмаў (узняў у двухбор’і 317 кг!) і ехаў на Алімпіяду ў Пекіне ў рангу фаварыта. На жаль, цалкам раскрыць патэнцыял перашкодзіла сур’ёзная траўма, з-за якой давялося завяршыць кар’еру. Аднак са спортам ён не развітаўся: у якасці інструктара прыцягвае да актыўных заняткаў сваіх землякоў.
А ці зможа асвоіць прыкладную стральбу навічок? Высвятляла гэта на ўласным прыкладзе. З вінтоўкі ўсе школьнікі савецкага пакалення стралялі на ўроках пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, а вось пнеўматычны пісталет узяла ў рукі ўпершыню. Некалькі тлумачэнняў інструктара аб тым, як правільна трымаць зброю і якое палажэнне надаць целу – і пачынаю серыю выстралаў. Праводзіць іх трэба па электронных мішэнях, якія запальваюцца ў адвольным рэжыме і пры дакладным стрэле мяняюць зялёнае святло на чырвонае. Першая спроба абнадзеіла: трапляць у “яблычак” не перашкаджаюць нават акуляры (дарэчы, гэта абавязковы атрыбут, а тым, хто не носіць уласныя, выдаюць ахоўныя). Адным словам, спадабалася: абавязкова прыйду яшчэ і сябровак прывяду.
Пакуль што заняткі па практычнай стральбе будуць праходзіць з пісталетамі, але ў самым хуткім часе арсенал папоўняць і пнеўматычныя аўтаматы. Як паведамілі нам у РФСК, пасля вывучэння попыту зацвердзяць расклад для жадаючых іх наведваць. Абмежаванні будуць толькі па мінімальным узросце, а для тых, хто захоча хадзіць у цір пастаянна, увядуць абанементы. Сачыце за рэкламай!
Наталля БАГДАНОВІЧ.