Сергей Мелешкин провёл приём граждан в Ушачском районе

Общество

Чарговы візіт у наш раён для члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутата Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Ушацкай выбарчай акрузе №51 С.М.Мялешкіна традыцыйна выдаўся насычаным. І хаця аўдыторыі, з якімі сустракаўся, ды тэмы, якія абмяркоўваўліся, былі розныя, дыялог з насельніцтвам атрымаўся цікавым і канструктыўным.

Падчас прыёму грамадзян у Вяркудскім сельвыканкаме Сяргею Мікалаевічу паступіла некалькі зваротаў. Набалелым падзяліліся жыхаркі райцэнтра: адкрытая ў будынку былога прамкамбіната рытуальная зала стварае для іх сям’і нязручнасці – бачыць з вокнаў свайго дома жалобныя цырымоніі не надта хочацца. Жанчынам, якія ўжо звярталіся з гэтым пытаннем у райвыканкам, нагадалі, што абсталяванне названай кропкі не супярэчыць заканадаўству, ды і яе паслугамі ўшачане карыстаюцца не так часта – наўрад ці яе наяўнасць можна назваць сур’ёзнай праблемай. Тым больш можна прадугледзець устаноўку ў двары шчыльнай агароджы.

Жыхары вуліцы Школьнай у Вяркудах таксама скардзіліся на непажаданае суседства – адзін з будынкаў доўгі час застаецца напалову разабраным. Сенатар узяў пытанне на кантроль, паабяцаў у бліжэйшы час накіраваць на месца спецыялістаў МНС для вывучэння магчымасці поўнай ліквідацыі будынка.

Падчас сустрэчы вяскоўцы дзякавалі выратавальнікам за годную работу ў барацьбе з баршчэўнікам. Яго на тэрыторыі сельсавета стала значна менш. Адзінае, унёс прапанову прысутны мужчына, можна было б не атруту прымяняць, а пераворваць засмечаныя землі. Але гэта, як падкрэсліў С.М.Мялешкін, праблематычна: патрабуецца спецтэхніка, ды нават пры яе наяўнасці ўсюды даехаць немагчыма. “Неабходна сістэматычная апрацоўка такім метадам, а ў гаспадарках, як мы ўсе разумеем, іншых клопатаў хапае”, – пацвердзіла словы дэпутата старшыня Вяркудскага сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак.

Ва Ушацкай СШ С.М.Мялешкін сустрэўся з вучнямі 9-10 класаў. У Дзень бацькі сімвалічна гаварылі пра сямейны ўклад, ролю мужчыны ў выхаванні нашчадкаў. Дарэчы, для многіх стала адкрыццём, што Сяргей Мікалаевіч – тата чацвярых дзяцей ва ўзросце ад 4 да 22 гадоў. Не хаваў ён і іншых аспектаў уласнага жыцця. Падзяліўся, што за час службы ў органах МНС давялося пабываць на пажарах ажно з 76 загінуўшымі непаўналетнімі. Убачанае і погляды на жыццё змяніла, і ад курэння, якое часта да дабра не даводзіць, адмовіцца прымусіла (а шкодную звычку Сяргей Мікалаевіч меў 13 гадоў). “Вучыцеся правільна расстаўляць жыццёвыя прыярытэты, – параіў ён юнакам і дзяўчатам. – Больш чытайце, займайцеся спортам, будзьце для блізкіх гонарам”. Нагадаў госць сустрэчы і аб правілах бяспекі ў быце, на вадзе – зрэшты, канкрэтныя прыклады з яго службовай практыкі адназначна кранулі падлеткаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *