Як вы скарысталіся сродкамі, што былі выдзелены непрацуючым пенсіянерам, бюджэтнікам на працягу верасня? Такое пытанне мы задавалі розным ушачанам, а сэнс усіх адказаў зыходзіўся ў адным: падтрымка аказалася вельмі дарэчы.
Леанід Аляксандравіч Власенка, пенсіянер:
– Грошы мы з жонкай скарысталі па прамым прызначэнні: набылі шэсць мяхоў бульбы на кірмашы ва Ушачах. Маленькі агародзік трымаем, таму морква і сталовыя буракі ёсць свае, а вось бульбу набываем не першы год і сабе, і сыну, які жыве “з асфальту”, таму літаральна ўсё купляе. Што і казаць, дапамога аказалася вельмі дарэчы, ды і атрымалі яе непасрэдна перад кірмашом.
Галіна Паўлаўна Іванковіч, прыбіральшчыца Глыбачанскай школы:
– Мы на вёсцы трымаем немалы агарод, таму і бульба, і ўся агародніна, і нават зерневыя – свае. Не лянуемся, таму і корміць агарод, хапае і сабе, і на пракорм хатняй жывёлы, якую трымаем. Вось і кармавая бульба засталася, якой традыцыйна кормім свіней. Я не першы год купляю парсючка на зіму, якога і набыла за атрыманыя грошы. Падаражэла ж не толькі мяса, але і маладняк, так што амаль уся сума – 450 тысяч — пайшла на новага гадаванца. Так жа зрасходавала грошы і мая калега Валянціна Васільеўна Каваленка.
Жанна Леанідаўна Каваленка, натарыус:
– На гэтыя грошы набыла зерневыя. Я хоць і жыву ў кватэры, але разам з маці трымаем гаспадарку, а ад вырошчвання каласавых на сваіх участках адмовіліся. Пераканаліся, што намнога прасцей набыць гатовае зерне, чым расціць і ўбіраць. На кірмашы ж, дзякуй нашым гаспадаркам, і кошт быў зніжаны. “Дземенец”, напрыклад, трыцікале прадаваў па 900 рублёў, што танней, чым на рынку, і нават ніжэй за кошт, па якім гаспадарка адпускае зерне ў звычайныя дні. Невыпадкова, што гэтая прадукцыя так карысталася попытам. Дзякуй гаспадарцы і, канечне, дзяржаве.
Таіса Уладзіміраўна Салодкіна, работнік гаспадарчай групы раённага аддзела адукацыі:
— Гэтыя грошы я пусціла не па прамым прызначэнні, бо, дзякуй Богу, сёлета ўсё ўрадзіла на ўласным участку. Аднак не перадаць, як аказалася дарэчы гэтая падтрымка. У верасні адправіла на вучобу старэйшую дачку, якая вучыцца ў Мінску і, на жаль, не мае інтэрната, сабрала яе, а таксама малодшую старшакласніцу да школы, складана гэта рабіць, калі выхоўваеш дзяцей на адну зарплату. Таму гэта сума пайшла на падтрымку студэнткі.