«Прямая линия» с начальником отдела по образованию Ушачского райисполкома: ответы на вопросы о школьных буднях

Образование и молодежь

Здаецца, толькі што гучалі на лінейках першыя званкі, а ўжо набліжаецца да фінішу стартавая чвэрць. І ёсць што абмеркаваць з начальнікам аддзела па адукацыі Людмілай Васільеўнай Давыдавай, якая завітала ў рэдакцыю на “прамую лінію”. Прывядзём яе адказы на пытанні чытачоў.

– Якія профільныя класы працуюць сёлета ў раёне?

– Профільнай адукацыяй у нас ахоплена каля паловы вучняў старэйшых класаў. Для 10-класнікаў Вялікадолецкай і Глыбачанскай школ сёлета адкрыты класы, а ва Ушацкай – група педагагічнага профілю, у апошняй установе і Арэхаўскай СШ такое навучанне прадаўжаюць 11-класнікі. Што датычыцца аграрнага профілю, то сёлета пачала заняткі група ва Ушацкай (10 клас), працягваюць іх 11-класнікі ў райцэнтры і Вялікіх Дольцах. Варта зазначыць, што з 6 сёлетніх выпускнікоў, якія паступілі на педагагічныя спецыяльнасці, 3 вучыліся па профілі. Заняткі на аграрным паспрыялі таму, што дзеці паспяхова здавалі хімію і біялогію. Аднак у гэтым плане хацелася б большага плёну. На адной з сёлетніх нарад Прэзідэнт нашай краіны прыводзіў факты, што па школьным профілі паступаюць менш 30 працэнтаў абітурыентаў, а гэтага, канечне, недастаткова.

– Анансавалася, што ўшацкія вучні будуць праходзіць у школу праз турнікеты па электронных картках…

– Сістэма кантролю і кіравання доступам павысіць узровень бяспекі і дысцыпліны, створыць заслону для пранікнення пабочных асоб, а гука-светлавая сігналізацыя імгненна падкажа пра ўзнікненне надзвычайнай сітуацыі. Сістэма ўжо зманціравана, ідуць прыгатаванні да запуску.

– У некаторых класах Ушацкай школы ёсць відэакамеры. А чаму не ва ўсіх?

– Гэтае абсталяванне спецыяльна не набывалі: раней 6 камер вісела на калідорах, а калі пачалася ўстаноўка прыгаданай вышэй сістэмы, іх “перабазіравалі” ў класы. І мы ўжо бачым плён: з відэаназіраннем дзеці лепш сябе паводзяць. Будзем шукаць магчымасць, каб набыць камеры і для іншых аўдыторый.

– Дык усё ж ці стануць школы асяроддзем, вольным ад гаджэтаў?

– Такая задача стаіць, але першы вопыт паказвае, што працэс часовага развітання з тэлефонамі (асабліва ў гарадскіх пачаткоўцаў) праходзіць досыць балюча. Таму гэты навучальны год будзе “пераходным”. Для ўсіх школ нашага раёна набыты спецыяльныя шафы (а ў сельскіх – ужо ўстаноўлены), куды дзеці будуць класці мабільнікі. Большасць класаў ужо здаюць іх на час заняткаў.

– З гэтага году ўведзены тры элементы школьнай формы, аднак выконваюць правілы далёка не ўсе. Як угаварыць сына апрануць камізэльку і гальштук, калі ён бачыць, што аднакласнікі ходзяць у вольным адзенні?

– Сапраўды, калі ў сельскіх школах форму носяць амаль усе, то ва Ушацкай многія ніяк не прызвычаюцца да патрабаванняў. Залежыць гэта не толькі ад цвёрдай пазіцыі адміністрацыі і настаўнікаў (зноў жа, ёсць класы, якія выглядаюць, як трэба), а і ад бацькоў. Мы не практыкуем радыкальныя меры кшталту недапушчэння на ўрокі, аднак тых, хто ходзіць без формы, можа чакаць зніжэнне ацэнак за паводзіны. Прывяду і такі аргумент: невыкананне ўнутраных школьных правілаў можа быць адлюстравана ў характарыстыцы, якая выдаецца выпускнікам. Яна ж, у сваю чаргу, улічваецца пры паступленні, выдзяленні студэнцкага інтэрната.

– Чаму толькі некаторыя класы ходзяць на фізкультуры ў басейн?

– Заняткі ладзяцца ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай прадмета “Фізічная культура і здароўе”. Класы, дзе яны запланаваны, будуць асвойваць плаванне ў розных чвэрцях. У раскладзе для гэтага прадугледзяць спараныя ўрокі. Вясковых школьнікаў будуць прывозіць у басейн і на іншыя секцыі па суботах.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *