Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч правяла прыём грамадзян, “прамыя лініі” ў аграгарадку Арэхаўна і вёсцы Сарочына.
Найперш вяскоўцаў хвалявала тэма гандлёвага абслугоўвання. У прыватнасці, незадаволены жыхары населеных пунктаў асартыментам і насычанасцю таварамі ў магазінах Ушацкага філіяла. Выбар вельмі бедны, а бывае, што адсутнічаюць тавары першай неабходнасці. У аўтамагазінах асартыментны пералік большы, аднак здараецца, што пакупнікам у апошніх кропках маршруту ўжо не хапае асобных тавараў. Справа тут не ў рабоце прадаўцоў ці ў тым, што Ушацкі філіял хоча кагосьці абдзяліць. Перабоі з таварамі здараюцца з-за таго, што многія пастаўшчыкі патрабуюць поўную перадаплату, а аблспажыўтаварыства, якое праводзіць усе фінансавыя разлікі, перажывае не самыя лепшыя часы. Таварамі, якія прапануе паштовае аддзяленне, грамадзяне, наадварот, задаволены, але працуе пошта не кожны дзень. Прагучала і нараканне на якасць ушацкага хлеба – хутка чарсцвее і дрэнна захоўваецца.
Прасілі пажылыя арэхаўцы таксама пасадзейнічаць у добраўпарадкаванні сквера ў аграгарадку – падрамантаваць абсталяванне, якое маецца, а ў перспектыве па магчымасці дапоўніць месца адпачынку новымі формамі.
Усе пытанні ўзяты на кантроль, па некаторых заяўнікам адразу былі дадзены тлумачэнні. Як падкрэсліла Наталля Мікалаеўна, уважлівасць, чуласць і канкрэтная дапамога чалавеку ў вырашэнні любой, нават на першы погляд самай малазначнай праблемы павінны быць прынцыпам працы кожнай службовай асобы. Людзі павінны не на словах, а на справе бачыць клопат улады і жаданне дапамагчы ім.
Вольга КАМАРКОВА.