У працоўных калектывах Ушаччыны прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Тэма напрамую звязана з Тыднем бацькоўскай любові і датычыцца кожнага з нас – “Сямейнае выхаванне як аснова моцнай дзяржавы”. Прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама С.С.Садоўскім пабывала ў калектывах ушацкіх энергетыкаў і газавікоў.
Больш звыкла чуць, што асновамі моцнай дзяржавы з’яўляецца стабільная эканоміка ці моцная армія, але не меншае значэнне адыгрывае сям’я і тое выхаванне, якое ў ёй атрымлівае кожны з нас. Занепакоенасць выклікае адыход ад традыцыйных сямейных каштоўнасцей або іх замена, заахвочванне засяроджанасці моладзі на сабе і звязаныя з гэтым памяншэнне значнасці інстытута сям’і, зніжэнне гатоўнасці да нараджэння дзяцей.
Праз 55 гадоў колькасць людзей ва ўзросце 65 і больш перавысіць колькасць дзяцей да 18 гадоў. Гэта значыць чалавецтва моцна пастарэе. Аналітыкі кажуць, што ўжо да сярэдзіны 2030-х людзей ва ўзросце 80+ можа быць больш за немаўлят да 1 года.
Тым часам Грэцыя стала першай праваслаўнай краінай, якая легалізавала аднаполыя шлюбы, у Францыі такіх ужо 3%. У Вялікабрытаніі шлюб наогул замяняе сужыцельства. У Польшчы пастаянна расце колькасць разводаў, а ў Германіі – рух чайлдфры. Нашу краіну і ўсе тыя дзяржавы, якія культывуюць каштоўнасці традыцыйнай сям’і, калектыўны Захад не прызнае і спрабуе навязаць скажоныя неаліберальныя ўяўленні пра сям’ю і шлюб, якія накіраваны на тое, каб парушыць адзінства грамадства, дэфармаваць традыцыйныя маральныя нормы і ўрэшце разбурыць краіну. На Захадзе робяць стаўку на міграцыйнае папаўненне насельніцтва. Наша ж краіна максімальна арыентуецца на класічную сям’ю, якая выхоўвае дзяцей. Больш за тое, нам патрэбна не проста сям’я, а шчаслівая сям’я.
Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносін.
У Беларусі дзейнічае сістэма дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Гэта дзяржаўныя дапамогі пры нараджэнні і выхаванні, сямейны капітал, сацыяльная дапамога і сацпаслугі, гарантыі ў розных сферах і іншае.
Свежыя апытанні насельніцтва сведчаць, што ў лік базавых каштоўнасцей беларусаў уваходзяць дзеці, сям’я, родныя і блізкія. Дзяржава адказна ставіцца да дэмаграфічнай палітыкі, але ў аснове ўсяго ляжыць сямейнае выхаванне.
* * *
Падчас такіх сустрэч у працаўнікоў заўсёды ёсць магчымасць задаць хвалюючыя пытанні кіраўніцтву раёна. Так, у раёне газазабеспячэння пацікавіліся планамі на рамонт вуліцы Кастрычніцкай. Прычым, прагучала пытанне не з асабістых інтарэсаў – практычна ўсе члены калектыву пражываюць на іншых вуліцах – па доўгу службы шмат перамяшчаюцца па гарпасёлку і раёне, бачаць праблемныя ўчасткі. “Канечне, Кастрычніцкай, як і Камсамольскай, Савецкай вельмі патрэбна абнаўленне пакрыцця. Не буду даваць стапрацэнтных абяцанняў, але скажу, што гэтыя вуліцы значацца ў наступных планах, ніхто не стане аспрэчваць, што новы асфальт там вельмі патрэбны – кожны з нас рухаецца па гэтых участках і бачыць іх стан, а дарогі ў тым ліку ўплываюць на прэстыж раёна. Але на гэта патрэбны немалыя фінансавыя сродкі. Каб вы разумелі аб’ёмы ўкладанняў, скажу, што толькі для таго, каб прывесці ў парадак Савецкую, патрэбна каля мільёна рублёў”, – адзначыў С.С.Садоўскі.
У раёне электрасетак ніякіх праблемных пытанняў не агучвалі. У сваю чаргу Сяргей Сяргеевіч падзякаваў энергетыкам за работу ў цэлым і асабліва за ліквідацыю наступстваў ліпеньскага ўрагану. На іх плечы лёг вялізны аб’ём работы, які работнікі РЭСа выканалі максімальна аператыўна і прафесійна.
Прывядзём некалькі рэкамендацый для бацькоў:
- Гаварыце дзецям пра сваю краіну толькі добрае, дэманструйце яе дасягненні.
- Расказвайце пра сваю працу і паказвайце, якую карысць яна прыносіць людзям і краіне.
- Знаёмце дзяцей з памятнымі месцамі і гістарычнымі славутасцямі Радзімы. Любіць Айчыну трэба вучыць не толькі на словах, але і наглядна.
- Прывучайце беражліва ставіцца да рэчаў, бо ў кожную ўкладзена праца многіх людзей. Асабліва важна вучыць паважліваму стаўленню да хлеба.
- Галоўнае: выхоўвайце дзяцей так, як у тым жа ўзросце вы самі хацелі, каб ставіліся да вас.
Вольга КАМАРКОВА.