“Назваць самага актыўнага, клапатлівага і ўмелага тату? Але ў нас такіх шмат! Зрэшты, пачакайце – зараз абмяркуем з калектывам і падкажам вам героя для святочнага артыкула”, – паабяцала намеснік загадчыка ўшацкага дзіцячага сада №2 Алена Банеўская. А праз колькі хвілін перазваніла і паведаміла, што абсалютную перамогу ў іх спантанным рэйтынгу атрымаў Андрэй Корань – мнагадзетны бацька, які водзіць у садок ужо трэцяе дзіця, стараецца ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, а ўпраўляецца з малымі нават спрытней, чым некаторыя матулі.
Андрэй Уладзіміравіч прызнаўся нам, што не надта любіць публічнасць, але ж такі давер проста не пакідае яму шансаў на адмову. Пры гэтым адразу папрасіў не перабольшваць яго ролю ў сям’і, бо абсалютна ўсе рашэнні яны прымаюць і ўвасабляюць у жыццё разам з жонкай Маргарытай. Ды і зблізіліся ў маладосці менавіта на падмурку аднолькавай шкалы каштоўнасцяў: абое марылі пра вялікую дружную сям’ю і дом у родных мясцінах. Пазнаёміліся класічна – на танцах ва Ушачах, калі прыехалі на канікулы – хлопец вучыўся на электрыка, дзяўчына – на медсястру.
Як і большасць маладых сямей, на старце сумеснага жыцця вялікіх капіталаў не мелі. Узялі ўчастак пад будаўніцтва дома на вуліцы Дуброўскага, разлічваючы на льготны крэдыт у рамках прэзідэнцкага ўказа №240, аднак сродкаў на раён у той час вылучалася няшмат і найперш іх выдзялялі сем’ям з трыма і больш дзецьмі, тады як у Корняў на той момант было двое. Андрэй адправіўся на прыём да нашага тагачаснага дэпутата ў парламенце Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі, які ўнік у сітуацыю і абмеркаваў разам з праўленнем банка і кіраўніцтвам аблвыканкама магчымасць выдзялення для нашага раёна дадатковых сродкаў. Пытанне вырашылася станоўча: у хуткім часе льготны крэдыт атрымалі і мнагадзетныя сем’і, і некалькі такіх як у Андрэя. А з нараджэннем яшчэ адной дачушкі фінансавыя ўмовы сталі яшчэ больш прывабнымі. І вось мінулым летам надышоў чаканы момант наваселля.
Лічы што ўсё тут галава сям’і зрабіў сваімі рукамі. Ацяпляецца дом электрычнасцю – плацілі за гэта зімой рублёў пад 100, так што кошт не астранамічны. Натуральна, што з праводкай праблем не было (працуе ж у раёне электрасатак), а вось спецыяльнасці муляра, плітачніка, сантэхніка мужчына асвойваў у ходзе будаўніцтва.
Дарэчы, яго мама расказала, што сын з ранняга дзяцінства меў канструктарскі талент. Нават да звычайных машынак прыладжваў батарэйкі і абсталёўваў іх фарамі. А жонка з гонарам паведамляе, што няма такой рэчы, якую б Андрэй не змог андрамантаваць. Той жа, у сваю чаргу, падкрэслівае, што Маргарыта ва ўсім дапамагала на будаўніцтве і адказвала за дызайн. Паспела ўжо і распрацаваць участак, вырасціць выдатны ўраджай.
“А не засмучае, што далекавата ад цэнтра?”, – цікавімся ў гаспадароў. “Што вы, наадварот! Тут такое прыволле, прырода – казулі, лісічкі ў госці заглядваюць, козачкі, авечкі побач пасвяцца. Магчыма, і мы пазней гаспадарку завядзём”, – тлумачаць яны. Зрэшты, і зараз у доме жыўнасці хапае – два сабакі, кот, рыбкі. А летам сямікласніца Насця выпрасіла ў бабулі парачку пухнатых вушастых гадаванцаў і сама зладзіла для іх драўляныя клеткі. А з абрэзкаў дошак змайстравала дакаратыўнага каня. Бацькавы гены! З маленства ўмее малаток у руках трымаць. Пераняла дзяўчынка і спартыўныя таленты: тата ў свой час займаўся армрэстлінгам, мама паказвала годныя вынікі ў лёгкай атлетыцы – “каралеву спорту” абрала і дачка, пра дасягненні якой мы неаднойчы расказвалі.
Калі ж у садку і школе нам характарызавалі малодшых Лёшу і Аню, то вылучылі іх паслухмянасць, выхаванасць. У іх бацькоў хоць і няма педагагічнай адукацыі, але ёсць прыроджаны талент, ды і раслі яны ў сем’ях настаўнікаў, а бабулі Наталля Леанідаўна Корань і Святлана Цімафееўна Міхейка (як, канечне, і дзядулі) прымаюць у выхаванні ўнукаў самы актыўны ўдзел. “Адкуль у сына такая не надта характэрная для мужчын цярплівасць, уменне абыходзіцца з малышамі?”, – пацікавіліся мы ў мамы героя аповеду.
“Дык у нас жа таксама сям’я мнагадзетная, калі нарадзіўся малодшы брат, Андрэю было 14 – і ён ва ўсім мне дапамагаў. Увогуле ён з тых гаспадарлівых, “зямных” мужчын, якія вельмі цэняць сямейны ачаг і цеплыню адносін”, – патлумачыла Наталля Леанідаўна.
…Калі мы пакідалі ўтульны дом на дальняй вуліцы Дуброўскага, ужо змяркалася. Анютка занялася цацкамі, другакласнік Лёша пайшоў у свой пакой пераапранаць школьную форму, а Насця выбегла на вуліцу, дзе яе чакала гурба суседскіх дзяцей з веласіпедами. Хацела запытацца ў яе, ці сумуе па цэнтральнай Віцебскай, дзе яны жылі раней, але і так зразумела, што абсалютна не. Ля катэджа яшчэ шмат работы: побач складзены блокі, якія ўмелыя мужчынскія рукі неўзабаве пераўтвораць у прасторны гараж… Будуць і іншыя выгоды, якія зробяць яшчэ больш камфортным жыццё родных людзей.
Наталля БАГДАНОВІЧ.