В Ушачах прошли соревнования по легкоатлетическому кроссу, посвящённые памяти тренера Ушачской СДЮШОР Татьяны Леонидовны Клоповой

Cпорт

Мы ўжо прывыклі бачыць на комплексе “Юнацтва-Ушачы” вялікую колькасць юных спартсменаў, якіх збіраюць турніры па плаванні, дзюдо, самба, а вось на мінулым тыдні тут бадай упершыню масавым стартам заявіла пра сябе “каралева спорту”. Ідэю арганізаваць у нас лёгкаатлетычны крос для дзяцей і падлеткаў у свой час выношвала трэнер Ушацкай спартшколы Таццяна Леанідаўна Клопава. На жаль, год таму яе жыццё заўчасна абарвалася, але калегі і вучні працягнулі справу і сёлета правялі першыя бегавыя спаборніцтвы, прысвечаныя яе памяці.

Пра талент і дабрыню трэнера, шчырую любоў да спорту і выхаванцаў прыгадваў на ўрачыстым адкрыцці дырэктар Ушацкай СДЮШАР Сяргей Кіслы, прыйшлі на мемарыял і родныя Таццяны Леанідаўны.

На старт забегаў на 500 і 1000 метраў выйшлі не толькі выхаванцы лёгкаатлетычнага аддзялення, а і юныя плыўцы, футбалісты, прадстаўнікі сілавых адзінаборстваў і нават стралкі. “Нічога дзіўнага: агульнафізічная і ў тым ліку бегавая падрыхтоўка неабходная ў любым відзе спорту. Нават у нашым, стралковым, без сілы і вынослівасці не абысціся. Вядома ж, перад сваімі выхаванцамі задачы ўзысці на п’едэстал мы не ставілі, аднак адчуць дух барацьбы, ацаніць свае кандыцыі крос дакладна дапаможа”, – дзяліўся перад стартам трэнер П.Варатынскі.

Сапраўды, мэты ва ўдзельнікаў былі розныя, але адной дасягнулі ўсе: нават праз “не магу” дабраліся да фінішу. Чэмпіёнамі ў сваіх узроставых катэгорыях станавіліся пераважна лёгкаатлеты. Цікавай, напрыклад, была барацьба паміж Максімам Ярмошам і Назарам Первянёнкам – хлопцы забралі “золата” і “срэбра” ды яшчэ палепшылі час, паказаны на нядаўніх спаборніцтвах. “Ужо заўтра едзем на чарговую спартакіяду, і гэты забег быў вельмі карысны”, – патлумачыў трэнер аддзялення Віталь Бутоўскі. Прыемным сюрпрызам стала “бронза” Аляксея Салодкіна, бо хлопец займаецца плаваннем, аднак паспявае і гуляць у футбол – што дакладна паспрыяла развіццю бегавых здольнасцяў. А вось Ягору Садоўскаму футбольная загартоўка дапамагла ўзысці на вышэйшую прыступку п’едэстала. Выйгралі свае медалі і выхаванцы лёгкаатлетычнай групы, якая два гады таму адкрылася пры РФСК. У адрозненне ад адпаведнага аддзялення СДЮШАР, патрабаванні тут не такія сур’ёзныя і на заняткі могуць хадзіць дзеці з любым узроўнем падрыхтоўкі.

Апроч тых, каго мы ўжо прыгадалі, “золата” кросу заваявалі Клім Заруба, Дамініка Глебка, Уладзіслаў Ярмош, Ганна Сляцкая, Ірына Зубкова, Анастасія Корань, Уладзіслаў Логінаў, Анастасія Сіротка; “срэбра” – Марк Карымаў, Вікторыя Дрозд, Аляксандр Ісаеў, Зарына Коршун, Яўгенія Майсяёнак, Марк Голік, Вікторыя Глінская, Станіслаў Сісковіч, Ксенія Дуброўская; “бронзу” – Вячаслаў Лабёнак, Іван Юргевіч, Паліна Марковіч, Дар’я Кіслякова, Ягор Масцяеў, Ангеліна Алексяёнак і Глеб Шэдзько.

“Дэбютны крос стаў яркай падзеяй спартыўнага жыцця раёна. Пастараемся зрабіць яго традыцыйным і, як марыла наша Таццяна Леанідаўна, запрашаць на старт не толькі ўшачан, а і спартсменаў з іншых раёнаў”, – падвяла вынікі намеснік дырэктара Ушацкай СДЮШАР Вера Кіліна.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *