Скажаце, якое дачыненне маюць журавіны да агародніцкай рубрыкі. А вось самае прамое. Бо на здымку не балота, а невялікая градка, якую адвяла пад вітамінную ягаду Раіса Мікалаеўна Журко. Прычым, на квадратнай пляцоўцы плошчай пяць метраў так разраслося ўсяго два кусцікі.
Вялікая працаўніца і нястомны адкрывальнік новага, гаспадыня ператварыла свой бацькоўскі дом у канцы вуліцы Калінінскай у батанічны сад, у які два гады таму завезла і культурную сястру балотнай журавіны. Набыла падчас “Вішнёвага фестывалю” ў Глыбокім, куды выязджалі ўдзельнікі клуба “Імпульс”. І вось другі год збірае ўраджай.
– Сёлета ягады не такія буйныя з-за спякоты, аднак іх болей, бо кусты хутка разрасліся. Як і кожнай расліне – ім патрэбны свае ўмовы, – расказвае Раіса Мікалаеўна. – І пад садовыя журавіны, і пад буякі (голубика) я перад пасадкай поўнасцю ўбіраю ўрадлівы слой глебы, засцілаю шчыльным чорным спанбондам і засыпаю торфам. Але калі пад апошнія глыбіня лункі складае 60 сантыметраў, то тут дастаткова 20-30. Зверху варта расліны замульчыраваць, толькі не суцэльным пілаваннем – яно можа ўтварыць корку, па якой вада будзе сцякаць, а не праходзіць. Градку я абгарадзіла, каб расліна не распаўзлася звыш меры. І яшчэ адна важная ўмова – журавіны любяць сонца.
Прынята лічыць, што лясная ягада карысней садовай. Аднак навукоўцы сцвярджаюць, што ў выведзеных гібрыдах наадварот больш багаты анціаксідантны комплекс і ўвогуле састаў. Садовая і ўрадлівей за балотную, аднак не такая марозаўстойлівая і часцей хварэе.
Вольга КАРАЛЕНКА.