Тыдзень бацькоўскай любові стартаваў у панядзелак і ва Ушацкай ЦРБ.
Кожную маму, якая завітала на мерапрыемства, чакаў не адзін сюрпрыз. Па-першае, партрэты, напісаныя рукамі дзяцей, шчымлівыя відэавіншаванні як дашкольнікаў, так і дарослых сыноў і дачок, а таксама маленькі прэзент – паштоўка з шакаладкай. Ну а самыя смелыя прынялі ўдзел у конкурсе “Супер МАМА”.
За тытул змагаліся эканаміст Святлана Мікалаеўна Коршун, медсястра Ксенія Віктараўна Селезень, санітаркі Таццяна Уладзіміраўна Пятніца і Таццяна Іванаўна Радыгіна. Шчыра кажучы, нават людзі, якія не адзін год працуюць побач, другімі вачыма паглядзелі на сваіх калег, бо даведаліся пра шматлікія іх захапленні. Ксенія, напрыклад, робіць розныя фігуры з гіпсу, Святлана вышавае шыкоўныя карціны, Т.Пятніца – выдатны кулінар, смак яе тарталетак-жульенаў і пірага ацанілі ўсе прысутныя. Ведаем мы цяпер, што лепшы падарунак для нашай актывісткі-прыпевачніцы – анёлы, паколькі Таццяна Радыгіна даўно калекцыяніруе іх. Менавіта яна – маці траіх дзяцей – і атрымала галоўны тытул.
Таццяна ШЫШКО, намеснік галоўнага ўрача па ідэалагічнай рабоце.