14 октября отмечается День матери

Общество

14 кастрычніка ў Беларусі штогод адзначаецца Дзень маці. Жанчына-маці – гэта ачаг усяго жывога, крыніца кожнага з нас, вобраз, які мы захоўваем на працягу ўсяго свайго жыцця. На сённяшні дзень ва Ушацкім раёне пражывае 102 сям’і, якія маюць статус мнагадзетных. Трэба адзначыць, што 87 матуль расцяць траіх дзяцей, 12 – чатырох і тры маці займаюцца выхаваннем пецярых і больш дзетак. Васемнаццаць матуль з нашага раёна ўжо сталі ўладальніцамі галоўнай мацярынскай узнагароды – ордэна Маці. Стала добрай традыцыяй да Дня маці вылучаць адну з лепшых матуль на ўзнагароджванне прэміяй імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанка. Сёлета такі гонар аказаны Ніне Іванаўне Андрэйчык з вёскі Двор Пліна.
Жанчыны-маці клапоцяцца пра сваіх дзяцей, пра свае сем’і, але самі маюць патрэбу ў клопаце і падтрымцы. У нашым раёне многае робіцца ў гэтым напрамку. Створаны банк даных мнагадзетных сем’яў, адзінокіх маці, сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды. Пастаянна аказваецца адрасная матэрыяльная дапамога малазабяспечаным сем’ям, дзе ёсць непаўналетнія дзеці, малышы першых двух гадоў жыцця забяспечваюцца бясплатным харчаваннем. Адчувальная і фінансавая падтрымка мнагадзетных сем’яў у вырашэнні жыллёвых пытанняў.
Напярэдадні гэтага выдатнага свята хочацца сказаць словы ўдзячнасці ўсім матулям, якія дораць сваім дзецям любоў, дабро, пяшчоту і ласку. Хай кожнай жанчыне іх любімыя дзеткі часцей кажуць цёплыя словы! Самыя найлепшыя пажаданні цяжарным жанчынам, якія толькі рыхтуюцца стаць матулямі – выканаць самую адказную ролю на свеце.
З.ХАТКЕВІЧ,
загадчыца аддзялення ДУ “ТЦСАН Ушацкага раёна”. 

ПЛАНУЕМ ЦЯЖАРНАСЦЬ

Кожная сямейная пара марыць мець здаровых дзяцей. Але не ўсе будучыя бацькі, на жаль, разумеюць, што здароўе нашчадкаў залежыць ад іх ладу жыцця, стану здароўя, падрыхтаванасці да зачацця.

Нярэдкія выпадкі, калі зачацце дзіцяці не плануецца, а адбываецца выпадкова. Цяжарнасць наступае на неспрыяльным фоне (алкагольнае ап’яненне, вострае захворванне, абвастрэнне хранічнага захворвання), а таму яе захаванне можа прывесці да такіх цяжкіх вынікаў, як ускладненні ў час цяжарнасці і родаў, нараджэнне непаўнацэннага дзіця.
Вельмі важна, каб цяжарнасць была запланаванай, бо здароўе будучага чалавека залежыць у першую чаргу ад здароўя яго бацькоў. Жанчына павінна наведаць урача акушэра-гінеколага з мэтай выяўлення і лячэння гінекалагічных захворванняў яшчэ да зачацця дзіця. Мацярынства не сумяшчальнае са шкоднымі звычкамі, а таму неабходна адмовіцца ад курэння, ужывання алкаголю. За 2-3 месяцы да зачацця пажадана выключыць рэнтгеналагічнае, медыкаментознае або фізіятэрапеўтычнае лячэнне. Трэба пазбягаць усіх пералічаных фактараў і ў час цяжарнасці, асабліва ў першыя тры месяцы, калі адбываецца закладка асноўных органаў і тканак будучага дзіцяці. Іменна ў гэты перыяд розныя шкодныя фактары могуць прывесці да развіцця парокаў у плода.
Сур’ёзныя, адказныя адносіны да планавання дзетанараджэння дапамогуць пазбегнуць многіх непрыемных для малыша вынікаў, і ў вашай сям’і народзіцца моцнае, здаровае дзіця.
В.КАРАЛЬКО,
урач акушэр-гінеколаг Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *