У нашым раёне склалася добрая традыцыя: ладзіць для хлопцаў, якія адпраўляюцца на тэрміновую службу, запамінальную ўрачыстасць. Гэта мерапрыемства, на якім можна не толькі атрымаць наказы перад армейскім стартам, а і напаследак пафарсіць у любімых джынсах, моднай байцы і з “нестатутнай” прычоскай, пабалагурыць з аднагодкамі, з якімі раззнаёміўся на камісіях…
“А дзе ж твае навушнікі? Няўжо дома забыўся?” – жартам пыталіся ў панядзелак удзельнікі Дня прызыўніка ў навабранца Віктара Малатка. “Не, спецыяльна пакінуў: прывыкаю!” – тлумачыў пазітыўны хлопец, якога раней рэдка хто бачыў без гэтага папулярнага ў моладзі аксесуара. Так, для ўсіх іх надыходзіць час выпрабаванняў, калі давядзецца выйсці з зоны асабістага камфорту, каб выканаць грамадзянскі абавязак, пасталець і памужнець…
Яшчэ адно нязменнае правіла – пачынаць падобную імпрэзу з ускладання вянка да помніка загінуўшым воінам і партызанам – і нават восеньская непагадзь не адмяняе гэты рытуал. Уручэнне ж павестак праходзіць таксама ў знакавым для ўшачан месцы – музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка. Пра тое, што вайсковая служба – выдатная загартоўка для мужчын, а армія – як рэнтген прасвечвае чалавечыя душы, – казалі навабранцам намеснік старшыні райвыканкама, член прэзідыума абласной арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Генадзь Міхайлавіч Ягораў і намеснік ваеннага камісара па грамадзянскай абароне Ушацкага раёна Павел Мікалаевіч Камарэўскі. Добрасумленна авалодваць ваеннай справай і набыць у арміі карысныя звычкі жадалі былы афіцэр Уладзімір Васільевіч Зыранаў і першы сакратар райкама БРСМ Рыта Хрыпель. Ну а загадчык аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пётр Аляксандравіч Алексяёнак уручыў хлопцам карысныя падарункі.
Склалася яна з некалькіх фактараў. Так, пяцёра хлопцаў раней атрымлівалі адтэрміноўку па стане здароўя, цяпер жа камісія засведчыла іх прыдатнасць да службы. А вось Алег Усцін і Раман Літвін самі выказалі жаданне ісці ў армію, хоць і мелі права на адтэрміноўку па сямейным становішчы. “Мы якраз скончылі навучанне на слесара і электрагазазваршчыка і палічылі мэтазгодным служыць разам са сваімі аднагодкамі”, – патлумачыў нам Алег. А Раман расказаў, што спадзяецца трапіць у Мінск у спецназ, складаны адбор у элітнае падраздзяленне прайшоў паспяхова. Запатрабаваную прафесію электраманцёра паспеў атрымаць Віктар Ільіноў, а накіруецца ён найперш у 72-гі агульнавайсковы вучэбны цэнтр у Печах. Верагодна, спатрэбяцца ў арміі веды Паўла Калясінскага – дыпламаванага спецыяліста па кібербяспецы. У гэтым прызыве, дарэчы, вышэйшую адукацыю маюць некалькі чалавек.
А вось у чым традыцыі апошніх год парушыліся, дык гэта ў колькасці ўшачан, якія адправяцца ў вайсковыя часці. Павесткі ў панядзелак атрымалі аж 34 юнакі – падобная лічба ў раёне даўно не фіксавалася.
Напэўна, сімвалічна, што мерапрыемства прыпала сёлета на Дзень маці. Хочацца пажадаць хлопцам, каб служба прайшла для іх хутка і карысна, а матулям – сустрэць іх дома ўмелымі, разважлівымі і загартаванымі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.