Якімі якасцямі павінен валодаць малады спецыяліст, каб яго прыкмецілі? Дзе лягчэй рэалізаваць сябе – у вялікім горадзе ці невялікім райцэнтры? Што важней: сям’я ці кар’ера? Гэта і многае іншае абмяркоўвалі маладыя спецыялісты, якія прыбылі сёлета на Ушаччыну, на сустрэчы з кіраўніцтвам раёна, што прайшла ў фармаце даверлівай размовы.
Абсалютная большасць маладых спецыялістаў – ураджэнцы Ушаччыны. Пачынаць працоўны шлях на малой радзіме намнога прасцей, чым удалечыні ад дома – упэўнены Аляксандра Грачова і Дар’я Нераз, якія скончылі Арэхаўскую школу і туды ж прыйшлі працаваць. Вельмі хацела трапіць у родную Глыбачанскую Дзіяна Герцык. Дарэчы, сярод сёлетніх маладых педагогаў сямёра – жыхары нашага раёна, а з 11 новых медыкаў – ажно 9 мясцовых. У Кубліцкім лясніцтве прывыкае да пасады майстра лесу ўшачанін Ян Шэдзько. Некалькі чалавек прыехалі да нас з Полацка і ўсе яны задаволены ўмовамі працы і тым, што знаходзяцца блізка ад дома. У гэтым плане цяжэй бабруйчанцы Яне Рэуцкай: дзяўчына робіць першыя працоўныя крокі ў «Сафійскіх дарах» – асвойвае работу ветфельчара.
Трэба сказаць, падчас сустрэчы маладыя спецыялісты праявілі актыўнасць і не саромеліся адкрыта абмяркоўваць тыя ці іншыя тэмы. На пытанне, што зрабіць, каб работніка прыкмецілі і ацанілі, старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі зазначыў, што трэба паказаць свой прафесіяналізм, быць ініцыятыўнымі і неабыякавымі да калег і ўсяго, што адбываецца вакол. Намеснік жа старшыні райвыканкама Г.М. Ягораў дадаў ёмістае: “Працуйце – і вас прыкмецяць, выконвайце даручэнні і даражыце сваім месцам”.
На пытанне ж, каго на Ушаччыне цэняць больш – маладых спецыялістаў ці вопытных работнікаў – прагучаў справядлівы адказ: важныя ўсе, патрэбны вопыт ветэранаў і малады запал. Пацікавіліся навічкі ў старэйшага пакалення, што ўсё ж паставіць на першае месца: сям’ю ці кар’еру. “Якую б вы ні займалі пасаду, патрэбны надзейны сямейны тыл. Усе вытворчыя цяжкасці адыходзяць на другі план, калі дома цябе чакаюць і сустракаюць дзеці і другая палавінка. Няма нічога даражэй за родных і блізкіх”, – выказаў сваё меркаванне начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Пётр Аляксандравіч Алексяёнак. А Сяргей Сяргеевіч і Генадзь Міхайлавіч параілі ўтрымліваць баланс і імкнуцца, каб усё добра было і ў сям’і, і на рабоце, але пры гэтым не ўшчамляць інтарэсы самых родных на карысць кар’еры.
Сучасная моладзь, атрымаўшы “пуцёўку” ў райцэнтр ці глыбінку, часта засмучаецца, маўляў, там мала магчымасцей рэалізаваць сябе. З гэтым меркаваннем не пагадзілася кіраўніцтва раёна: наадварот, у правінцыі, дзе менш насельніцтва, на моладзь робяць стаўку, давяраюць адказныя ўчасткі і ёсць вялікая верагоднасць кар’ернага росту.
Не толькі такія шырокія тэмы-разважанні закранулі на сустрэчы маладыя спецыялісты, а агучылі і хвалюючыя іх праблемы. Напрыклад, чаму паміж Ушачамі і Глыбокім няма транспартных зносін – каб дабрацца да суседняга райцэнтра, трэба рабіць круг праз Полацк. Прагучала пытанне, ці плануецца адкрыццё ў гарпасёлку якой-небудзь кропкі адпачынку, дзе магла б збірацца моладзь – такіх вельмі мала ва Ушачах. Сяргей Сяргеевіч паведаміў, што ў самы бліжэйшы час пачне прымаць наведвальнікаў аб’ект грамадскага харчавання ў новым інтэрнаце для спартсменаў. Дарэчы, запланаваную на лістапад сустрэчу маладых спецыялістаў 2023 года з сёлетнімі навічкамі плануецца правесці менавіта там.
Для моладзі была арганізавана і экскурсія па раёне, кропкамі маршруту сталі Селішча, Бычкі, Кублічы, а таксама музей народнай славы.
Вольга КАМАРКОВА.