75 лет заботы: Ушачская аптека — гарант здоровья

Здравоохранение

Надышла восень – і аптэкі, якія і так рэдка пустуюць, сталі яшчэ больш запатрабаванымі аб’ектамі. Вось і мы зазірнулі ва ўсім вядомы будынак у цэнтры гарпасёлка – праўда, не для папаўнення лекавых запасаў, а з нагоды адразу дзвюх знакавых дат, што маюць дачыненне да гэтай сферы: 25 верасня адзначаўся Сусветны дзень фармацэўта, зацверджаны ў 2009 годзе, а 15 кастрычніка – прафесійнае свята беларускіх работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці. І гэта прытым, што віншаванні аптэкарам адрасуюць і ў трэцюю нядзелю чэрвеня, калі ўшаноўваюць медыкаў…

Калектыў аптэкі №65.

“І ўсё ж, якое са святаў – ваша прафесійнае?” – менавіта з гэтага пытання пачынаем размову з загадчыкам аптэкі №65 г.п.Ушачы Т.Полазавай. “Адзначаем усе тры! Чаму б не скарыстацца такой выгодай? – усміхаецца Таццяна Уладзіміраўна. – Зрэшты, галоўнае ўсё ж чэрвеньскае. І да таго, што ў гэты дзень іншы раз застаёмся ў цені сваіх калег-медыкаў, канечне, ставімся з разуменнем: яны – “першыя скрыпкі” ў справе аховы здароўя. У дзень 25 верасня мы таксама атрымліваем віншаванні ад Віцебскага УП “Фармацыя”. Маем дачыненне і да свята 15 кастрычніка, бо рэалізуем прадукцыю нашых вытворцаў”.

Багатыя традыцыі і ўшацкія дынастыі

Летась дзяржаўная аптэчная сетка Віцебшчыны адзначыла сваё 105-годдзе. А летапіс ушацкай аптэкі вядзецца з ліпеня 1944-га, калі пад яе быў вылучаны пакой у райбальніцы. А вось драўляны дом на Ленінскай, куды ўстанова пераехала ў 1953-м, старажылы добра памятаюць.

“У цяперашні больш прасторны будынак мы перайшлі ў 1972-м, а былы камунгасаўцы перавезлі на Калінінскую і зрабілі ў ім інтэрнат”, – дзеліцца ўспамінамі Сафія Паўлаўна Падольская, якая загадвала ўшацкай аптэкай з 1978 па 2005 год. Яна, дарэчы, стала заснавальніцай цэлай дынастыі: у гэтай жа ўстанове зараз працуюць абедзве яе дачкі: Таццяна – кіраўнік, а Наталля Касяк – фармацэўт. Прафесію бабулі абралі і дзве ўнучкі. Дарэчы, залатая медалістка Ушацкай школы Вікторыя Полазава якраз сёлета скончыла Мінскі медуніверсітэт і распачала прафесійную кар’еру ў сталіцы.

40 год таму працягнула сямейную справу фармацэўт Вера Мікалаеўна Скок, якая літаральна вырасла ў аптэцы, бо пастаянна прыбягала на работу да матулі. Ёсць у каго пераймаць вопыт маладому спецыялісту Таццяне Аўчыннікавай. Працяглы час працуе тут укладчык-упакоўшчык Ірына Амбражэвіч, а вось Алеся Рабыка папоўніла калектыў нядаўна. За бухгалтарскую справу адказваюць Таццяна Баравая і Алеся Саксон, за чысціню – Валянціна Карабань. Нельга не ўзгадаць правізара Вольгу Ярмош, фармацэўта Ірыну Пабойкіну, якія загадваюць аптэкамі ля рынка і ў Глыбачцы, а таксама Алу Андрыковіч, якая шмат год адпускала лекі ў ЦРБ і літаральна днямі выйшла на заслужаны адпачынак.

Папаўняюць паліцы і веды

Некалькі год таму цэнтральная аптэка прыкметна абнавілася – “Фармацыя” заўсёды трымае высокую планку. Канечне, сучаснымі становяцца не толькі інтэр’еры. Аптэчныя паліцы пастаянна прырастаюць навінкамі. Т.Полазава прыгадвае, што на старце яе кар’еры ў 1996-м у іх арсенале было пад 500 найменняў тавару, зараз жа – каля 3600. Як ва ўсім гэтым арыентавацца?

“Кожны прэпарат мае як міжнародную назву (“Ацэтылсаліцылавая кіслата”, “Ібупрафен”), так і гандлёвую (“Аспірын”, “Ібуфен”, “Ібумет”), – тлумачыць Таццяна Уладзіміраўна. – Міжнародныя мы ведаем, а вось запомніць усе гандлёвыя – проста немагчыма. Канечне, фармацэўт павінен мець выдатную памяць, але гэтага недастаткова – трэба разумець сутнасць. Напрыклад, слова “Цыанакабаламін” нават вымавіць складана, а гэта ўсяго толькі вітамін В12, у назве ж “зашыфраваны” хімічныя элементы і злучэні. Штогод распрацоўваюцца новыя прэпараты, таму і мы павінны папаўняць веды. Не зблытацца ў леках дапамагае і электронная база”.

Работнікі цэнтральнай аптэкі не толькі рэалізуюць тавар ушачанам, а і забяспечваюць лекамі 15 ФАПаў раёна. А вось гатаваць прэпараты самім зараз даводзіцца нячаста – робяць хіба што парашкі для малышоў і некаторыя мазі.

Н.Касяк расказвае пра новы беларускі прэпарат.

Не горш за імпартныя

Аптэчны асартымент відазмяняецца не толькі з-за прагрэсу ў фармакалогіі. Уплываюць на гэта як эканамічныя, так і палітычныя нюансы. Пасля развалу Саюза ў нашай краіне засталося толькі два заводы па вырабе медпрэпаратаў – ільвіную частку патрэбных лекаў даводзілася закупляць за валюту. Быў узяты курс на стварэнне айчыннай фармакалагічнай прамысловасці – і зараз у нас амаль 40 падобных вытворчасцяў! Прымусіць людзей набываць тавар толькі за тое, што ён беларускі, канечне, немагчыма. Але тут ёсць важкі аргумент – кошт 43-х працэнтаў беларускіх лекаў дзешавей за 1 долар.

“Працэс фарміравання цэн у гэтай сферы кантралюе дзяржава. Напрыклад, Барысаўскі завод медпрэпаратаў некаторыя лекі першай неабходнасці (цытрамон, аспірын, парацэтамол) рэалізуе нават дзешавей за сабекошт – каб іх маглі набыць малазабяспечаныя грамадзяне”, – дзеліцца інфармацыяй Т.Полазава.

Ды ўсё ж пакупнік павінен сам упэўніцца, што нашы лекі – не горшыя за імпартныя. Аўтарытэт зарабляецца не адразу, а іншы раз людзям трэба проста прывыкнуць да новага выгляду звыклых лякарстваў. Ушацкія аптэкары зазначаюць, што калі з паліц знік “класічны” ўкраінскі валідол, многія перажывалі, але паступова прызвычаіліся да расійскага “Фармстандарта” і беларускага – у капсулах. Тое ж было і з карвалолам. Нямецкі “Бератэкс”, пажыццёва неабходны астматыкам, дастойна замяніў айчынны “Фенацерол-аэра” – зрэшты, і замежны прэпарат пасля часовай адсутнасці зноў вярнуўся на паліцы. Зараз няма ніводнага значнага лякарства, якое б незваротна знікла і прымусіла аптэкараў разводзіць рукамі ў адказ на запыты хворых.

У 2021-22 гадах з-за санкцыйннага ціску беларускім вытворцам медпрэпаратаў давялося ўносіць змены ў 300 найменняў тавараў (яны датычыліся ўпакоўкі, сыравіны, дапаможных матэрыялаў). Аднак усе пытанні былі вырашаны.

“Да нас нярэдка заходзяць замежныя турысты, адпачываючыя ў санаторыі расіяне, жыхары прыбалтыйскіх краін. Ахвотна набываюць беларускія лекі, сродкі гігіены. Вельмі каціруецца, напрыклад, наш “Мукасат”, які дапамагае змагацца з астэахандрозам, аднаўляць храшчавыя тканкі. Кажуць, што шампуні, крэмы “Беліта-Вітэкс” у разы дзешавей, а ў якасці не саступаюць брэндавым маркам”, – расказваюць работнікі ўшацкай аптэкі.

Беларусь апошнія гады з імпарцёра лекаў ператварылася ў экспарцёра і пастаўляе іх у 30 краін свету, зарабляючы ў год каля 200 мільёнаў долараў.

Айчынныя – са скідкай

У аптэчнай сістэме дзейнічае дысконтная праграма, якая дазваляе скарыстацца 2-працэнтнай скідкай на беларускія лекі. Развіваюць і дыстанцыйныя паслугі. Напрыклад, на сайце абласной “Фармацыі” можна зарэзерваваць сабе лякарства ў пэўнай аптэцы, калі вы перажываеце, што яго раскупяць, – і ў вас будуць суткі, каб прыехаць за ім ва Ушачы, Полацк ці Віцебск. А ў раздзеле “Інтэрнэт-аптэка” жыхары абласнога цэнтра могуць заказаць дастаўку лекаў на дом.

Так, і ў Беларусі, і ў нашым раёне робіцца шмат, каб людзі былі забяспечаны патрэбнымі сродкамі. Ды ўсё ж аптэка – не крама, і словы “Заходзьце да нас часцей!” вы тут не пачуеце. А вось слоган Віцебскай “Фармацыі” “Беражом здароўе!” ідэальна падыдзе для фіналу гэтага артыкула.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *