У доме Віталя і Таццяны Бука ёсць усё – любоў, узаемаразуменне і падтрымка, матэрыяльны дастатак і здароўе кожнага члена гэтай маладой мнагадзетнай сям’і. Катастрафічна не хапае толькі аднаго – часу. І проста дзівам падалося, што ў пятніцу пасля абеду мы змаглі застаць разам усіх шасцярых. У механізатара “Вялікадолецкага” выдаўся “дажджавы” выхадны.
Праўда, і пры гэтай удачы ў маім распараджэнні аказалася ўсяго гадзіна. Толькі да 16-ці дамоў са школы вяртаюцца ўсе дзеці, аднак да 17-ці старэйшыя ўжо бягуць на трэніроўкі. Бацькі пры гэтым толькі-толькі прыехалі з райцэнтра. “Карміце дзяцей, а паралельна будзем размаўляць,” – прапанавала я выйсце Таццяне Алікаўне. Але гаспадыня запрасіла прайсці ў залу і ўпэўнена сказала: “Яны перакусілі ўжо. Дзеці ў нас абсалютна самастойныя”.
Я ж магу дабавіць – паслухмяныя. Пакуль не было бацькоў, Ксюша забрала з сада двухгадовага Дзіму і адшукала для яго занятак – падала акварэльныя фарбы і тлумачыла, як маляваць і не выпацкацца. Так, яны пагрэлі прыгатаваную матуляй ежу і паелі. Хаця і дзевяцігадовая Аня можа самастойна зрабіць салату ці пасмажыць амлет, а адзінаццацігадовая Ксюша і малочны суп зладзіць, і піцы, не гаворачы пра бутэрброды ці макароны. Матуля не непакоіцца – неаднойчы правераны кулінарныя шэдэўры дачок, ды і пліта ў доме разумная.
У пакоях, дарэчы, усё было прыбрана, хоць і зваліліся “госці” без усялякага папярэджання. Гэта абавязак Ксюшы, Ані і нават сямігадовага Яўгена, які выносіць у кантэйнер смецце. Вакол яркага прыгожага дома па вуліцы Данукалава ў аграгарадку і кветкавая арка, і мноства клумб, не гаворачы пра градкі. Праполка – таксама на дзяўчатах, якія аднак называюць гэта самай нелюбімай працай.
Чым больш плануеш на дзень – тым больш паспяваеш. Праўдзівасць гэтага выслоўя ў іх сям’і лепш за ўсё “ілюстравалі” дзеці. Фотаздымкі і Ксюшы, і Ані, і Жэні – на школьнай Дошцы гонару. У кожнага свае дасягненні. Старэйшая любіць біялогію, працу, прычым ужо “падзарабляе”. Матулі ва ўсякім разе не трэба траціцца на манікюр. Ксюша набыла лямпу, гелі і адточвае навыкі на родных. Чацвёртакласніца Аня таксама добра вучыцца па ўсіх прадметах і выдатна спявае. Падчас гутаркі яна ціхенька запыталася, ці прыйдзе мама на канцэрт. Дзяўчынка спецыяльна развучыла дзве новыя песні, аднак гэты падарунак да Дня маці трымаўся ў сакрэце. Таццяна Алікаўна пацвердзіла свой удзел. Яна не прапускае ніводны бацькоўскі сход, ну а Віталь Віктаравіч і без гэтага выдатна ведае “аператыўную абстаноўку”, паколькі рэгулярна правярае дзённікі. Менавіта яму дзеці аддаюць перавагу ў гэтым абавязку, як больш добраму.
А любімы прадмет кожнага вучня сям’і, канечне, фізкультура. На лыжах не толькі стаіць, але і бегае ўжо Жэня, ну а Ксюша штодня спяшаецца на дадатковыя трэніроўкі. Пастаянныя чытачы “Патрыёта”, напэўна, здагадаліся, што яна – тая залатая зорачка біятлона, якая сёлета на рэспубліканскім этапе “Снежнага снайпера” аказалася самай моцнай у камандзе вобласці. У асабістым заліку яна атрымала крыўднае 4 месца, саступіўшы бронзавай уладальніцы ўсяго 6 секунд. Перажывала, хаця супакойваць трэба было больш бацькоў, якія сачылі за гонкамі дачкі непасрэдна з раўбіцкіх трыбун. Ксюша ж ведае, што наперадзе не адзін сезон, а цэлы стос яе грамат ужо не ўмяшчаецца ў спецыяльна адведзеную папку. Вось і днямі яна заваявала першае месца на раённай алімпіядзе па лёгкай атлетыцы. “Уладзімір Мікалаевіч расказваў, што мая бабуля Тоня вельмі хутка бегала, а цёця Оля і тата таксама былі біятланістамі”, – з гонарам расказвае пра спартыўныя гены Ксюша. Дарэчы, летам я выпадкова аказалася ў доме Антаніны Міхайлаўны Букі ў Замошшы. Ён таксама патанае ў кветках, бо яна абжывала і той, і гэты. Бацькі Віталя саступілі свой “саўгасны” дом у аграгарадку, перабраўшыся ў родную вёску, дзе падобны цагляны катэдж выдзелілі маладой сям’і.
Акрамя разумнай пліты ў доме не менш разумны вялікі плазменны тэлевізар, халадзільнік, мыечная машына… У двары – батут, чатыры веласіпеды, прычым у Ксюшы горны, а таксама ролікі, скейтборды, не гаворачы пра машынкі і лялькі. Усё, што жадаюць, яны маюць, бо і Віталь, і Таццяна – працавітыя, і што не менш важна ў сучасных рэаліях – надзейныя работнікі. Пазнаёміліся яны выпадкова на ўрачыстасці сяброў Віталя ў Ільюшыне, дзе дзяўчына працавала ў мясцовым бары. І нават у святочных умовах Таня разгледзела сур’ёзнага юнака без дрэнных звычак. Ён і зараз не курыць, не ўжывае спіртнога. Ухітраецца пры шчыльным працоўным графіку і сена нарыхтаваць, і на ўчастках пад тры гектары ўсе работы выканаць. Зусім нядаўна збылі кароўку, аднак падсобная гаспадарка ад гэтага не апусцела: бык, парсюкі, куры па-ранейшаму ў наяўнасці. Таму і засяваюць зерневыя, засаджваюць вялікія плошчы пад бульбу. Таццяна да дэкрэтнага водпуску працавала ў прыватным магазіне. А зараз стараецца дапамагчы свекрыві, якая працуе цялятніцай.
Пры ўсім гэтым сям’я Букаў працуе дзеля таго, каб жыць, а не наадварот. Нарач, Бярэзінскі запаведнік, цырк, заапарк – сямейныя вандроўкі ладзяцца, як толькі ва ўсіх супадае вольны час. Напрамак выбіраюць разам, як і зараз новы прасторны міні-вэн – ушасцярых пускацца ў падарожжы ў звычайным аўто ўжо нязручна.
Вольга КАРАЛЕНКА.