Культура Ушаччины: цифры и факты

Общество

Працуюць, калі ўсе адпачываюць. Гэта – пра работнікаў культуры. Напярэдадні іх прафесійнага свята дзейнасць устаноў сферы разгледзелі на выязным прэзідыуме раённага Савета дэпутатаў, падчас якога дэпутаты наведалі Дом рамёстваў (на здымку), музей, цэнтральную бібліятэку і сектар дзіцячай і юнацкай кнігі.

Сфера культуры Ушаччыны ўключае цэнтр культуры з 14 ўстановамі, цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму, у складзе якой 9 бібліятэк, музей народнай славы з філіяламі – “Прарывам” і музеем-сядзібай В.Быкава.

Сотні канцэртаў

188 канцэртаў, 47 тэатралізаваных народных святаў, 89 выстаў, 28 конкурсаў – далёка не ўвесь пералік сёлетніх мерапрыемстваў, усяго за 8 месяцаў у раёне іх праведзена 2230 (на 460 больш, чым летась), прысутнічала на іх больш 57 тысяч чалавек. На платнай аснове прайшло 1056, зароблена 48 тысяч рублёў. Культработнікі стараюцца зацікавіць ушачан розных узростаў: для дзяцей і падлеткаў створана мноства розных гурткоў і студый, у час летніх канікул на танцпляцоўцы працаваў гульнявы дзіцячы гарадок. Самыя актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў – пажылыя людзі. Туды, дзе няма культустаноў, едзе аўтаклуб, а жыхары маланаселеных і аддаленых вёсак падвозяцца на святы. За 8 месяцаў праведзена 69 выязных мерапрыемстваў.

Ці запатрабавана кіно?

У Цэнтры культуры за тыдзень праходзіць 6 дарослых і 5 дзіцячых сеансаў, у аграгарадках – па 2 дарослых і 2 дзіцячыя сеансы. Аднак інтарэс да кіно ў насельніцтва зусім невялікі: за 8 месяцаў праведзена 900 сеансаў, якія наведалі 3623 чалавекі. У сувязі з гэтым Міністэрствам культуры рэкамендавана ў аграгарадках “круціць кіно” толькі калі набыта не менш пяці білетаў. У сувязі з адсутнасцю ў раёне тэатра пастаўлена задача наладзіць супрацоўніцтва з абласным імя Я.Коласа, каб прывозіць спектаклі не радзей 1 разу ў паўгоддзе, а таксама арганізаваць у Цэнтры культуры работу лялечнага тэатра, над чым, дарэчы, культработнікі ўжо актыўна працуюць.

Колькі мы чытаем?

У фондзе бібліятэчнай сістэмы зараз больш за 92 тысячы выданняў. Паслугамі бібліятэк сёлета скарысталіся 5874 чалавекі ці 51% насельніцтва раёна. Арганізуюць тут і інфармацыйна-забаўляльныя праграмы, працуюць 9 аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. За 8 месяцаў супрацоўнікамі праведзена 269 мерапрыемстваў, аформлена 315 выстаў, выдадзены зборнікі вершаў, успамінаў удзельнікаў і сведак падзей Вялікай Айчыннай вайны.

Патрыятычны цэнтр

Менавіта так можна назваць музей народнай славы імя У.Лабанка. На яго базе арганізуюцца дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы маладых спецыялістаў, пасяджэнні грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзаў, прыём у піянеры, патрыятычныя ўрокі для школьнікаў. Адкрыты ў 2022-м пасля рэканструкцыі, ён карыстаецца папулярнасцю: у прыгаданым годзе музей наведалі 34699 чалавек, у 2023-м – 23492, за 8 месяцаў бягучага – 20171. Часцей сталі заказваць экскурсіі: сёлета іх правялі на 87 больш, чым летась (усяго 641). За 8 месяцаў арганізавалі 11 выстаў. Прыкласці максімум намаганняў па падтрыманні іміджу музея, арганізоўваць часовыя экспазіцыі, больш актыўна выкарыстоўваць сацсеткі – такая задача стаіць перад супрацоўнікамі ўстановы.

Патрэбны ўкладанні

Сучаснага гледача трэба зацікавіць не толькі талентам, а і прыгожай карцінкай, якасным гукам, светлавым афармленнем. Летась для культустаноў са сродкаў бюджэту і пазабюджэтнай дзейнасці набывалася новае абсталяванне, у тым ліку музычныя інструменты, касцюмы, камп’ютарная тэхніка, аўтобус, дрэваапрацоўчы станок для Дома рамёстваў. Разам з тым музычная апаратура сельскіх устаноў мае 100-працэнтны знос, тэрмінова патрабуецца новае светлавое і гукаўзмацняльнае абсталяванне для Цэнтра культуры, капрамонту чакаюць у Доме рамёстваў і раённай бібліятэцы.

“Бачны старанні работнікаў культуры, яны радуюць сваім талентам і майстэрствам, прыдумваюць новыя віды паслуг, каб задаволіць запыты грамадзян на якасным узроўні, як патрабуе сучасны глядач і наведвальнік. Будзем шукаць магчымыя шляхі вырашэння праблемных пытанняў”, – адзначыла член Савета Рэспублікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *