30 лет на сцене: история заведующей отделом культработы Ирины Клачёк

К профессиональному празднику Общество

Пісаць пра культработнікаў бывае няпроста. Зусім не таму, што не стае цікавых фактаў. Наадварот: пасля размовы з прадстаўнікамі гэтай прафесіі ў нашых блакнотах застаецца столькі спісаных старонак, што даводзіцца тужліва вырашаць, якія з каларытных эпізодаў увойдуць у артыкул, а якія застануцца за кадрам. У выпадку з загадчыкам аддзела культурна-масавай работы і народнай творчасці галоўнай культустановы нашага раёна Ірынай Сяргееўнай Клачок было менавіта так. За яе плячыма – амаль 30-гадовае плённае прафесійнае жыццё, сотні арганізаваных святаў і канцэртаў, тысячы выступленняў на розных сцэнічных пляцоўках.

І зараз нават не верыцца, што выпускніца Кубліцкай школы спачатку думала падаваць дакументы ў Аршанскае медвучылішча. Бацькі ж раілі педагогіку, ды і проста не хацелі адпускаць дачку ў няблізкі горад, які ў пачатку 90-х меў крымінальную славу. У выніку ўзнік трэці варыянт – Віцебскае вучылішча мастацтваў. Творчы конкурс Іра прайшла на “ўра” – расказваць гумарэскі, пець і танцаваць напрактыкавалася ў школьных гуртках, якія вяла Вера Іванаўна Грак. Калі ж старшыня камісіі прапанаваў акцёрскі экспромт – паказаць сітуацыю, быццам дзяўчына заблукала ў лесе – ад яе ўразлівага “Ауу!!” схамянуліся і прахожыя на вуліцы. Больш лёгкага задання для ўраджэнкі Забалацця было і не прыдумаць! Вучыцца на рэжысёра народных абрадаў і святаў вельмі падабалася. Студэнты ладзілі шмат канцэртаў, пры гэтым кола гледачоў было самым шырокім – ад школьнікаў да асуджаных віцебскіх калоній: выступалі і перад падобным кантынгентам, паказвалі вясковыя вячоркі – і так горача артыстаў не прымаў ніхто.

Кар’еру Ірына пачынала на Далеччыне і добрым словам узгадвае мясцовых педагогаў, якія дапамагалі ладзіць святочныя агеньчыкі, выступленні Клуба Вяселых і Знаходлівых. Пасля замужжа і нараджэння дзяцей абаснавалася ў гарпасёлку і стала кіраўніком аб’яднання “Прысмакі”. Прыгадвае, як хвалявалася ў час першага пацвярджэння звання “Народны” (нават словы верша з галавы вылецелі!), але ўсё прайшло выдатна: абласная камісія ацаніла і стравы, і творчае аздабленне. Ды і не было шансаў яе не ўразіць з такімі ўдзельніцамі клуба, як Ганна Мялешка, Людміла Пашута, Галіна Судак, Надзея Азаронак, Галіна і Наталля Рудзёнак.

А вось асвоіцца на пасадзе рэжысёра масавых мерапрыемстваў Ірыне было няпроста. Штораз старалася захапіць людзей насычаным дзействам, прыдумаць нешта новае. Дарэчы, усім вядомы конкурс, калі трэба з завязанымі вачыма паставіць вілкамі чыгунок у фанерную печку, укараніла менавіта яна – падгледзела ідэю на майстар-класе ў этнографа Пятра Гуда і папрасіла Міхаіла Багдановіча зрабіць дэкарацыі. “І зараз з удзячнасцю прыгадваю гэтага мастака, які падхопліваў любую слушную ідэю. Як, зрэшты, і сваіх выдатных калег Марыю Шаўчэнка, Іну Клімаву, Людмілу Смыслову, у якіх многаму навучылася”, – адзначае гераіня аповеду.

“А вось калі я 20 год таму прыйшла ў прафесію, менавіта ў Ірыны пераймала сакрэты майстэрства, – далучылася да размовы Вольга Мацулевіч. – А памятаеце нашы “Бітвы аграгарадкоў” у сярэдзіне 2000-х? У залах СДК ніводнага свабоднага месца не было!”. Не сумняваюся, што многія помняць і конкурс “Добрыя малайцы”, што ладзіўся ў РДК на 23-га лютага. Гледачы смяяліся да слёз, калі па сцэне па-заліхвацку скокалі на драўляных канях брутальныя канкурсанты з міліцыі, ЖКГ, райспажыўтаварыства. Яго пастаноўкай займалася гераіня артыкула.

Праяўляе Ірына сябе і ў сур’ёзных праектах. Колькі ўзнёслых водгукаў даводзіцца чуць пра наша брэндавае свята “Прарыў Перамогі”, рэжысёрам якога з’яўляецца Ірына. Адказвала яна і за ўшацкія пляцоўкі на “Славянскім базары ў Віцебску”. А яшчэ пранікнёна іграла Серафіму ў “Бліндажы” і маці ў “Сваяках” па Быкаву…

А колькі спектакляў для дзяцей паставіла! У іх, дарэчы, звычайна “браніруе” для сябе ролі Бабы Ягі і іншых камічных персанажаў. Я ж і зараз не магу без усмешкі ўспамінаць відэаэпізод з леташняй навагодняй казкі: балотная пачвара ў яе выкананні выскачыла з РДК з намерам хутчэй трапіць у лес і пачала тармазіць спадарожны транспарт, якім аказалася… міліцэйская машына. Шчыра кажучы, думала, што такое прапісваў сцэнарый, але ж насамрэч гэта была імправізацыя – добра, што не спыніліся і не “падвезлі” актрысу куды належыць. Экспромтаў у культуры заўсёды хапае. Неяк раз, напрыклад, вечарам перад прэм’ерай захварэў Жэня Зуеў, што іграў дракончыка, і каб не сарваўся спектакль, сын Ірыны, які быў тады школьнікам, за ноч вывучыў тэкст і выратаваў казку. Так, дзеці ў нашай гераіні таксама вельмі таленавітыя – пра Марата і Злату мы неаднойчы пісалі як пра пераможцаў алімпіяд, удзельнікаў розных праектаў. Прафесіі абое абралі не творчыя, але вельмі важныя для грамадства: хлопец вучыцца на хімфаку БДУ, дзяўчына – у Віцебскім медуніверсітэце. А вось галава сям’і Аляксей – спецыяліст тэхнічнай сферы, забяспечвае ўшачан электрасувяззю.

…Ну вось і скончыўся ліміт сённяшніх радкоў. А колькі ўсяго не расказана! Ды нічога – мы абавязкова ўбачым яшчэ шмат захапляльнага ад Ірыны Клачок і іншых культработнікаў на нашых канцэртах і святах. І адорым іх шчырым захапленнем і заслужанымі апладысментамі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *