Па інфармацыі Ушацкага РАУС, у жніўні-верасні ў раёне было ўзбуджана 11 крымінальных спраў: 4 і 7 адпаведна.
Разборкі з наступствамі
Пералом сківіцы, ніжняй вачніцы, носу… Усё гэта – далёка не поўны пералік траўм, якія нанёс свайму знаёмаму жыхар райцэнтра 2005 года нараджэння. Сварка паміж мужчынамі разгарэлася на вуліцы Віцебскай. Маладзейшы адступаць не жадаў – вось і памахаў кулакамі. Па факце прычынення менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў узбуджана крымінальная справа, дарэчы, першая ў біяграфіі ўшачаніна.
Пачуцці затуманілі розум
Праблемы з законам зарабіў сабе ўраджэнец Салаўёўкі 2004 года нараджэння. Ведаючы аб прадугледжанай адказнасці, малады чалавек уступіў у палавую сувязь з непаўналетняй – дзяўчыне, якая выхоўваецца ў добранадзейнай ушацкай сям’і, на той момант было толькі 15.
Выпіць, паесці і… сесці
Чужы дом у вёсцы Крошына стаў аб’ектам увагі мясцовай жыхаркі 1982 года нараджэння. Жанчына пранікла ў памяшканне і выкрала прадукты на суму каля 18 рублёў. Дарэчы, за гэта з улікам сваіх ранейшых “заслуг” (з’яўляецца абавязанай асобай) ужо атрымала тры месяцы арышту.
Выпітае спіртное падштурхнула на крадзеж ушачанку 2002 года нараджэння: у адным з двароў ва Угрынках яна ўскрыла гараж знойдзенымі ключамі і разжылася на бензатрымер коштам 300 рублёў. Пакупніка такой тэхнікі знайшла хутка – праўда, парадавацца здзелцы не паспела, бо трапіла пад увагу праваахоўнікаў.
Яшчэ адзін крадзеж здзейсніў у Дубраўцы мясцовы 59-гадовы жыхар: вынес абсалютна ўсё – ад посуду, бялізны, дываноў да габарытных прадметаў мэблі. Пранікнуў у памяшканне мужчына праз разбітае акно. Урон, які панеслі пацярпелыя, склаў 4182 рубля.
У свабодным доступе
Работнікі УП ЖКГ, задзейнічаныя на рамонце дома па вуліцы Садовай, пра захаванасць маёмасці не падумалі. Як вынік – хтосьці пажывіўся на шурупавёрт, будаўнічы міксер, перфаратар, два падаўжальнікі, якія засталіся на ноч у незачыненым цеплапункце. Прадпрыемства панесла ўрон у 1978 рублёў.
Краў з роднай гаспадаркі
Вадзіцель адной з гаспадарак раёна 1993 года нараджэння прыдумаў сабе незаконны заробак: зліваў з аўтатранспарту дызельная паліва, знаходзіў пакупнікоў і рэалізоўваў. За два ліпеньскія тыдні такім чынам разжыўся не менш чым на 287 літраў гаручага, а потым – на 657 рублёў.
Не разлічыў сілы
Трагедыя адбылася ў Касарах. Жыхар райцэнтра са сваімі сяброўкамі зайшоў у госці да аднаго з мясцовых мужчын – па яго адрасе меркавалася арганізаваць застолле. Але ж агульную мову прадстаўнікі моцнай паловы не знайшлі – гаспадар 1979 года нараджэння актыўна выправаджваў госця, прычым, не толькі словамі, але і кулакамі. У некалькі этапаў збіў так, што самастойна ісці ўшачанін ужо не мог. Жанчыны зацягнулі яго дамоў да адной з іх, а самі працягнулі п’янку. Калі ж праз колькі часу прыйшлі за таварышам… знайшлі яго мёртвым. Па факце прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, у адносінах вяскоўца ўзбуджана крымінальная справа.
Не падзялілі… пейзаж
Вяртаючыся на аўто ў Кублічы, маладыя людзі прыпыніліся ненадоўга ля Баяршчыны: натхніў прыгожы захад сонца, на фоне якога мусілі сфатаграфавацца. Вось толькі іх душэўны парыў чамусьці не ацаніў мясцовы жыхар 1999 года нараджэння – стаў крычаць, каб “сышлі з пейзажу”. Калі ж тыя адмахнуліся, працягваючы выбіраць удалы кадр, дастаў нож і з пагрозай забіць кінуўся да іх. Абышлося, на шчасце, без ахвяр, аднак адказаць перад законам за сваю “рэзкасць” мужчыну ўсё ж давядзецца.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.