Усё сёння можна купіць у магазіне, многае заказаць прама з дастаўкай на дом, але восеньскі кірмаш па-ранейшаму застаецца чаканым і запатрабаваным мерапрыемствам. У суботу на гадзінніку яшчэ не было і 9, а многія ўшачане ўжо вярталіся з плошчы з пакупкамі.
Як і чакалася, адным з самых хадавых тавараў аказалася зерне. Рэалізоўвалі яго як сельгаспрадпрыемствы, так і фермеры, сярэдні ж кошт склаў 30 рублёў за мяшок. Актыўна разбіралі і капусту – ёй у дастатковай колькасці гандлявалі ў некалькіх кропках. Дарэчы, агародніны ад перцаў да бульбы было на любы густ. Найбольшая чарга за ёй выстраілася да філіяла “Вясна-энерга” з-за шырэйшага выбару і самага таннага кошту на капусту і бульбу.
Паклапаціліся пра асартымент да кірмашу ва Ушацкім філіяле аблспажыўтаварыства і акрамя мяса, выпечкі асобна выставілі кропку з садавіной і агароднінай. Дарэчы, на кірмашы кааператары знізілі цэны, напрыклад, тая ж капуста прапаноўвалася па 1.30, у той час як у магазінах цэннік на яе – 1.60. А журавіны наогул былі па вельмі прывабным кошце: 8 рублёў за кілаграм. І калі спачатку ля машыны філіяла не было ажыятажу, то ўжо праз гадзіну гандаль ішоў вельмі бойка, а па завяршэнні кірмашу наогул распрадалі ўсё прывезенае.
Грунтоўна падрыхтаваліся да кірмашу ў лясгасе: акрамя дэкаратыўных раслін з уласнага пітомніка прапаноўвалі мёд у літровых і паўлітровых слоіках. Разышоўся актуальны для суботняга дня тавар – лазневыя венікі. Дарэчы, калі хтосьці не паспеў набыць, можна звярнуцца ў лясгас ці любое з лясніцтваў – там ён, як і на кірмашы, будзе каштаваць 4 рублі. Карыстаўся попытам бярозавы сок. “Гэта нейкая памылка? Чаму на этыкетцы значыцца “Ушацкі лясгас?” Вы адкрылі вытворчасць ляснога напітку? А чаму ён рознага колеру?” – задавалі шмат пытанняў пакупнікі. Хоць сок у бутэльках і з ушацкіх лясоў, але “расфасаваны” па заказе на спецыяльнай вытворчасці. Прычым, быў не толькі чыста бярозавік, а і з дабаўленнем карысных інгрэдыентаў кшталту шыпоўніка. А вось новым таварам на пляцоўцы лясгаса стала… рыба! Так, прадпрыемства рэалізоўвала ўлоў з нядаўна ўзятага ў арэнду Тартака. Акуні па 5.50 за кілаграм і ляшчы са шчупакамі за 7.15 разышліся імгненна. А калі было аб’яўлена, што падвязецца другая партыя ўлову, пакупнікі нават не адыходзілі ад кропкі лясгаса, каб не прапусціць. Прывабліваў як памер і выгляд ладных рыбін, так і кошт, які быў меншы, чым у астатніх.
Бойка ішоў гандаль ля машыны Верхнядзвінскага масласырзавода – хоць і прыязджаюць прадстаўнікі прадпрыемства ва Ушачы амаль кожны тыдзень, за прадукцыяй пад брэндам “Ян Сырадзел” усё роўна выстраілася вялікая чарга.
У прыватнікаў імгненна раскупілі яблыкі, усім нават не хапіла – гэты фрукт ва ўшацкіх садах сёлета ў дэфіцыце. Для тых жа, хто жадае вырасціць іх сам, прапаноўваліся саджанцы. Праўда, на гэты раз выбар іх быў не вельмі багатым, але ўсё ж апантаныя садаводы набывалі не толькі яблыні, а і вішні, грушы і абрыкосы. Ну а многія жанчыны не змаглі прайсці міма бардовых, жоўтых, белых кустоў хрызантэм, якія сваімі яркімі фарбамі завяршаюць кветкавы сезон. Дарэчы, у такіх кропках кветкаводы яшчэ і парадамі рознымі абменьваюцца.
Магчыма, гэты кірмаш і не пабіў рэкорды па прапанаваным асартыменце – многія з запрошаных прадпрыемстваў і прыватнікаў не змаглі прыехаць, але ўсё ж самым неабходным ушачане затарыліся. Ва ўсялякім разе нам не давялося ўбачыць тых, хто вяртаўся з кірмашу з зусім пустымі рукамі.
Вольга КАМАРКОВА.