Добраахвотная акцыя пад такой назвай пройдзе ў Беларусі 15 кастрычніка 2011 года па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі ў рамках Міжнароднага года лясоў. Дэвіз акцыі – “Лёс лесу ў нашых руках”, а асноўная яе мэта – прыцягнуць увагу грамадскасці да неабходнасці беражліва адносіцца да лесу і не засмечваць яго.
Вырашаючы важныя дзяржаўныя задачы ў вобласці ўзнаўлення, аховы лясоў, арганізацыі Міністэрства лясной гаспадаркі штогод накіроўвае значныя сілы і сродкі на работу па навядзенні парадку ў лясным фондзе. Толькі ў бягучым годзе на ахову і добраўпарадкаванне лясоў рэспублікі накіравана 6,5 мільярда рублёў. Разам з тым, па-ранейшаму застаецца вострай праблема несанкцыянаваных звалак будаўнічых і бытавых адыходаў. За 8 месяцаў 2011 года ў лясным фондзе краіны сабрана 2240 кубаметраў бытавога смецця. Па нашым раёне гэты паказчык склаў 5,3 кубаметра. Вялікая частка сабранага смецця знаходзілася ўздоўж аўтамабільных дарог – 2,8 кубаметра, 1,5 – сабрана на месцах адпачынку і прылягаючых да іх тэрыторыях, 1 кубаметр – вакол населеных пунктаў і дачных пасёлкаў. На жаль, культура адпачынку на прыродзе ў асобных грамадзян яшчэ знаходзіцца на нізкім узроўні. Варварскае стаўленне да лесу і ў тых, хто вывозіць у яго бытавое смецце з населеных пунктаў.
Акцыя «Чысты лес» заклікана аб’яднаць намаганні неабыякавых людзей, якія гатовы ўнесці свой уклад у навядзенне парадку ў лесе, вакол населеных пунктаў, паказаць прыклад адносін да галоўнага прыроднага багацця Беларусі. Прыняць удзел у ёй могуць усё жадаючыя. Для гэтага трэба звярнуцца ў любое лясніцтва і заявіць аб сваім жаданні паўдзельнічаць у акцыі. Арганізацыі Міністэрства лясной гаспадаркі забяспечаць усіх удзельнікаў неабходным інвентаром, арганізуюць вываз смецця. Па ўсіх пытаннях удзелу ў акцыі ў нашым раёне можна звярнуцца ў ДЛГУ «Ушацкі лясгас» па тэлефоне: 2-17-30, а таксама ў лясніцтва па месцы жыхарства.
Гэтая акцыя праводзіцца ўжо трэці год. За гэты час яна набыла сваіх пастаянных удзельнікаў, заўсёды знаходзіць актыўную падтрымку мясцовых выканаўчых органаў улады, дзяржаўных, грамадскіх і камерцыйных арганізацый, школьнікаў, студэнтаў і сродкаў масавай інфармацыі. Штогод у акцыі «Чысты лес» прымае ўдзел больш дзесяці тысяч чалавек. Гэта гаворыць аб тым, што нашаму грамадству неабыякавы лёс лесу і заўсёды ёсць людзі, якія гатовы ўнесці свой пасільны ўклад у добраўпарадкаванне лясоў, навядзенне ў іх чысціні. І самае галоўнае – акцыя яшчэ раз нагадае ўсім, што «чыста там, дзе не смецяць!».
А.АПЁНАК,
намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Ушацкі лясгас”.