Святаслаў Іваноў заўсёды ўдзельнічае ў раённых прадметных алімпіядах па фізіцы і матэматыцы, неаднойчы заваёўваў прызавыя месцы. А вось сёлета і на вобласці вызначыўся. Юнак прывёз дыплом трэцяй ступені па фізіцы, а таму першую радасць раздзяліў не толькі з бацькамі, а і са сваім настаўнікам па любімым прадмеце Віктарам Мікалаевічам Герцыкам.
Уладзіслаў Галынскі – мовазнаўца, прычым, захапляецца не толькі рускай, а і англійскай мовай. Ужо некалькі год запар яго імя гучыць у тройцы лідэраў на раённай алімпіядзе па рускай мове, а вось у гэтым годзе ён заваяваў дыплом трэцяй ступені на вобласці. Такое захапленне прадметам хлопцу перадалося ад вопытнай настаўніцы Наталлі Уладзіміраўны Шасцярэнь, хоць многае тут, канечне, “спісваецца” і на прыродныя высокія здольнасці, на асаблівае лінгвістычнае чуццё.
Вікторыя Волах перайшла ва Ушацкую школу з Касарской крыху больш года таму. І настаўніца біялогіі Вольга Анатольеўна Жыткая адразу вылучыла яе сярод іншых як вучня з моцнай базавай падрыхтоўкай па прадмеце і вялі- кай уласнай зацікаўленасцю яе памнажаць. Дзяўчына настойліва наведвала факультатыўныя заняткі, старанна выконвала ўсе дадатковыя заданні, перамагла ў навукова-практычнай канферэнцыі з дакладам па экалагічнай тэме. У бягучым навучальным годзе на раённай алімпіядзе па біялогіі атрымала дыплом трэцяй ступені, а на абласным этапе і ўвогуле перасягнула сама сябе – прывезла дыплом другой ступені.
Вельмі здольная ў матэматыцы Алёна Зімніцкая кожны год паказвае свае высокія веды па гэтым прадмеце на раённых алімпіядах. Яе настаўніца Людміла Аляксандраўна Худалеева заўсёды верыла ў большыя здольнасці сваёй вучаніцы. І не памылілася. На абласным этапе Алёна заваявала дыплом трэцяй ступені. Пасля гэтага ўсур’ёз задумалася звязаць сваю будучую прафесію з гэтай навукай.