Хто той педагог, які запаў у душу, паўплываў на далейшы лёс і выбар прафесіі? З такімі пытаннямі мы звярталіся да ўшачан напярэдадні Дня настаўніка, каб прыгадаць як мага больш прадстаўнікоў гэтай пачэснай прафесіі.
Людміла Іванаўна ГАНЕБНАЯ, выпускніца Звонскай васьмігодкі:
– Школьныя гады не забываюцца, але толькі цяпер, з цягам часу разумееш і цэніш чалавечыя якасці. І таму самым выдатным настаўнікам назаву дырэктара Мікалая Паўлавіча Собаля. Як ён клапаціўся пра нас, дзяцей з навакольных вёсак. Пры школе існавала сталовая, там гатавалі абеды з назапашаных прадуктаў, а хлеб ён на сваіх плячах насіў ажно з магазіна з Рагуцкіх. Вельмі любіла ўрокі рускай мовы і літаратуры, якія вяла Тамара Антонаўна Другакова, і фізікі, якую ўжо ва Ушацкай сярэдняй выкладала Тамара Ільінічна Калеснік.
Андрэй Анатольевіч КАРПОВІЧ, выпускнік Плінскай школы:
– Шэсць класаў я скончыў на Случчыне, а калі ў сёмым на ўроку батанікі на практычныя заняткі Галіна Серафімаўна Мірановіч прывяла ў цяпліцу, проста абамлеў. Такой колькасці раслін, сярод іх і рэдкіх пакаёвых, у адным месцы ніколі не бачыў. Гэта стала прыхільнасцю на ўсё жыццё, і ў дарослым часта абмяркоўвалі з настаўніцай сакрэты размнажэння кветак, якіх шмат было і ў яе палісадзе. Акрамя біялогіі яна выкладала ў нас “Этыку і дэанталогію сямейнага жыцця”, закранала генетыку, вельмі цікава расказвала пра ўзаемаадносіны людзей. Прыгожая, тактоўная, сама вельмі цікаўная, у яе не паўтараўся ні адзін урок. Акрамя медыцынскай адукацыі я яшчэ і сацыяльны псіхолаг, і на будучы выбар, канечне, паўплывала Г.Мірановіч. Гэта настолькі важны для мяне чалавек, што нарадзіцца варта было толькі для таго, каб пазнаёміцца з ёй.
Алена Валянцінаўна ШАЎЧЭНКА, выпускніца Ушацкай школы:
– Мой любімы настаўнік і ён жа – самы “класны” класны нашага 11 “Г” – Віктар Мікалаевіч Герцык. У 1992 годзе пры здачы экзамена па выбары, спынілася менавіта на матэматыцы, якую ён выкладаў. Нескладана мне было потым вучыцца і ў радыётэхнічным тэхнікуме.
Пётр Мікалаевіч СМАРГУН, выпускнік Глыбачанскай школы:
– Мала засталося настаўнікаў, якія ў нас выкладалі, сярод іх наш класны кіраўнік, тады малады фізрук Уладзімір Іванавіч Петражыцкі. У старой школе спартзалы не было, і з якой радасцю мы фарбавалі абрашотку ў новай, вялікай, а потым зімой 1973 года на кані перавозілі ў класы парты. Памятаю, з цёмным пешшу ішлі з Марыяй Сяргееўнай Каплеўскай на дубраўскую шашу, каб трапіць у раён на алімпіяду па хіміі, якую яна вяла апантана. А аднойчы я вельмі напалохаў яе. Вярнуўшыся з “Зубронка”, прапусціў тэму вызначэння кіслот па паху. І калі выклікалі мяне – “сунуў” нос у прабірку. Любіў і матэматыку – выдатна давала прадмет Святлана Сямёнаўна Маскаленка, якая звярталася да ўсіх вучняў на “Вы”.
Таццяна КАЗАЧОНАК, выпускніца Ушацкай школы:
– Наш 10 “А” 1985-га года выпуску быў “з характарам”, так што настаўнікам іншы раз прыходзілася з намі няпроста. Яўген Пятровіч Васілеўскі – чалавек, які прайшоў Вялікую Айчынную вайну – падабаўся тым, што заўсёды заставаўся спакойным, ураўнаважаным, выдатна ведаў свой прадмет і цярпліва вучыў нас разбірацца ў законах фізікі. Як ніхто ўмела навесці дысцыпліну выкладчык хіміі Серафіма Мікалаеўна Голубева. А які бездакорны парадак быў у кабінеце! Аднак пры ўсёй сваёй строгасці яна мела тонкае пачуццё гумару. Выклікае, памятаю, да дошкі нашу аднакласніцу, якая прыйшла ў школу з новай прычоскай, і кажа: “Ну што, Валянціна, на галаве – “хімія”, паглядзім, ці ёсць яна ў галаве”. Прынамсі асновы гэтага прадмета мне пазней спатрэбіліся ў прафесіі парыкмахера.
Аляксей Сцяпанавіч МАРТЫНЮК, выпускнік Вялікадолецкай школы:
– Калі вылучаць аднаго, то самы цікавы і непаўторны для мяне, безумоўна, Мікалай Уладзіміравіч Аніскевіч, які вёў у нас і фізіку, і матэматыку. Гэтыя дакладныя дысцыпліны дзякуючы яму ніколі не былі сухімі, і потым у політэхнічным тэхнікуме ў мяне не паўставала ніякіх праблем. А яшчэ ён быў нашым класным кіраўніком і ўсіх 17 чалавек вадзіў у паходы. Асабліва памятныя – з начоўкай на Маладалеччыну.
Юлія ЛЁЛЯ, выпускніца Арэхаўскай школы:
– З педагагічным калектывам нам пашанцавала. Вельмі падабаліся ўрокі рускай мовы і літаратуры, якія вяла Тамара Міхайлаўна Русак – тлумачыла яна матэрыял вельмі дасціпна, таму я без праблем здала прадмет для паступлення ў ВНУ. А як захапляльна выкладала гісторыю Ларыса Аляксандраўна Булаўка! Не хочацца нікога крыўдзіць, але ўрокі нашай настаўніцы былі цікавейшыя нават за лекцыі майго ўніверсітэцкага выкладчыка. Пашанцавала нам і з класным кіраўніком: Васіль Ігнатавіч Карчэўскі ўмеў і строгасць праявіць, але заўсёды заставаўся справядлівым.
Таццяна Іванаўна ЛАНЦУНЦЭВІЧ, выпускніца Ільюшынскай школы:
– Я вам не назаву любімага настаўніка. У нас усе выдатныя, і на ўроках было цікава. Але, пераканана, былыя вучні нашай школы будуць успамінаць Антаніну Аркадзьеўну Крывапушчанка. Колькі незабыўных, яркіх уражанняў падарыла яна нам падчас шматлікіх паходаў. Дзякуючы ёй мы ўсе з маленства турысты і не разгубімся ў лесе, раскладзём вогнішча з адной запалкі. Зразумела, памятаем і першага настаўніка – нашу добрую Таццяну Міхайлаўну Хвошч.
Ігар Віктаравіч ПОЛАЗАЎ, выпускнік Ушацкай школы:
– Прыйшлі мы ў першы клас у далёкім 1968-м і трапілі да Ядвігі Ігнацьеўны Тарасевіч. Яна не толькі заклала базу па ўсіх прадметах, а і згуртавала нас, напоўніла школьнае жыццё падзеямі. Памятаю, як аднойчы павяла нас у паход у Ліпавец і навучыла карыстацца компасам, арыентавацца на мясцовасці. У гэты ж дзень праходзіў школьны турзлёт – мы хуценька перайшлі на Вечалле і сталі там пераможцамі. Класны кіраўнік Аліна Васільеўна Суворава захапіла нас геаграфіяй. На перапынку перад гэтым прадметам на дошку вешалі вялікую карту, і мы ладзілі конкурс – хто першы назаве сталіцу якой-небудзь экзатычнай дзяржавы… У наш час у школу прыйшло шмат маладых і абаяльных ініцыятыўных настаўніц: Святлана Назараўна Путра, Таццяна Міхайлаўна Іваненка, Таццяна Аляксееўна Ганчарык. Памятаю, як апошняя адкрыла для мяне пісьменніка Уладзіміра Багамолава – дала пачытаць часопіс “Новы свет” з яго раманам “У жніўні 44-га”. А якімі разнастайнымі былі ўрокі фізкультуры ў Эдуарда Фадзеевіча Багдановіча. Мы і практыкаванні на кольцах, брусах рабілі, і прыёмы самба асвойвалі… Любілі і заняткі па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы, якія вёў Сяргей Трафімавіч Белавусаў. Кожны з нас за некалькі хвілін разбіраў АК-47 і трапна страляў з дробнакалібернай вінтоўкі. Увогуле лічу, што настаўнікі ва ўсе часы павінны заставацца элітай грамадства.
Падрыхтавалі Вольга КАРАЛЕНКА, Наталля БАГДАНОВІЧ.