35 лет творчества и вдохновения: история музыкального руководителя Вероники Герасимовой

К профессиональному празднику Общество

Напэўна, многім, хто ў снежні 2023-га быў на свяце адкрыцця галоўнай ёлкі раёна, запомніўся вясёлы Заяц з дзіцячага сада №2 г.п.Ушачы. Дзякуючы яму творчае выступленне ўстановы безагаворачна прызнана лепшым. На нядаўнім жа Дні горада падчас “Бульба-батла” работніцы садка не проста рэкламавалі стравы, спявалі песні, але і па-майстэрску ўцягвалі ў працэс гасцей свята. У чым сакрэт? У дружным калектыве, які ва ўсім імкнецца да ідэалу, а яшчэ ў прафесіяналізме, творчым задоры музычнага кіраўніка Веранікі Герасімавай – яна была і рэжысёрам, і сцэнарыстам, і галоўнай дзеючай асобай прыгаданых прадстаўленняў.

Колькі ж усяго было іх за 35 гадоў педагагічнай дзейнасці, сказаць цяжка. Як і падлічыць колькасць атрыманых самой Веранікай Васільеўнай, яе выхаванцамі ўзнагарод. “Душой калектыву” называюць карэнную ўшачанку калегі, землякі ж часта дзякуюць за адкрытыя ў іх сыноў і дачушак таленты. “Абавязкова аддайце Паліну на вакал – так чысценька спявае!” – параіла некалі В.В.Герасімава маёй знаёмай. І не памылілася – цяпер ужо старшакласніца годна выступае на вобласці, у рэспубліцы. Зрэшты, такіх творчых, таленавітых людзей прайшло праз педагога нямала. У іх ліку, напрыклад, Сяргей Смаляк, які доўгі час выступаў у складзе ансамбля Віцебскай абласной філармоніі “Талака”.

Магчымасці самой Веранікі Васільеўны гэтак жа заўважылі ў дзіцячым садзе – музычны кіраўнік Сцяпан Пятровіч Ануй часта даваў ёй сольныя нумары. Паколькі ж была мініяцюрнай, худзенькай, ад музычнай школы адгаворвала маці, маўляў, інструмент у руках утрымаць не зможа. І толькі ў пятым класе дала дабро – так наша гераіня навучылася граць на акардыёне.

“Настолькі любіла музыку, што іншай прафесіі нават не разглядала – пайшла у Полацкае педвучылішча, а блізкія набылі мне ў сталіцы шыкоўны нямецкі інструмент, – расказвае яна. – У школу трапіць па размеркаванні баялася. Па душы была работа з малышамі – напэўна, частыя візіты да матулі, якая працавала ў дзіцячым садзе №1 г.п.Ушачы, адбіліся. І як парадавалася, калі сама прыйшла ў гэтую дашкольную ўстанову, праўда, на пасаду выхавацеля. Музычным жа кіраўніком стала ў 1993-м – і ўжо ў садку №2”.

У той час тут было адразу два спецыялісты такога профілю. Вопытная Л.Р.Кулак дапамагала. У такіх умовах Вераніка Васільеўна мела магчымасць “адрывацца” на сцэне, прычым, не толькі граць ды спяваць – падчас святаў пераўвасаблялася ў казачных герояў, здзіўляла артыстызмам. Працавала ў садку і вакальная група “Крынічка” – выхаванцы В.В.Герасімавай і Любові Рыгораўны выступалі на многіх раённых мерапрыемствах.

В.Герасімава працягвае педагагічную дынастыю. Яе маці Аляксандра Андрэеўна Смык усё жыццё адпрацавала ў гэтай сферы: была выхавацелем, метадыстам у аддзеле па адукацыі (курыравала работу дашкольных устаноў), настаўнікам пачатковых класаў. І сотні колішніх ушацкіх малышоў, іх бацькоў з удзячнасцю прыгадваюць гэтага мудрага, пяшчотнага чалавека.

Вераніка Васільеўна даўно стала адзіным музычным кіраўніком сада, і хоць ужо столькі часу ў прафесіі, актыўнасці не губляе – задорна танцуе, спявае, настрой акружаючым стварае. А якія цікавыя заняткі праводзіць! У ход ідуць і непрывычныя для нас “інструменты”: фанцікі ад цукерак, каробачкі з розным змесцівам, шкарлупкі ад арэхаў – такім чынам дзеці аналізуюць гукі, дадаюць іх у палітру кампазіцый. Для запамінання слоў песень перад вачыма самых маленькіх – табліцы з малюнкавымі падказкамі. Бывае, праўда, што педагог “выпадкова” пераблытае іх – і хлопчыкі, дзяўчынкі самі аднаўляюць правільны парадак.

У садку дзеці ведаюць многіх кампазітараў і пасля праслухоўвання могуць назваць твор. У старэйшай групе без праблем выканаюць дзяржаўны гімн (з гэтага пачынаецца кожны панядзелак). Абмяркоўваюць малыя з педагогам і рэпертуар сучасных выканаўцаў – каб выбраць “хіт” для будучых харэаграфічных нумароў.

“На “абы” наша Вераніка Васільеўна працаваць проста не ўмее! – кажуць пра калегу загадчык дзіцячага сада Людміла Андрэеўна Напрыенка і яе намеснік Алена Аляксандраўна Банеўская. – Рыхтуемся да мерапрыемства – касцюмы знойдзе, афармленне залы прыдумае, для якаснага агучвання ноччу трэкі запіша. Выступленні ж нашых выхаванцаў заўсёды эфектныя – нібы майстар-харэограф папрацаваў. Такія спецыялісты – сапраўды, на вагу золата! Дарэчы, музычных кіраўнікоў рэдка адзначаюць на ўзроўні вобласці, маўляў, у рэалізацыі адукацыйных праектаў напрамую не ўдзельнічаюць. Наша ж В.В.Герасімава сёлета такую атрымала”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *