Газіфікацыя, электраацяпленне, штогод новыя шматпавярхоўкі. І ўжо рэдка дзе па гарпасёлку ўбачыш дымок з коміну. Ды і на вёсцы павялічваецца колькасць дамоў з усімі выгодамі. Тым не менш па-ранейшаму хапае кліентаў на дровы. Ці падрыхтаваліся загадзя да зімы ўшачане? Пра гэта мы запыталіся ў начальніка ўшацкага ўчастка “Полацкпаліўзабеспячэння” Р.М.ГОЛУБА.
– Рыгор Мікалаевіч, ці вялікія зараз чэргі на дровы або ўсе паклапаціліся пра сані летам?
– Забеспячэнне дрывамі ў нас адбываецца круглы год, і зімой таксама, аднак пераважная большасць бярэ іх у халодны час у запас на наступны год. Пададзеных заявак хапае і зараз. Чэргі залежаць ад віду дроў. Традыцыйна няма іх на калодкі – прывязём на наступны дзень ці праз два. Сечаных давядзецца пачакаць з месяц. Не адразу атрымаеце і чатырохметровыя, аднак тут усё залежыць ад канкрэтнага лясніцтва ды і ад віду дроў.
– Усе жадаюць бярозу?
– Пра чыста ліставыя пароды зараз няма і гаворкі. Пасля ўрагану наш лясгас ліквідуе завалы, а гэта пераважна хвойны лес. Ведаючы перавагі насельніцтва, “рыхтуем” вінегрэт, у які трапіць і асіна, і бяроза, і елка з сасной. Ну а чыста хвойны лес прывязём хоць на наступны дзень.
– А чаму існуе розніца па лясніцтвах?
– Па розных прычынах. Былі праблемы па Глыбачанскім, аднак новы ляснічы ўсё выправіў. На Ушацкае і Плінскае заўсёды выпадае большая нагрузка, паколькі акрамя вясковых жыхароў яны абслугоўваюць і гарпасёлак, а таксама сваіх работнікаў, пераважная большасць якіх жыве ў райцэнтры. Збоі ў чарзе на чатырохметровыя могуць паўставаць і з-за лагістыкі – каб змяншаць страты, лясніцтвы дастаўляюць дровы ў тыя населеныя пункты, якія бліжэй.
– Які від дроў самы запатрабаваны?
– Чатырохметровыя, на якія даводзіцца 60-70 працэнтаў усіх заявак. Яны самыя танныя, паколькі завозяцца непасрэдна з дзялянак. На другім месцы наадварот самыя дарагія – сечаныя. Хто па стане здароўя, хто з-за адсутнасці часу, аднак усё больш ушачан аддаюць перавагу ім.
– Ці дбаюць гаспадары пра дровы загадзя або дастаткова такіх, хто прыгадвае пра ацяпляльны сезон толькі з халадамі?
– Пераважная большасць, канечне, запасаецца на год ці два. Аднак заўсёды ёсць і такія, што па нейкіх прычынах зацягнулі з нарыхтоўкай ці не разлічылі колькасць. Тэлефануюць і тлумачаць сітуацыю, мы, канечне, ідзём у такіх выпадках насустрач. Ведаюць становішча спраў на месцы і супрацоўнікі сельвыканкамаў, таксама могуць хадайнічаць, калі некаму пагражае холад.
– А ці давядзецца чакаць брыкету?
– З гэтым відам паліва дакладна ніякіх праблем, завязём праз дзень, два. Прыкметна скарачаецца менавіта колькасць гаспадароў, якія сілкуюць свае катлы брыкетам. У апошнія гады на электраацяпленне перайшло каля 500 чалавек, таму, зразумела, паліва патрэбна меней.
Гутарыла Вольга Караленка.