23 года в профессии: что вдохновляет учителя Татьяну Крахотко?

К профессиональному празднику Общество

Наяўнасць чаго ў сумачцы, кішэні праверыце найперш, выходзячы з дому? Напэўна, кашалька ці мабільнага тэлефона. Ва ўшачанкі Таццяны Крахотка зусім іншыя хваляванні: не забыцца свой блакнот – з распісанымі планамі на дзень і два тыдні наперад. Толькі так, усміхаецца педагог з 23-гадовым стажам, удаецца выканаць усё неабходнае.

Прафесійных і грамадскіх функцый у яе, сапраўды, шмат. Па 6-7 урокаў штодзень, а з імі планы-канспекты, праштудзіраваныя дапаможнікі, ілюстрацыйны матэрыял. Кіраўніцтва ў адным з самых вялікіх ва Ушацкай СШ класаў – у 8 “В” зараз 29 навучэнцаў. Толькі адзін выхадны – у нядзелю, і тое іншы раз з арганізаванымі для школьнікаў экскурсіямі. А яшчэ падрыхтоўка да навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў. Не адпачывае Таццяна Уладзіміраўна нават вечарам: як старшыня прафсаюзнай пярвічкі прадумвае віншаванні для калег, ветэранаў працы са святамі – адных імянінаў за год звыш 200 атрымліваецца…

“Затое ў Вас водпуск працяглы”, – спрабую знайсці “вольнасці” ў такім шчыльным графіку. “Яно так, – адказвае суразмоўца. – Але летам работа аздараўленчых лагераў пачынаецца, а ў адным з іх мне пастаянна давяраюць пасаду начальніка”.

Т.У.Крахотка любіць такую актыўнасць і сваю работу называе той, пра якую можна марыць. Сярод яе радні не было педагогаў – натхніў прыклад аўтарытэтнай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, а зараз калегі Веры Васільеўны Спірчонак. З марай гэтак жа стаць філолагам па мэтавым накіраванні яна адвучылася ў ВДУ імя П.М.Машэрава і ў 2001-м вярнулася на малую Радзіму.

Першыя свае ўрокі Таццяна Уладзіміраўна праводзіла ў Старасельскай школе, дзе дырэктарам быў Віктар Барысавіч Стрыжонак. У калектыве сустрэлі цёпла, даверылі класнае кіраўніцтва, ва ўсім дапамагалі. Нават жыллё на вёсцы выдзелілі, праўда, усё роўна штодзень малады спецыяліст да бацькоў ва Ушачы ездзіла.

У ліку даўніх захапленняў Т.Крахотка – чытанне. Ні адзін вечар не абыходзіцца без кніг І.Шамякіна, Р.Барадуліна, іншых класікаў. “Пераключыцца” дапамагае работа на зямлі – на сваёй дачы ўшачанка займаецца вырошчваннем клубніц.

Каб не губляць час у дарозе, праз год было вырашана перавесціся ў Арэхаўскую СШ, дзе нечакана для самой сябе Т.У.Крахотка стала сацыяльным педагогам і настаўнікам… англійскай мовы. Так, у дыпломе аб атрыманай адукацыі значылася беларуская, аднак ушачанка ўспрыняла прапанову як нагоду для самаразвіцця, паступіла ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. “Стараюся пастаянна пашыраць веды, – кажа Таццяна Уладзіміраўна. – Па-добраму пазайздросціла сваёй калезе В.А.Панамаровай, якая паехала вывучаць кітайскую мову, што хутка будзе ў нас выкладацца. Я ж цяпер актыўна асвойваю сусветную культуру, бо акрамя замежнай мовы вяду ў школе прадмет “Мастацтва”. Дагэтуль працавала ў Вяркудах, а таксама намеснікам дырэктара па вучэбнай дзейнасці тут, ва Ушачах. Калі ж зноў перайшла на настаўніцтва, дачка Ксенія неяк выдала: “Урэшце маму дома ўбачылі!”, бо дагэтуль часта вярталася з работы гадзін у 7-8 вечара.

Сын і дачка нашай гераіні захапляюцца творчасцю. Ксенія адвучылася ў ДШМ па класе фартэпіяна, асвоіла электронную музыку і зараз у студэнцкім інтэрнаце ў Мінску часта выконвае творы ансамбля “Верасы”. Дарэчы, любоў да беларускага ў яе не толькі ад маці – прывіла яе ўжо прыгаданая В.В.Спірчонак. Ілья ж, які вучыцца ў 9 класе, – віртуоз-баяніст, без удзелу якога рэдка абыходзяцца раённыя канцэрты.

Вядома, лепшая ацэнка работы кожнага педагога – поспехі яго навучэнцаў. З гонарам расказвае Т.У.Крахотка пра сваіх юных даследчыкаў, адна з якіх – Дар’я Клачок – у 2023 і 2024 гадах перамагала на раённай канферэнцыі. Удалыя малюнкі сваіх вучняў настаўнік змяшчае ў галерэю ў класе. А як радуецца, калі пасля званка чуе ад малодшакласнікаў: “А чаму так рана ўрок закончыўся?”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *