Белорусское гостеприимство: семья из Германии переехала на Ушаччину и чувствует себя здесь как дома

Общество

У Нэлі Надолька – пашпарт грамадзянкі Германіі, а часовая рэгістрацыя – па вуліцы Лясной у аграгарадку Ільюшына. Хаця прыехала маладая жанчына ў Беларусь зусім не з часовым намерам. Шукала правільную радзіму для свайго сына Яраслава. І нават у непрывабным сакавіку разгледзела прыгажосць Ушаччыны, дзе і кінула якар.

Украдзеная вясёлка

Яе сям’я, як і мужава – з абрусеўшых немцаў, якія пераехалі ў Расію яшчэ ў часы Кацярыны ІІ. Жылі спачатку на Саратаўшчыне, потым перабраліся ў Казахстан, а вярнуліся на гістарычную радзіму, калі Нэлі было 11 гадоў. Дзяўчына там заканчвала школу і каледж па спецыяльнасці эканаміст-менеджэр, працавала, стварыла сям’ю, там і да гэтага часу застаецца ўся яе радня. А як толькі зацяжарыла, не захацела бачыць сябе маці пад нумарам адзін ці два. Нават у сад сына не аддавала, каб ён з маленства не вывучаў па малюнках на сценах палавыя адрозненні дзяўчынак і хлопчыкаў.

“Ідзём па вуліцы, Яраслаў бачыць сцяжок з сімволікай ЛГБТ, кажа: “Які прыгожы”. А як яму растлумачыць, што за яркімі, сапраўды прыгожымі колерамі схавана нетрадыцыйная арыентацыя. Яны не толькі вясёлку ў дзяцей укралі, мілыя словы “мама” і “тата”, а нават чэрвень – у гэты месяц у іх праводзіцца шмат масавых мерапрыемстваў, нават дадумацца – дзень гонару лесбіянак, гееў, трансгендараў і бісексуалаў. Такога асяроддзя для свайго сына я дакладна не хацела”, – расказвае Нэлі пра асноўныя прычыны пераезду з гэтай еўрапейскай краіны. Адзінае, па чым сумуе, гэта па гарах, у якія часта хадзілі ў паходы. Жывуць там рускія немцы пераважна сваімі абшчынамі, створаны такія і для віртуальнага знаёмства.

Дарэчы, перасякала мяжу Беларусі яна ў сакавіку 2022 года, калі асноўныя патокі накіроўваліся ў супрацьлеглы бок. З цікавасцю глядзелі на замежных грамадзян нават пагранічнікі. А Нэлі пераканана, што тыя, хто пакінуў Беларусь, Расію, абавязкова вернуцца. Сама ж яна Германію радзімай не лічыць, Казахстан таксама застаўся толькі месцам пражывання. Савецкая па часе нараджэння і па выхаванні, яна блізкая да таго, каб хутка назваць сваёй радзімай Беларусь.

А першапачаткова месцам для душы абрала Алтай. Толькі разумела, што гэты лясісты расійскі рэгіён вельмі далёкі ад Германіі, і не змогуць да яе часта прыязджаць бацькі, сёстры і браты, якія ўжо гасцілі ў Ільюшыне. Пакуль што там застаўся і муж, за яго сродкі абжываюць сядзібу. Але з’явілася вельмі многа блізкіх па светапоглядзе людзей, якія, як і Нэлі, прамянялі еўрапейскія каштоўнасці на блізкія традыцыйныя. Адна з іх – Ларыса, што раней прыехала на Нарач, стварыла ў сацсетках групу з перасяленцаў, якія перапісваюцца, скідваюць карты мясцовасці, падказваюць адзін аднаму магчымыя месцы жыхарства і дапамагаюць адаптавацца. Дзякуючы ёй і спынілі свой выбар на азёрнай Віцебшчыне Нэлі і Стэфан Надолька. А група ўсё пашыраецца, зараз толькі ў іх віртуальнай суполцы людзей, якія прынцыпова шукалі домік на вёсцы, больш чым 260.

Непаказная гасціннасць

Пра беларускую гасціннасць, сардэчнасць, добразычлівасць людзей Нэлі чула нямала, і ўжо неаднойчы змагла пераканацца ў гэтым сама. Калі жыла ў Полацку і аглядала выстаўленыя на продаж дамы, адным з таксістаў аказаўся былы жыхар Ільюшына, які добра характарызаваў аграгарадок, а потым выклікаўся дапамагчы перавезці рэчы.
А аднойчы ва Ушачах згубіла 50 рублёў. Была толькі ў адным магазіне, ведала, што больш няма дзе, аднак не кашалёк жа адметны ўпусціла, а купюру, якіх шмат. І якім было здзіўленне, калі на наступны дзень ёй вярнулі грошы. Нехта з пакупнікоў падняў і не ў кішэню паклаў, а перадаў на касу. Прыемна, што сярод такіх людзей будзе расці сын, для якога самым прымальным лічыць выхаванне класічнае. ”Чым стражэй, тым і лепш”, – абрадавалася маладая матуля, калі даведалася, што ў сына ва Ушацкай школе вопытны першы настаўнік.

Ладзіць яна з мясцовымі жыхарамі і новымі суседзямі. Абменьваюцца насеннем, атрымлівае парады, кантакты. Вось і на мясцовы ФАП нядаўна ўладкавалася, працягваючы пры гэтым развіваць падсобную гаспадарку. І адзначае, што тут спакойна, бяспечна, чаго ўжо не скажаш пра еўрапейскія краіны з-за вялікай колькасці непрацуючых эмігрантаў.

Марыла пра печ

Дом Нэлі набыла жылы, прыстасаваны, адзінае, што пакуль перарабіла – гэта печ. Па форме яна як руская, а па функцыянале – пліта з духоўкамі, адкрытым агнём і нават спецыяльным прыстасаваннем для прыгатавання шашлыкоў. Для гэтых жа мэт завяла і авечак. Уласным мясам ужо ласаваліся, хаця і складана пускаць на шампур такіх прывабных гадаванцаў. Пародзістыя, з густой прыгожай шэрсцю і мульцяшнымі мянушкамі, яны зусім ручныя і па першым закліку гаспадыні накіроўваюцца да агароджы.

Непадалёк – на ўчастку, што аддала суседка, пасвяцца дзве кароўкі. Ваду Нэлі прыцягвае на тачцы, куды яна ў ёмістасці падаецца помпай са старога калодзежа-жураўля. Участак вялікі, аднак увесь абкошаны і дагледжаны. З трымерам гаспадыня ўпраўляецца лёгка, сама штодня і за рулём, ды наогул за ёй уся падсобная гаспадарка і хатнія клопаты. Зразумела, прыязджае і дапамагае муж. Паставілі парнікі, батут, арэлі, крыты навес для сена. Нэлі стварае цікавыя архітэктурныя формы пад кветкі, усе зоны агарода адбіты нізкай стыльнай драўлянай агароджай. “Дарэчы, адзін з перасяленцаў знайшоў сваю нішу і зарабляе толькі на іх вырабе”, – гэтым яна падсумоўвае сваю жыццёвую формулу: шукаць, не спыняцца, не баяцца цяжкасцяў. Палохаюць яе толькі ўласныя жаданні, бо намечанае ажыццяўляе імгненна. Былі козы, захацела карову і праз пару дзён везла цялушку ў багажніку аўтамабіля. Купілі дом, а на наступны тыдзень паставілі цяпліцы. “У Германіі такое проста немагчыма. Пра печ я марыла і там, паўгода чакала дазволу і як і на большасць запытаў атрымала чарговае “не”. Цябе замучаць шматлікімі паперамі, а потым усё роўна адкажуць адмоўна. Тут жа ўсё афармляецца хутка, нават зямля. Ну а пра тое, дзе мне паставіць парнік ці альтанку, наогул ні ў каго не пытаешся. Пускаю сына на веласіпедзе пракаціцца па нашай вуліцы ў няпікавы час без машын, на двары за яго спакойна. Я адчуваю сябе – як дома, быццам на радзіму вярнулася. Прычым зразумела я гэта адразу, з першага позірку, калі аглядала Ушаччыну з акна аўтамабіля”, – расказвае пра свае адкрыцці Нэлі і прапаноўвае паспытаць уласнага сыру. Мацарэла ў яе атрымліваецца як у італьянскім рэстаране “са слязінкай”. Перцы і таматы ў парніках – на заглядзенне. Чаго толькі не ўмее гэтая суперактыўная жанчына, якой сёлета споўнілася 37 гадоў.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *