Клуб юных рэпарцёраў. Менавіта такую назву мы далі творчаму аб’яднанню для дзяцей і падлеткаў, якое будзе працаваць пры рэдакцыі “Патрыёта”. Мяркуем такім чынам адкрываць юныя журналісцкія таленты і стварыць пляцоўку для выказвання думак і поглядаў прадстаўнікоў маладога пакалення. Прапануем вам ацаніць работу нашых пачынаючых аўтараў.
А яшчэ – успомняць свае дзіцячыя гады: менавіта з гэтага пачыналася размова. Класічнай сітуацыі, калі малышы выконваюць вершы і песенькі на сямейных святах, у ранняй біяграфіі нашых гераінь не было. “У мяне, напрыклад, усе родныя спявалі і музіцыравалі, так што шансы “прабіцца” ў праграму з’явіліся толькі калі асвоіла музычныя прамудрасці”, – з гумарам прызналася Жанна Віктараўна. Мы даведаліся, што яны з Наталляй Міхайлаўнай дагэтуль успамінаюць заняткі хору, якія праводзіла ў музыкалцы Любоў Рыгораўна Кулак – вельмі важна адразу трапіць да шчыра захопленага музыкай педагога, які здольны прывіць гэтыя пачуцці і дзецям. (Нам, дарэчы, з гэтым таксама пашанцавала!). А вось Ірына Васільеўна прыгадала ўрокі спеваў ва Ушацкай школе – менавіта там яна вывучыла песню “Родны мой горад”, якую ўжо дарослай шмат год выконвала ў складзе вакальнага ансамбля.
Абмяркоўвалі мы і агульныя тэмы. Адно з пытанняў гучала так: “Калі б у вас з’явілася чароўная магчымасць змяніць лёс якога-небудзь кампазітара, каму б далі шанс напісаць яшчэ больш геніяльных твораў?”. Нашы суразмоўцы сышліся ў меркаванні, што гэта быў бы Моцарт, бо ён – “Сонца музыкі” і змог бы стварыць яшчэ больш узнёслых, радасных мелодый. Не песціў лёс і Бетховена, які пакінуў нам бессмяротную музычную спадчыну, хоць у даволі маладым узросце страціў слых. А вось у хіт-парад лепшай айчыннай музыкі, на думку нашых педагогаў, варта ўключыць творы Ігара Лучанка і Дзмітрыя Смольскага, песні “Мой родны кут”, “Зорка Венера” і многія іншыя.
Ці можа музыка выратаваць чалавека ў цяжкую хвіліну? На гэтае пытанне ўсе далі станоўчы адказ, а Ірына Васільеўна падкрэсліла, што нават у ваенныя гады артысты прыязджалі на перадавую для ўзняцця баявога духу байцоў. Дарэчы, пра спрыяльны ўплыў музыкі на псіхаэмацыянальны стан чалавека пісаў яшчэ старажытны філосаф Піфагор, зараз жа існуе нават такі від лячэння – музычная тэрапія. А Жанна Віктараўна адкрыла нам асабісты сакрэт: у складаных і нервовых сітуацыях (напрыклад, у крэсле дантыста) яна звычайна ў думках напявае словы вядомай песні “Улятай, туча!”. Вось думаем, можа і нам паспрабаваць нешта падобнае перад кантрольнай?..
На пытанне ж, якія мелодыі гучаць “фонам” для заняткаў хатнімі справамі, Наталля Міхайлаўна расказала, што ў такі час уключае джаз, а вось яе калегі аддаюць перавагу… цішыні. Калі ж абмяркоўвалі тэму, ці ёсць музыка, што негатыўна ўплывае на людзей, ва ўсіх меркаванні сышліся: кожны стыль – ці то класіка, ці панк-рок – мае права на існаванне. Іншая справа, што выконваць творы трэба якасна і, канечне, без брыдкаслоўя і заклікаў да дрэннага. А яшчэ ўлічваць узрост: відавочна, што малышу слухаць цяжкі метал не вельмі карысна.
Мы даведаліся, што нашы педагогі, таксама як і мы, хвалююцца перад канцэртамі і нават могуць забыць які-небудзь акорд. Зрэшты, галоўнае ў такой сітуацыі – не губляцца і не мяняць выразу твару: калі матэрыял добра вывучаны, мозг падкажа, а рукі ўспомняць – такую мы атрымалі
параду.
Напрыканцы ж папрасілі сваіх суразмоўцаў скончыць фразу: музыкай варта займацца, бо яна… Пералік “аргументаў” быў вялікі. Трэніруе памяць і волю. Робіць душу высакароднай, больш адкрытай, мяккай і трапяткой. Развівае нейрасеткі ў нашай галаве. Калі табе дрэнна, уключы яе грамчэй і выкажы ўсё набалелае, бо музыка – сябра, які ніколі не здрадзіць.
Калі хтосьці з нашых юных чытачоў хоча далучыцца да творчага аб’яднання, звяртайцеся ў рэдакцыю “Патрыёта”.
Злата КЛІМАШЭЎСКАЯ,
Яна САКАЛОВА, Арцём РЭВЕНКА.