Адным з пунктаў праграмы фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2024” у Бешанковічах стала абласная спартакіяда па сілавых відах спорту, дзе наш раён прадставіла вельмі моцная каманда.
Былыя выхаванцы Ушацкай спартыўнай школы Аляксандр Лабань і Васіль Харак не забываюцца пра свае карані і вырашылі адстойваць на гэтых спаборніцтвах гонар малой радзімы. Шансаў нашы волаты нікому не пакінулі: абсалютна лепшым стаў Аляксандр у практыкаванні з 25-кілаграмовай гірай, якую за вызначаны прамежак часу ўзняў 121 раз. Вынік гэты нядзіўны, бо наш зямляк займаецца гіравым спортам і рэгулярна выступае на міжгаліновых спартакіядах за газавае прадпрыемства, дзе зараз працуе. Паспяхова праявіў сябе ў жыме штангі лежачы Васіль – адціснуў 90-кілаграмовы снарад 22 разы. У самым дынамічным відзе – эстафеце з кантаваннем трактарнай пакрышкі на дыстанцыі 40 метраў – наш дуэт пацвердзіў статус фаварытаў. Па суме трохбор’я ўшачане ўзняліся на першую прыступку п’едэстала і атрымалі ў якасці падарунка… жывога парсючка. “Прыз вельмі арыгінальны, аднак крыху нас азадачыў, бо не ведалі, што з ім рабіць! Аднак нездарма “Дажынкі” – гэта фестываль-кірмаш: тут жа на пляцоўцы знайшліся жадаючыя купіць жывёлу – і наш прыз трапіў у гаспадарлівыя рукі!”, – падзяліліся з намі спартсмены.
Наталля БАГДАНОВІЧ.