Пешшу ды яшчэ і ў рытмічным тэмпе пераадолець трохкіламетровую адлегласць ад спарткомплексу да возера Вечалле – няпростая задача і для многіх людзей маладога ўзросту. А вось удзельніцы рэспубліканскага марафону па скандынаўскай хадзьбе “Крок да даўгалецця” смела адправіліся ў гэты ваяж, а пасля фінішу на беразе вадаёма выглядалі бадзёрымі і выпраменьвалі пазітыў.
Зусім і не скажаш, што ўсе яны ўжо на пенсіі, а некаторым – далёка за 70. “Гэта плён загартоўкі, атрыманай у клубе “Імпульс” і гуртку па скандынаўскай хадзьбе, – зазначае ўшачанка Наталля Глінская.
Так, амаль усе жанчыны, што напярэдадні Дня пажылых людзей выйшлі на старт марафону, жывуць актыўна, наведваюць аб’яднанні РФСК і аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН.
Ну а найбольш хуткімі і вынослівымі ў гэтым марафоне сталі Раіса Журко (яна прыйшла на фініш першай), Раіса Ігнатовіч, якая апроч “срэбра” атрымала яшчэ і дыплом раённага фізкультурна-спартыўнага клуба як самая ўзроставая удзельніца, а трэцяе месца падзялілі дзве Наталлі – Прашковіч і Рачкоўская. Але, канечне, не дзеля ўзнагарод крочылі па маршрутах жыхаркі Ушаччыны – хацелі на ўласным прыкладзе паказаць, што “залаты ўзрост” – выдатны час для самаўдасканалення, прыемных зносін, новых захапленняў.
Прайшлі ў гэты дзень сваю дыстанцыю і жыхаркі Дубраўкі. Пераможцаў не вызначалі – пад старшынствам ініцыятара любой актыўнасці Алены Кучко, якой ужо за 80, дружна крочылі за настроем і здароўем.
Таццяна КЛІМАШЭЎСКАЯ, намеснік дырэктара РФСК.
Наталля КОРШУН, загадчык аддзялення ТЦСАН.