9 октября — Всемирный день почты

К профессиональному празднику

Неабходнасць абменьвацца звесткамі закладзена ў чалавечай прыродзе, таму паштовая служба існуе спакон веку. Мяняюцца формы яе дзейнасці, аднак сутнасць застаецца – паштовы работнік заўсёды жаданы госць у кожным доме.

РУП “Белпошта” – прадпрыемства, якому нельга не ісці ў нагу з часам. Зараз у галіне сувязі актыўна распрацоўваюцца новыя тэхналогіі, пашыраюцца тэхнічныя магчымасці. Каб задаволіць узросшыя запыты насельніцтва і захаваць фінансавую незалежнасць, прыходзіцца аператыўна рэагаваць на асаблівасці і перамены часу, асвойваць новыя віды паслуг.
У апошні час у раёне наспела неабходнасць аптымізацыі дзейнасці паштовай службы. Працэс гэты няпросты, аднак хочацца спадзявацца, што насельніцтва хутка прыстасуецца да новых форм нашай работы і ацэніць яе выгоды. На жаль, каб захаваць рэнтабельнасць, мы вымушаны ісці на непапулярныя меры. Так, напрыклад, з пачатку наступнага месяца ўчастак, які абслугоўвала аддзяленне сувязі ў вёсцы Краснае, будзе далучаны да Глыбачанскага.
Непазбежныя нязручнасці мы стараемся кампенсаваць высокай якасцю і ўніверсальнасцю аказваемых паслуг. Мы праводзім работу па мадэрнізацыі нашага абсталявання. Ва ўсіх аддзяленнях тэлефонныя лініі пераключаны на GSM-мадэмы мабільнай сувязі, што дазваляе забяспечваць высокую праходнасць плацяжоў. Працягваецца ўстаноўка тэрміналаў для пластыкавых картак: не так даўно такое ўстройства з’явілася ў аддзяленні вёскі Дубраўка. А нядаўна пацыенты і персанал цэнтральнай раённай бальніцы атрымалі магчымасць карыстацца вельмі зручным сучасным плацежа-даведачным тэрміналам, які прымае як наяўныя грошы, так і пластыкавыя карткі. Цяпер чалавек, які праходзіць курс лячэння ў ЦРБ, можа “спакойна хварэць” і не хвалявацца наконт таго, як, напрыклад, своечасова разлічыцца за камунальныя паслугі.
Увогуле, нашы аператары і паштальёны выконваюць амаль любыя плацяжы, 11 аддзяленняў сувязі аказваюць банкаўскія паслугі, з нашай дапамогай можна разлічыцца па крэдытах, ажыццявіць плацеж за навучанне ў каледжы або ВНУ. За апошнюю паслугу, дарэчы, з вас возьмуць зусім невялікую плату. У гарадскім аддзяленні сувязі можна ажыццявіць нават валютны перавод з разлікам у беларускіх рублях.
Узрастае колькасць жадаючых скарыстацца каталожным гандлем – ушачане далучаюцца да гэтай папулярнай ва ўсім свеце формы набыцця тавараў. Сярод рэчаў, якія мы дастаўляем жыхарам раёна, – тавары айчынных вытворцаў: шторы, коўдры, адзенне. Не так даўно ў нашым арсенале з’явілася паслуга прамая паштовая рассылка, якая павінна зацікавіць прадпрымальнікаў, жадаючых праінфармаваць патэнцыяльных кліентаў аб сваёй прадукцыі.
Пералік паслуг, якія аказвае “Белпошта”, штогод пашыраецца. Пра многія зручнасці, якія мы можам прапанаваць, кліенты нават не здагадваюцца. Уявіце сабе, напрыклад, такія сітуацыі. Ваш калега паехаў у камандзіроўку ў Полацк, але забыўся прыхапіць з сабой важныя дакументы… Альбо вы хочаце зрабіць падарунак блізкаму чалавеку з нагоды дня нараджэння, але той жыве ў Мінску. Сітуацыю лёгка паправіць: дастаткова скарыстацца новай паслугай – унутранае экспрэс-адпраўленне. Калі вы да 15.00 звернецеся ў раённы вузел сувязі, ужо праз некалькі гадзін патрэбную рэч даставяць у Полацк і ўручаць вашаму калезе. А ў Мінску ваш падарунак атрымаюць раніцай наступнага дня. Прычым, пісьмо або пасылку (вагой да 30 кілаграмаў) даставяць адрасату на дом у зручны для яго час, і абыдзецца такая паслуга ў суму ад 10 тысяч рублёў.
Ёсць у нашым пераліку і “экзатычная” паслуга пад назвай “Электронная марка”. Практычна кожны карыстальнік інтэрнэта можа зайсці на сайт РУП “Белпошта”, зарэгістравацца на ім, выбраць патрэбную паштовую марку і, аплаціўшы яе кошт праз інтэрнэт-магазін, раздрукаваць яе на ўласным прынтары. Такая “электронная” марка можа быць выкарыстана для перасылкі карэспандэнцыі ў любую краіну свету.
Вядома, каб на належным узроўні аказваць насельніцтву ўсе гэтыя паслугі, паштовым работнікам трэба пастаянна ўдасканальваць свае веды і навыкі, авалодваць складанымі камп’ютарнымі праграмамі, ды і ўвогуле быць адданымі сваёй справе. Менавіта такія спецыялісты і працуюць у паштовай сферы раёна. Вылучыць кагосьці асобна вельмі няпроста, таму назаву толькі Ніну Іванаўну Лемяшову, якая сёлета за шматгадовую сумленную працу ўзнагароджана Граматай Віцебскага філіяла РУП “Белпошта”.
Хачу павіншаваць усіх работнікаў паштовай сувязі са святам, пажадаць ім плённай працы, сямейнага дабрабыту і заўсёды выдатнага настрою.
Г.СВІДЗІНСКАЯ,
начальнік Ушацкага вузла паштовай сувязі.

АДОЛЬВАЮЦЬ БЯСКОНЦЫЯ КІЛАМЕТРЫ

Кожную раніцу ад Ушацкага вузла паштовай сувязі ад’язджаюць блакітныя машыны з белай паласой і накіроўваюцца ў розныя напрамкі. Іх маршруты вызначаны загадзя і знаёмыя вадзіцелям да апошняга кусціка на абочыне. Адолеўшы больш за паўтары сотні кіламетраў, удосталь натросшыся па пыльных гравейках і зазірнуўшы ў самыя запаветныя вёсачкі раёна, у канцы дня паштовыя работнікі вяртаюцца назад, каб назаўтра зноў накіравацца ў падарожжа. Апошнім часам работы ў падобных “экіпажаў” прыбавілася: зараз яны не толькі развозяць пошту па вясковых аддзяленнях сувязі, але і выконваюць функцыі паштальёнаў у аддаленых населеных пунктах, дзе не вырашана кадравае пытанне. І гэта яшчэ не ўсе іх абавязкі: у раёне распачаўся працэс аптымізацыі дзейнасці паштовай службы, і зараз насельніцтва некаторых вёсак абслугоўваецца перасоўнымі аддзяленнямі сувязі замест былых стацыянарных.  
Паштовая машына, якой кіруе вопытны вадзіцель Цімафей Фёдаравіч Свідзінскі (ён, дарэчы, 11 год працуе на адным аўтамабілі і трымае яго ў выдатным тэхнічным стане), штодня робіць круг па маршруце Ушачы-Жары-Старае Сяло-Мосар-Арэхаўна. У Жарах машына прыпыняецца амаль на гадзіну, каб начальнік перасоўнага АПС Т.Ф.Салавей паспела абслужыць мясцовых жыхароў. Шчыра кажучы, не ўсе кліенты адразу пазітыўна ўспрынялі новую форму абслугоўвання. Існуюць і пэўныя тэхнічныя праблемы, звязаныя з работай абсталявання. Аднак прафесіяналізм паштавікоў, іх уменне знайсці падыход да кліентаў, а таксама разуменне і свядомасць вяскоўцаў дапамаглі хутка пераадолець перыяд адаптацыі, і зараз перасоўныя аддзяленні ўжо трывала занялі сваё месца ў структуры паштовага абслугоўвання насельніцтва раёна.
Вясной, пасля закрыцця паштовага аддзялення Лутава, якое размяшчалася ў Глыбачцы, з’явіўся яшчэ адзін маршрут перасоўнага аддзялення сувязі. Абслугоўваць 14 вёсак названага рэгіёна даручана вадзіцелю С.Г.Ладзіку і паштальёну Н.У.Кляпацкай. Самы працяглы, 168-кіламетровы маршрут Ушачы-Дубраўка аб’язджаюць вадзіцель С.С.Гладыш і паштальён А.В.Іванова. Пліна, Селішча, Кублічы, Вялікія Дольцы і шэраг маленькіх вёсачак штодня наведваюць В.Б.Колесаў і Э.М.Пугач. Дарэчы, па словах начальніка Ушацкага вузла паштовай сувязі Г.І.Свідзінскай, знайсці добрага вадзіцеля зараз вельмі цяжка, таму надзвычай адказны і старанны Сяргей Сазонаў, які ўладкаваўся на прадпрыемства пасля службы ў арміі і працуе тут першы год, як кажуць, прыйшоўся да двара і ўжо паспеў заваяваць агульную павагу.
Усе названыя работнікі з дня ў дзень цярпліва адольваюць бясконцыя кіламетры, бо ведаюць, з якой нецярплівасцю іх чакаюць вяскоўцы, углядаючыся ў дарогу, на якой хутка павінна паказацца блакітная машына з белай паласой…
Н.БАГДАНОВІЧ.

Як бы ні рухаўся прагрэс, аднак слова “пошта” ў большасці з нас па-ранейшаму асацыіруецца з чалавекам “з тоўстай сумкай на рамяні”. Да названага традыцыйнага аксесуара можна яшчэ дадаць веласіпед – без гэтага вернага памочніка нашаму паштальёну не абысціся, бо пешшу адолець вялікі ўчастак вельмі складана.
Безумоўна, прафесію паштальёна не назавеш лёгкай і камфортнай. І ў дождж, і ў маразы гэтыя людзі павінны рабіць сваю справу, а яна не толькі ў тым, каб раскласці па скрынях газеты і разнесці па адрасах пенсіі. Паштальён – ён і лекар, і дарадчык, і, часам, адзіны субяседнік для старога знямоглага чалавека. “Мы не можам дазволіць сабе мець на рабоце дрэнны настрой. Адчыняеш дзверы і абавязкова “апранаеш” усмешку, нават калі на душы кошкі скрабуць”, – расказвае малады работнік Ушацкага вузла паштовай сувязі Насця Спірчонак. А яе калега Аня Шчэрбік адзначае, што “плюсам” сваёй прафесіі лічыць тое, што не трэба сядзець у кабінеце абавязковыя 8 гадзін. А яшчэ ўсе дзяўчаты сышліся ў адным: у іх вельмі добры калектыў. Вопытныя работнікі Л.І.Нікіціна, С.С.Іванова заўсёды дадуць параду, падзеляцца прафесійнымі сакрэтамі, маладзейшыя падтрымаюць, узнімуць настрой.
Н.БАГДАНОВІЧ.
На здымку: Г.Шчэрбік, Т.Пятніца, А.Лабань.

І ЛЕКАР, І ДАРАДЧЫК

Як бы ні рухаўся прагрэс, аднак слова “пошта” ў большасці з нас па-ранейшаму асацыіруецца з чалавекам “з тоўстай сумкай на рамяні”. Да названага традыцыйнага аксесуара можна яшчэ дадаць веласіпед – без гэтага вернага памочніка нашаму паштальёну не абысціся, бо пешшу адолець вялікі ўчастак вельмі складана.
Безумоўна, прафесію паштальёна не назавеш лёгкай і камфортнай. І ў дождж, і ў маразы гэтыя людзі павінны рабіць сваю справу, а яна не толькі ў тым, каб раскласці па скрынях газеты і разнесці па адрасах пенсіі. Паштальён – ён і лекар, і дарадчык, і, часам, адзіны субяседнік для старога знямоглага чалавека. “Мы не можам дазволіць сабе мець на рабоце дрэнны настрой. Адчыняеш дзверы і абавязкова “апранаеш” усмешку, нават калі на душы кошкі скрабуць”, – расказвае малады работнік Ушацкага вузла паштовай сувязі Насця Спірчонак. А яе калега Аня Шчэрбік адзначае, што “плюсам” сваёй прафесіі лічыць тое, што не трэба сядзець у кабінеце абавязковыя 8 гадзін. А яшчэ ўсе дзяўчаты сышліся ў адным: у іх вельмі добры калектыў. Вопытныя работнікі Л.І.Нікіціна, С.С.Іванова заўсёды дадуць параду, падзеляцца прафесійнымі сакрэтамі, маладзейшыя падтрымаюць, узнімуць настрой.
Н.БАГДАНОВІЧ.
На здымку: Г.Шчэрбік, Т.Пятніца, А.Лабань.  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *