На Ушаччине прошел Единый день безопасности

Общество

У гэты чацвер па ўсёй краіне прайшоў Адзіны дзень бяспекі. У яго рамках на Ушаччыне адбылося нямала прафілактычных мерапрыемстваў. Ва ўстановах адукацыі, напрыклад, праведзена вучэбная эвакуацыя з удзелам прадстаўнікоў усіх службаў, задзейнічаных у ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Разнапланавыя трэніроўкі ладзілі ў калектывах многія прадпрыемствы і арганізацыі. Кульмінацыяй жа акцыі традыцыйна стала свята каля раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Асноўная аўдыторыя мерапрыемства – вучні Ушацкай школы. Як заўважыў падчас адкрыцця свята намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў, самае дарагое – гэта чалавечае жыццё, а таму вельмі важна быць падкаваным у пытаннях бяспекі, прычым, з малых гадоў.

Вялікую тэматычную пляцоўку прадставілі выратавальнікі. Падчас гутарак, конкурсаў нагадвалі дзецям аб правілах дзеянняў пры надзвычайнай сітуацыі, пра тэлефоны 101 і 112, па якіх можна выклікаць дапамогу. Дарослых жа вучылі правільна карыстацца вогнетушыцелем. Для тых, хто не памятае: трэба сарваць пломбу, выдзернуць чаку, накіраваць раструб на ачаг узгарання і націснуць на рычаг. Як заўсёды, нямала было жадаючых апрануць баявую вопратку выратавальнікаў, пасядзець за рулём пажарнай машыны, а пад фінал мерапрыемства паназіраць за сапраўдным тушэннем узгарання і нават самім патрымаць у руках брандспойт.

Нямала фотаздымкаў было зроблена на пляцоўцы райаддзела ўнутраных спраў, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі ахвотна прымяралі шлемы і бронежылеты, ацэньвалі вагу ахоўнага шчыта. Запатрабаваным атрыбутам стаў таксама жэзл супрацоўнікаў ДАІ. Жадаючыя ўявіць сябе ў ролі дзяржаўтаінспектара паралельна атрымлівалі веды, як правільна весці сябе на дарозе.
Было што не толькі паказаць, а і расказаць работнікам газавай службы. Яны нават прыхапілі з сабой… сапраўдны газ. Праўда, зусім у невялікай колькасці, каб прадэманстраваць, як працуюць прыборы па яго выяўленні. Асабліва ўразіў той, з дапамогай якога ўцечку можна вызначыць, не заходзячы ў памяшканне: навёў лазер на аконнае шкло (у нашым выпадку – пластыкавую бутэльку) – і сачы за паказчыкамі на экране.

Ажыўлена было каля кропкі райбальніцы, дзе падоўгу затрымліваліся пераважна дзяўчаты – магчыма, думаюць пра кар’еру медыкаў. Асаблівую іх цікавасць прадказальна выклікаў манекен Гоша, на якім можна адпрацаваць навыкі па аказанні першай меддапамогі: штучнага дыхання, прамога масажу сэрца. Аб правільнасці ж дзеянняў падказвалі не толькі спецыялісты ЦРБ, але і каляровыя лямпачкі. Нямала знайшлося жадаючых паўдзельнічаць і ў майстар-класе па апрацоўцы, перавязванні ран, накладанні жгута.

Цікавую віктарыну па тэме бяспекі праводзілі ля стэнда з карыснай інфармацыяй супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы. Дарэчы, самыя кемлівыя атрымлівалі салодкія пачастункі. Правяралі веды школьнікі і на пляцоўцы райкама БРСМ.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *