Председатель Ушачского райисполкома Сергей Садовский встретился с трудовыми коллективами Ореховской и Глыбочанской школ

Общество

Сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, асноўныя кропкі росту Ушаччыны, тэма народнага адзінства, як прыцягнуць моладзь у глыбінку, прафілактыка дэструктыўных праяў і супрацьдзеяння экстрэмізму – гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся на бягучым тыдні падчас сустрэч старшыні райвыканкама С.С.Садоўскага з калектывамі Арэхаўскай, Глыбачанскай, Ільюшынскай школ.

Шмат зроблена ў раёне і гарпасёлку па добраўпарадкаванні і для камфортнага жыцця насельніцтва. Яшчэ больш – у планах. Асноўнымі накірункамі росту нашага раёна можна вылучыць турызм, лясную і сельскую гаспадарку. Ёсць праекты па ўзвядзенні сучаснага санаторыя на месцы недабудаванага “Вечалля”, здабычы торфу і сапрапеляў. Вядзецца пошук інвестараў для іх рэалізацыі. У многіх рэгіёнах краіны ўжо будуюцца сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы, у перспектыве два такія будуць і ў нашым раёне.

Калі да больш блізкіх планаў, то ў наступным годзе на беразе Вечалля пачнецца ўзвядзенне мемарыяла “Зорачка”, які ўвекавечыць подзвіг лётчыка Аляксандра Мамкіна. Дарэчы, гэтую інфармацыю ажыўлена ўспрынялі ў Арэхаўскай школе, бо адзін з жыхароў аграгарадка быў у нялёгкія ваенныя часы вывезены разам з іншымі тым самалётам з полацкага дзіцячага дома. Значна раней уезд ва Ушачы ўпрыгожыць новая сучасная стэла.

Па традыцыі ўдзельнікі сустрэч мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні кіраўніку раёна. Для прадстаўнікоў Арэхаўскай школы такім з’яўляецца жыллёвае, а ў прыватнасці атрыманне арэндных кватэр у гарпасёлку. Педагогам патлумачана, што трэба падаць хадайніцтвы ў райвыканкам, якія разглядаюцца ў выпадку вызвалення памяшканняў, што маюцца. Акрамя гэтага, у наступным годзе пачнецца будаўніцтва новага 40-кватэрнага дома, дзе будуць у тым ліку і арэндныя кватэры. Ужо гатовы праект, пяціпавярхоўка размесціцца ў мікрараёне на Віцебскай.

Глыбачанцы ўзнялі дарожнае пытанне: дарога Глыбачка-Павулле так зарасла кустоўем, што на ёй складана размінуцца дзвюм машынам, а калі гэта школьны аўтобус і лесавоз – наогул нерэальна.

С.С.Садоўскі паабяцаў, што дарожнай службе будзе дадзена даручэнне выправіць сітуацыю. У тым, што гэта будзе выканана, у калектыве не сумняваюцца: летась да кіраўніка раёна жыхары аграгарадка звярталіся з просьбай заасфальтаваць цэнтральную вуліцу. Агучана – значыць вырашана. На гэтым тыдні ў населеным пункце высадзіўся дарожны дэсант і ідуць работы па ўкладцы новага пакрыцця, з’явіцца асфальт і на ўчастку ад галоўнай вуліцы да школы. Праблемнае для сельсавета пытанне на сённяшні дзень – рамонт моста на Усвіцу. Зараз рух па ім закрыты, а для аб’езду прыходзіцца рабіць немалы круг. Мост вельмі важны не толькі для жыхароў гэтай глыбінкі, а і для аграрыяў – па той бок знаходзіцца нямала зямель мясцовай гаспадаркі. Пытанне знаходзіцца на кантролі.

У Ільюшынскай школе прагучала больш шырокае пытанне – як прыцягнуць людзей у сельскую гаспадарку і што рабіць, каб моладзь заставалася ў глыбінцы? На думку кіраўніка раёна, няма канкрэтнага “рэцэпта”, да гэтага трэба падыходзіць комплексна, але найперш – гэта добрыя ўмовы працы, высокая зарплата, сацыяльная інфраструктура, жыллё. Часам нягледзячы на ўсе створаныя ўмовы, моладзь усё роўна аддае перавагу жыццю ў буйных гарадах.

Ва ўсіх калектывах не абмінулі тэму прафілактыкі дэструктыўных праяў. У нашым раёне ёсць выпадкі, калі ўшачане панеслі адміністрацыйную адказнасць за распаўсюджванне, захоўванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе яе. У прыватнасці, яны былі падпісаны на экстрэмісцкія каналы, старонкі, рэпосцілі інфармацыю з іх у сваіх акаунтах.

Сёння сітуацыя ў свеце, у тым ліку вакол нашай краіны, няпростая. Разгорнута шырокамаштабная інфармацыйная праца па дыскрэдытацыі нашай дзяржавы, але Беларусь – міралюбівая краіна. Як у чарговы раз падкрэсліў кіраўнік раёна, нам трэба быць адзінымі, добрасумленна працаваць і захоўваць дысцыпліну.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: сустрэча ў Глыбачанскай школе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *