Мы заўсёды рады, калі чытачы раяць нам, пра каго варта напісаць у газеце. Вось і ў госці да жыхароў райцэнтра Міхаіла Пятровіча Чобата і Наталлі Іванаўны Рафановіч завіталі па падобнай падказцы. “Простыя, сціплыя людзі, якія ствараюць вакол сябе прыгажосць, падтрымліваюць адзін аднаго і стараюцца не скарацца гадам”, – ахарактарызавала сваіх суседзяў актывістка ветэранскіх спраў Тамара Мікалаеўна Кроцік. І патлумачыла, што дом іх на вуліцы Горкага мы адразу пазнаем па арыгінальным мастацкім аздабленні.
І сапраўды, памыліцца было цяжка: выявы аленяў на франтонах, яркія геаметрычныя малюнкі, фігуркі жывёл, вырабленыя з пластыкавых накрывак, стварылі пазітыўны настрой, як толькі мы адчынілі брамку падворка. Знаёмства ж з гаспадарамі яго толькі ўмацавала.
Калі глядзіш на прыгожы дом, нават не верыцца, што гэта старая бабуліна хата, якую больш паўстагоддзя таму перавезлі з кубліцкага Забалацця, дзе з’явілася на свет Наталля Іванаўна. Замуж выйшла за хлопца з Пушчы. З дзяцінства марыла стаць медыкам, але муж вучыцца не адпусціў. Увогуле сямейнае жыццё не задалося – праз некалькі год шлюб распаўся. Працавала на прамкамбінаце швачкай, потым у КБА дываны вырабляла – атрымлівалася добра: рукі ж у яе ўмелыя, ды і талентам мастацкім не абдзелена. Калі ж вытворчасць закрылася і давялося шукаць новую работу, прыйшла ў райбальніцу і папрасілася санітаркай у хірургію – хоць такім чынам да колішняй мары наблізіцца. Тагачасны загадчык аддзялення Пётр Лукіч Барановіч знайшоў для талковай работніцы больш адказную пасаду – прызначыў сястрой-гаспадыняй. “На работу як на свята бегла. Хоць і не было гэтага ў абавязках, але кожнаму хвораму дапамагчы хацелася, калі трэба – да ўрачоў завязу, бабулек выслухаю – ім гэта не менш за лякарствы важна. Летам разам з калегамі сена на ўчастку нарыхтоўвалі (у бальніцы конь быў). Памятаю, як адна пацыентка з Пліна выходзіла нам дапамагаць – хоць і хворая, а сядзець без справы не магла… Калектыў у нас выдатны быў і кіраўнік цудоўны – строгі, але справядлівы!” – прыгадвае Наталля Іванаўна.
З другой спробы знайшла жанчына і сямейнае шчасце. Ураджэнцу Угрынак Міхаілу Пятровічу Чобату лёс наканаваў шмат выпрабаванняў, маладой захварэла і пайшла з жыцця жонка. Працаваў жа ён у меліярацыі вадзіцелем і слесарам – выключны майстар, шосты разрад меў, 38 год прадпрыемству прысвяціў. А на работу хадзіў напрамкі – праз вуліцу Горкага. Так і з’ядналіся іх шляхі. Жывуць з таго часу ў згодзе, шануюць адзін аднаго, праводзяць дні ў сумесных клопатах. Апрацоўваюць немалы ўчастак, наводзяць парадак не толькі ля дома, а і на прылеглай тэрыторыі. Некалькі год таму, дарэчы, яны ўжо траплялі ў нашу рубрыку “Ініцыятыва вітаецца” – калі зладзілі самаробны масток праз роў на кароткім шляху ў бок цэнтра. “Мы тады дзверы ў хаце мянялі – з іх і вырабілі аснову. Канструкцыя трывалай аказалася, толькі поручань ужо трэба абнавіць”, – паказалі нам масток, праз які ішоў нехта з суседзяў. Зрабілі яны і яшчэ адзін – у другім баку.
Нават напрыканцы верасня іх падворак у квецені. “Гэта прыхільнасць у мяне ад бацькоў. Памятаю, як тата ў час касавіцы прыносіў маме палявыя букеты. А я глядзела і марыла, каб і ў маёй сям’і такія паважлівыя адносіны панавалі. Увогуле хачу, каб ва ўсіх людзей усё добра было”, – кажа Наталля Іванаўна.
“А хто ў вас за мастацкае афармленне адказвае?”, – пытаемся ў гаспадароў. “Я малюю, а муж фарбуе”, – усміхаецца жанчына. Ёсць тут і малыя архітэктурныя формы – гняздо з бусламі, кветнік з сукаватай карагі, штучныя пальмы. Некаторыя ідэі на гэты конт, дарэчы, знаходзяць у нашай газеце, вернымі падпісчыкамі якой застаюцца шмат год.
Утульна, прыгожа і ў іх хаце. Гэтыя простыя людзі ніколі не мелі вялікага дастатку, усяго дасягалі руплівай працай. З цеплынёй прыгадваюць сястру гаспадыні Ніну, якая дапамагала абсталяваць дом выгодамі. З гонарам расказваюць пра дачку, зяця, унучку Лізу, якая здзейсніла бабуліну мару – набыла медыцынскую прафесію і працуе медсястрой у нашай паліклініцы.
Немаладыя, але такія прывабныя людзі. А цёплыя восеньскія фарбы вельмі пасуюць і ім, і іх гасціннаму дому.
Наталля БАГДАНОВІЧ.