Вопросы благоустройства г.п.Ушачи и Ушачского района обсудили на сессии районного Совета депутатов

Благоустройство Саветы і жыццё

На мінулым тыдні адбылася 14 чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў 26 склікання. На парадак дня сесіі было вынесена некалькі пытанняў, асноўнае з якіх актуальнае заўсёды – аб рабоце, якая праводзіцца ў раёне па добраўпарадкаванні і ўтрыманні населеных пунктаў, аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага назначэння. У рабоце сесіі прынялі ўдзел член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.М. Падаляк, старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак. 

У цяперашні час нельга ўявіць жыццё людзей без развітай сістэмы жыллёва-камунальнага абслугоўвання і добраўпарадкавання населеных пунктаў. Пытанням навядзення парадку пастаянна ўдзяляецца павышаная ўвага. Штогод, дзякуючы праводзімай рабоце, наш гарпасёлак і населеныя пункты набываюць новае аблічча, – зазначыў намеснік старшыні райвыканкама М.І.Бухалка, які выступіў з дакладам па асноўным пытанні. Навядзенне парадку на зямлі – не аднаразовая акцыя, а пастаянны працэс. У бягучым годзе ў нашым раёне згодна намечаных мерапрыемстваў зроблена вельмі многае. Пастановай прэзідыума Ушацкага раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта ад 25 сакавіка 2011 г. №11/201 былі зацверджаны Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні гарадскога пасёлка Ушачы і сельскіх населеных пунктаў раёна на 2011 год. У красавіку ў райцэнтры і ва ўсіх аграгарадках прайшоў адзіны санітарны тыдзень, арганізаваны два суботнікі, а май быў аб’яўлены ў раёне месячнікам па добраўпарадкаванні, у ходзе якога замацаваныя арганізацыі наводзілі парадак у 58 населеных пунктах.
У цэлым за прайшоўшы перыяд адбылося 4 суботнікі, праведзена работа па добраўпарадкаванні ў 140 населеных пунктах. У асноўным гэта высечка драўнінна-хмызняковай расліннасці, выдаленне старых аварыйных дрэў, уборка звалак, добраўпарадкаванне грамадзянскіх могілак і воінскіх пахаванняў, рамонт агароджаў, грэйдзіраванне вуліц. У названых работах прынялі ўдзел 68 замацаваных арганізацый і прадпрыемстваў раёна і 7 арганізацый горада Полацка. Адзначана добрая работа раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, вучэбна-курсавога камбіната райсельгасхарча, аддзелаў культуры і адукацыі райвыканкама, аддзела аказання страхавых паслуг па Ушацкім раёне, Кубліцкай і Вяркудскай школ, РВУ “Ушачырайгаз”, ТАА “Твестуба”, ПУП “Сарочына”, цэнтра пазашкольнай работы. Разам з тым, некаторыя арганізацыі ні разу не выехалі ў замацаваныя за імі населеныя пункты і не аказалі дапамогі. У ліку такіх былі названы Ушацкі Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, УП “Прагрэс”, ДЭУ-37, філіял “Ушачы” АТП №6 г.Наваполацка, каапнарыхтпрам, АСП “Харчгандаль” райспажыўтаварыства. 

З мэтай актывізацыі работы па добраўпарадкаванні сярод арганізацый і ўстаноў, прыцягнення насельніцтва да работ па навядзенні парадку на зямлі з 15 красавіка па 15 кастрычніка 2011 года праходзіць раённы агляд-конкурс на лепшы санітарны стан, добраўпарадкаванне і азеляненне г.п.Ушачы і сельскіх населеных пунктаў, утрыманне аб’ектаў сацыяльнага, культурна-бытавога, сельскагаспадарчага і вытворчага назначэння. У лістападзе будуць падведзены вынікі ў 15 намінацыях, пераможцы атрымаюць узнагароды. Акрамя гэтага, аб’яўлены конкурс на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і вуліц гарпасёлка і сельскіх населеных пунктаў.
Знешні выгляд дамоў і адміністрацыйных будынкаў вельмі важная складаючая ў пытанні добраўпарадкавання. У гэтым годзе вяліся работы па рамонце і афарбоўцы фасадаў шматпавярховых жылых дамоў. Змянілі свой знешні выгляд 86 індывідуальных жылых дамоў, выканана ўцяпленне і афарбоўка тарцоў жылога дома №2 па вуліцы Ленінскай, рамонт цокаляў дамоў № 4,6,8 па Ленінскай, дома №2 па Віцебскай. Паступова прыводзяцца ў парадак і самі вуліцы. Вядуцца работы па ўстаноўцы бардзюраў, пешаходных дарожак, будаўніцтве аўтастаянкі па Камсамольскай і Школьнай. Нядаўна завяршыліся работы па асфальтаванні вуліцы М.Д.Бабаедава, пракладзены асфальт на дваровай тэрыторыі на Віцебскай.
Прыгажэе гарпасёлак і дзякуючы той рабоце па навядзенні парадку, якую праводзяць арганізацыі, многія з якіх можна ставіць у прыклад астатнім. Так, вялікую ўвагу пытанням добраўпарадкавання надае РВУ “Ушачырайгаз” – тэрыторыя прыемна радуе вока, штогод тут з’яўляюцца новыя малыя архітэктурныя формы, клумбы, кветкі. Сучасны і бездакорны выгляд набыў будынак Ушацкага філіяла ДРБУ-105, наведзены ўзорны парадак на прылягаючай тэрыторыі. Заўсёды прыгожая і дагледжаная тэрыторыя ва Ушацкім лясгасе і лясніцтвах, паступова і мэтанакіравана вядзецца добраўпарадкаванне каля адміністрацыйнага будынка аддзела па надзвычайных сітуацыях, сёлета папрыгажэла тэрыторыя цэнтральнай раённай бальніцы, пастаянна падтрымліваецца парадак на прылягаючых тэрыторыях “Беларусбанка” і “Белаграпрамбанка”. За апошнія гады значная работа па добраўпарадкаванні праведзена каля адміністрацыйных будынкаў Сарочынскага, Вялікадолецкага, Кубліцкага сельвыканкамаў. Бясконца ўдасканальваюцца ў гэтым пытанні школы і дашкольныя ўстановы раёна. А вось аддзел культуры райвыканкама, раённы вузел паштовай сувязі і некаторыя іншыя арганізацыі вядуць недастатковую работу па добраўпарадкаванні тэрыторыі сваіх устаноў на сяле. Асабліва няма чым пахваліцца ў гэтым пытанні і сельскагаспадарчым арганізацыям, выключэнне складае толькі ПУП “Сарочына” – такога кветкавага афармлення вытворчых тэрыторый няма нідзе. Гэта, сапраўды, эталонны аб’ект.
У рамках рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы “Чыстая вада” вядуцца работы па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у г.п.Ушачы.
Важным момантам з’яўляецца мадэрнізацыя аўтамабільных дарог, на ўтрыманне мясцовай дарожнай сеткі за 8 месяцаў зрасходавана 1,1 мільярда рублёў.
Гэта далёка не ўвесь пералік зробленага ў гэтым годзе. Усе распачатыя работы па добраўпарадкаванні, безумоўна, будуць працягвацца. Важна па-гаспадарску зберагаць зробленае і падтрымліваць парадак.
Разам са станоўчымі момантамі ў плане добраўпарадкавання існуюць і праблемы – вываз бытавых адыходаў у населеных пунктах, распаўсюджванне баршчэўніку, пустуючыя будынкі, стан прыдарожных зон, месцаў адпачынку. Ёсць пытанні і па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый. Зразумела, што на ўсё гэта патрэбны вялікія фінансавыя сродкі, але ж часта самі людзі не могуць зрабіць элементарнага – абкасіць траву каля свайго дома, пасадзіць кветкі, абгарадзіць тэрыторыю ці агульнымі намаганнямі навесці парадак каля свайго пад’езда.
У ходзе абмеркавання пытання выступілі і дэпутаты раённага Савета дэпутатаў. Так, дэпутат ад Вяркудскай выбарчай акругі №15, дырэктар Вяркудскай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы В.І.Клімашэўскі падзяліўся вопытам работы па добраўпарадкаванні, якая праводзіцца на тэрыторыі школы. Штогод, дзякуючы намаганням калектыву і вучняў, увасабляюцца ў жыццё новыя ідэі, ствараюцца малыя архітэктурныя кампазіцыі.
Дэпутат раённага Савета дэпутатаў ад Загорскай выбарчай акругі №17, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КУСГП “Дубраўка” І.А.Дубко расказала аб навядзенні парадку ў вёсцы Дубраўка, дзе агульнымі намаганнямі насельніцтва, сельскага Савета дэпутатаў і сельгаспрадпрыемства прыведзены ў парадак цэнтр вёскі. Па ініцыятыве дырэктара гаспадаркі Б.Т.Юргенса пабудавана царква, на ўездзе ў населены пункт устаноўлены і абгароджаны крыж.
Старшыня мандатнай, па пытаннях мясцовага самакіравання і рэгламенту камісіі раённага Савета дэпутатаў, старшыня Кубліцкага сельскага Савета дэпутатаў І.В.Ластаўка расказала аб добраўпарадкаванні на тэрыторыі аграгарадка Кублічы і іншых населеных пунктаў сельсавета, выказала ўдзячнасць за аказаную дапамогу замацаваным арганізацыям.
Намеснік дырэктара УП ЖКГ М.У.Свірко паведаміў прысутным аб рабоце, праведзенай сіламі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў райцэнтры. Дзякуючы камунальнікам, высаджаны і радуюць вока тысячы кветак. Яркім прыкладам добраўпарадкавання з’яўляецца гарадскі сквер, які вясной набыў новае аблічча і стаў любімым месцам адпачынку ўшачан.
У працяг тэмы добраўпарадкавання старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч агучыла дзве ўдзячнасці, якія паступілі ў райсавет. Першая з іх ад старэйшыны вёскі Храмёнкі Вялікадолецкага сельсавета Т.С.Храмёнак: ад імя ўсіх жыхароў яна дзякавала дэпутату раённага Савета дэпутатаў, дырэктару ДРБУ-105 А.І.Коцуру, які зрабіў многае па добраўпарадкаванні вёскі – адрамантавана і пашырана дарога, зроблена стаянка для аўтамагазіна, праведзены іншыя дарожныя работы. Другая ўдзячнасць у адрас раённай улады і старшыні Вяркудскага сельскага Савета дэпутатаў В.П.Цянюгі прыйшла з горада Жодзіна ад Н.І.Ярашэвіч. Жанчына была прыемна ўражана, што ў яе роднай вёсцы Стаі на могілках праведзена добраўпарадкаванне – убрана смецце, высечана кустоўе і старыя аварыйныя дрэвы, устаноўлена і пафарбавана агароджа. Да ўдзячнасці Н.І.Ярашэвіч далучыліся і іншыя ўраджэнцы вёскі Стаі, цяперашнія жыхары Жлобіна, Бабруйска і нават Анапы і Пярну (Эстонія).
Праз паштовыя скрыні “Дэпутацкая пошта”, “прамыя лініі” напярэдадні сесіі па пытанні добраўпарадкавання паступіла 10 зваротаў, па кожным прыняты меры рэагавання, заяўнікам дасланы адказы.
Вынік сказанаму падвёў старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак, які выступіў перад дэпутатамі і актывам раёна. Ён пакрытыкаваў раённыя службы, якія кантралююць пытанні добраўпарадкавання на тэрыторыі раёна. Канечне, – падкрэсліў выступаючы, – не ўсе планы ўдалося ўвасобіць у жыццё па прычыне складанага фінансавага становішча. Навядзенню парадку на зямлі і далей будзе ўдзяляцца вялікая ўвага. Для гэтага неабходны не толькі сродкі, але і жаданне людзей, а з дапамогай дэпутатаў – больш шырокае прыцягненне насельніцтва. Алег Анатольевіч агучыў і некаторыя планы па добраўпарадкаванні на будучы год.
А.М.Падаляк у сваім выступленні падкрэсліла, што ў апошні час гарпасёлак і сельскія населеныя пункты раёна, дзе яна часта праводзіць сустрэчы з людзьмі, прыкметна папрыгажэлі. Выдатна, што гэтае пытанне разглядаецца ўсебакова і з аналізам зробленага. Менавіта такі падыход дасць імпульс да ўдасканалення.
* * *
На сесіі таксама заслуханы ход рэалізацыі мерапрыемстваў па развіцці прамысловых прадпрыемстваў раёна. З дакладам па дадзеным пытанні выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т.У.Дзямешка. У цэлым па раёне не выканана пяцігадовая праграма па вытворчасці прадукцыі прамысловасці і спажывецкіх тавараў. Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ўзрос толькі на 14,5 працэнта, спажывецкіх тавараў – на 13,7 пры заданні росту 45-50 і 30-37 працэнтаў адпаведна.
Найбольш дынамічнымі тэмпамі развівалася вытворчасць прадукцыі на ААТ “Прамкамбінат” (124,7%), ПУП “Ушацкі каапнарыхтпрам” (110,7%), філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” (455,6%). Свой уклад у развіццё прамысловай галіны ўнеслі суб’екты малога бізнесу, якія за 2010 год вырабілі прадукцыі на суму больш 9,8 мільярда рублёў, спажывецкіх тавараў – больш чым на 3,3 мільярда.
За 8 месяцаў бягучага года паказчык па вытворчасці прамысловай прадукцыі не выкананы: пры заданні 192% тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці склаў 138%. Толькі два прадпрыемствы – ААТ “Ушацкі льнозавод” і УП ЖКГ Ушацкага раёна выканалі заданне ў поўным аб’ёме.
Далёка не ў кожным раёне ажыццяўляецца выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі. Так, за 8 месяцаў бягучага года ТАА “Твестуба” выпусціла прадукцыі на 3,2 мільярда рублёў, што складае больш за 20% ад агульнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі, якая выпускаецца нашымі прадпрыемствамі.
У далейшым плануецца прадоўжыць работу па прыцягненні ў раён патэнцыяльных інвестараў для арганізацыі новых вытворчасцей.
* * *
На сесіі зацверджана Інструкцыя аб парадку продажы заселеных жылых памяшканняў сельскагаспадарчых арганізацый, што знаходзяцца ў камунальнай уласнасці Ушацкага раёна, грамадзянам, якія ў іх пражываюць.
Асобным рашэннем устаноўлены межы сельскіх населеных пунктаў Вялікадолецкага, Вяркудскага, Жарскага, Ушацкага, Сарочынскага сельскіх Саветаў. Удакладнены асобныя паказчыкі раённага бюджэту на 2011 год.
Улічваючы складанае эканамічнае становішча, якое склалася на раённым камбінаце бытавога абслугоўвання, дэпутаты далі згоду на змяншэнне ў два разы стаўкі падатку на нерухомасць і зямельнага падатку для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву ў сельскай мясцовасці і маюць сетку сельскіх комплексных прыёмных пунктаў. Гэтым жа рашэннем суб’ектам, якія аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву ў сельскай мясцовасці, да 1 студзеня 2013 года дадзена права бязвыплатна карыстацца маёмасцю, што знаходзіцца ў камунальнай уласнасці і перададзена ім у арэнду.
Прынята рашэнне раённага Савета дэпутатаў аб правядзенні чацвёртага мясцовага аблігацыйнага займу.
* * *
Разгледжаны таксама арганізацыйныя пытанні. У сувязі з пераменай месца працы і жыхарства па ўласнай заяве дэпутата датэрмінова спынены паўнамоцтвы намесніка старшыні раённага Савета дэпутатаў М.А.Гваздзя. Намеснікам старшыні аднагалосна абраны дэпутат раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў В.П.Сяргееў.
Завяршылася работа сесіі ўрачыстым момантам уручэння Ганаровай граматы раённага Савета дэпутатаў ляснічаму Плінскага лясніцтва ДЛГУ “Ушацкі лясгас” Аляксандру Станіслававічу Баратынскаму, які ўжо на працягу 13 гадоў з’яўляецца дэпутатам Ушацкага сельскага Савета дэпутатаў.
В.ПОЛАЗАВА.



2 комментария по теме “Вопросы благоустройства г.п.Ушачи и Ушачского района обсудили на сессии районного Совета депутатов

  1. а апошнія гады значная работа па добраўпарадкаванні праведзена каля адміністрацыйных будынкаў ……. Кубліцкага сельвыканкамаў….
    ……старшыня Кубліцкага сельскага Савета дэпутатаў І.В.Ластаўка расказала аб добраўпарадкаванні на тэрыторыі аграгарадка Кублічы і іншых населеных пунктаў сельсавета….
    Смешно до слез читать такие строки))))Пусть бы Ирина Викторовно рассказала как у нее в агрогородке в центре
    Кублич выглядит остановка,где стоит лавочка…жаль без досок и это на протяжении 3 месяцев правда, до этого просто последние доски были сломаны, а теперь их кто-то заботливо убрал вовсе….Пусть бы Уважаемая рассказала как по улице Солнечная живут люди без мусорного бака…И это благоустройство????Неужели тяжело организовать сбор денег на мусорный ящик?если в сельсовете не хватает денег?Зато денег на забор возле сельсовета хватило и на забор в центре агрогородка….А например какое состояние дороги по молодежной улице? Почитаешь, а потом посмотришь вокруг…и ищешь ищешь…где же оно благоустройство?

  2. Впреддверие очередной даты освобождения Беларуси от фашистских захватчиков,хочу поздравить всех жителей вашего города с этим з!наменательным событием,пожелать всем мира и добра! http://youtu.be/QvyGhu1ATFc — Павшим и выжившим…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *