Когда боль становится невыносимой: анализируем проблему суицидов

Общество

Кожныя 3 секунды хтосьці ў свеце спрабуе добраахвотна скончыць жыццё, кожныя 40 секунд гэта атрымліваецца. Праблема самагубстваў, на жаль, застаецца актуальнай і для нашага раёна. Летась наклалі на сябе рукі 3 жыхары Ушаччыны, яшчэ 8 былі блізкія да гэтага. Сёлета падобных фактаў у нас – 4 і 2 адпаведна. Праўда, канчатковыя вывады рабіць яшчэ рана.

Слабасць моцнага полу

Практыка паказвае: на такі страшны крок звычайна ідуць прадстаўнікі моцнай паловы. Менавіта яны фігуравалі ва ўсіх суіцыдах некалькіх апошніх гадоў. Калі памерла жонка і дом апусцеў, не вынес удару пажылы вясковец – літаральна праз тыдзень пасля пахавання другой палавіны павесіўся ў хляве. Нераздзеленыя пачуцці сталі прычынай недарэчнай смерці маладога ўшачаніна: у 9.30 ён сварыўся са сваёй каханай і яе мужам, каля 10.00 бег у бок лутаўскага леса, а ўжо ў 13.30 цела мужчыны было знойдзена на адным з дрэў… Менавіта праз павешанне развіталіся з жыццём мужчыны і сёлета. Дарэчы, толькі адзін з іх – пенсіянер. Яшчэ ў суботу жыхар райцэнтра весяліўся на Дні горада, а ў нядзелю, калі жонкі і дзяцей дома не было, закруціў на шыі пятлю. Шакіраваў усіх такім рашэннем і малады, перспектыўны ўшачанін, жыццёвы, сямейны ўклад якога быў для многіх прыкладам – сышоў з работы, напісаў блізкім развітальную запіску і палез на гарышча. Яшчэ ж адзін, які пражываў разам з жонкай, рашыўся на падобнае раніцай, як толькі прачнуўся.

“Мы даўно сябравалі і сустракаліся практычна кожны дзень. Бывала, сядзем у скверы і гамонім пра дзяцей, якія хадзілі ў адзін садок, пра жыццё-быццё… Ва Ушачах адсутнічала ўсяго тыдзень, а тут такое! Дагэтуль сябе дакараю: магчыма, калі б была на месцы, адчула нядобрае, змагла дапамагчы…”, – падзялілася з намі знаёмая. І ўсё ж папярэдзіць падобнае наўрад ці б атрымалася. Ні гэты, ні іншыя сёлетнія самагубцы пра свае страшныя думкі нікому не расказвалі, па меддапамогу не звярталіся. Проста ў адзін момант так рашылі.

Няўдалая дэманстрацыя

Даволі часта спробы скончыць жыццё самагубствам носяць дэманстрацыйны характар. Людзі пакідаюць сабе шанс на выратаванне, а бывае, што першапачаткова на яго спадзяюцца.
Так, некалькі гадоў таму пасля прыняцця на грудзі чаркі-другой жыхарку Арэхаўна нечакана “накрыла” – успомніла аб праблемах з дзіцем-студэнтам, іншых крыўдах на ўвесь свет і пайшла за таблеткамі. Як пазней прызналася, катэгарычнага рашэння памерці ў яе не было.

Неаднаразова “пужаў” жонку пажылы жыхар райцэнтра. Калі прасіў выпіць, а тая адмаўляла, браўся за нож і рэзаў сабе жывот – каб у наступны раз была больш згаворлівая. Але ж у 2022-м сілы свае не разлічыў, ды і іншыя хваробы ўплыў аказалі – з бальніцы мужчына ўжо не выйшаў.

Па інфармацыі Ушацкай ЦРБ, парасуіцыды (незавершаныя спробы самагубства) у 80-90 працэнтах выпадкаў учыняюцца ў стане алкагольнага ап’янення. На працягу года пасля гэтага людзі знаходзяцца на ўліку ва ўрача-псіхіятра.

У ліку сёлетніх парасуіцыднікаў – два мужчыны працаздольнага ўзросту, якія рэзалі сабе рукі. У 2023-м у такім спісе пераважалі жанчыны – 5 супраць 3 прадстаўнікоў моцнай паловы, а 6 з 8 грамадзян не дасягнулі пенсійнага ўзросту, праўда, толькі 1 афіцыйна працаваў.

Самыя небяспечныя – першыя тры месяцы пасля спробы самагубства: 89 працэнтаў людзей завяршаюць задуманае. Ва Ушачах, праўда, такога не прыпомняць – ці рэспубліканская статыстыка не спрацоўвае, ці пра парасуіцыды блізкія маўчаць, не ведаюць. Дарэчы, на 1 самагубства звычайна прыходзіцца 6 спроб. І тут зноў у раёне лічбы разыходзяцца.

Сумнае лідарства

Статыстыка апошняга часу пужае. Па колькасці парасуіцыдаў сярод непаўналетніх Віцебская вобласць – першая ў краіне. Прычым, узрост юнакоў і дзяўчат змяншаецца: калі раней дэманстратыўна рэзалі рукі ў 13-16, то зараз – ужо ў 10 гадоў. Больш за ўсё падобных фактаў – у абласным цэнтры і Віцебскім раёне.

На Ушаччыне апошні такі выпадак адбыўся ў 2020 годзе. У сельскім населеным пункце хлопец непрыстойна праявіў цікавасць да дзяўчыны, за што пачуў ад яе маці пагрозу здаць у міліцыю. Разумеючы, што атрымае наганяй ад бацькоў, іншай “схемы дзеянняў” юны крыўдзіцель не прыдумаў – пабег за хлеў і кавалкам шкла парэзаў вены…

Але гэта з афіцыйнай статыстыкі. Насамрэч жа падлеткі часта бяруцца за вострае, што пацвярджаюць шрамы на іх руках. Ні адна медкамісія, праведзеная ў райбальніцы, не абыходзіцца без іх выяўлення. Тлумачэнне ж ва ўсіх стандартнае: хацелі “перакрыць” душэўны боль фізічным, прадэманстраваць усім, як зараз цяжка. Жадання памерці ні ў каго не было.

“Непаўналетнія не ўмеюць адэкватна ацэньваць жыццёвыя сітуацыі, рэагаваць на іх, а таму бацькам і педагогам трэба трымаць руку на пульсе, – кажа ўрач псіхіятр-нарколаг Ушацкай ЦРБ Паліна Пугач. – Насцярожыць павінны адсутнасць інтарэсу да вучобы, павышаная трывога, згуба апетыту, бяссонніца. Кантралюйце, чым цікавіцца нашчадак. Быў у нас выпадак, калі ўшачанка праглядзела, якія запыты ў інтэрнэце ўводзіць сын, і схапілася за галаву. “Ці балюча рэзаць вены?”, “Колькі таблетак выпіць, каб не прачнуцца?” – усё гаварыла пра страшныя намеры хлопца. Тэрміновы ж зварот да медыка дапамог знайсці спосаб адцягнуць яго ад такіх думак”.

Факты самагубстваў сярод непаўналетніх, на жаль, таксама ёсць, хаця ў значна меншай колькасці. На Ушаччыне апошні датаваны 2012 годам. Ва ўстановах адукацыі вядзецца планамерная прафілактычная работа.

Не хапае зносін

Адсутнасць зносін, адзінота часта становяцца прычынай суіцыдальных паводзін сярод пажылых людзей. Так, летась адзін дзядуля патэлефанаваў дачцэ, сказаў, што хоча сустрэцца, схадзіць на могілкі. Вольнага ж часу ў той не аказалася – мужчына ўспрыняў гэта блізка да сэрца і павесіўся. Не хацеў надакучваць родным, бо з-за хваробы быў прыкаваны да ложка, яшчэ адзін вясковец – рукамі раскавыраў вены на назе і ад згубы крыві памёр.

Ад блізкіх, сапраўды, залежыць многае. Спецыялісты раяць быць асабліва ўважлівымі да людзей ва ўзросце, больш з імі размаўляць, цікавіцца настроем. Калі заўважылі трывожныя сімптомы (сваяк тэрмінова прыводзіць справы ў парадак, аддае даўнія даўгі, з усімі мірыцца, разважае на тэму смерці і пры гэтым становіцца эмацыянальна падаўленым, плаксівым), зрабіце ўсё магчымае, каб той атрымаў кваліфікаваную дапамогу. Можна звярнуцца на “тэлефон даверу” 5-03-94, што працуе ва Ушацкай райбальніцы, кантактныя даныя іншых медслужбаў можна знайсці ў інтэрнэце. Вас на ананімнай аснове выслухаюць, дадуць параду. Не трэба баяцца і візіту да ўрача-псіхіятра ці псіхолага. Ніякіх дыягназаў, якія б маглі “адбіцца” ў медыцынскіх даведках, а значыць на магчымасці ў далейшым працаўладкавацца, у такіх выпадках не ставіцца.

Гэтай вясной у паліклініку патэлефанаваў мужчына, які ў слязах сказаў, што жыць не хоча. Пасля ж паўгадзіннай гутаркі з псіхолагам выдаў упэўненае: “Не, перадумаў!”. Як адзначаюць спецыялісты, чалавеку з душэўнымі перажываннямі абавязкова трэба выгаварыцца, знайсці “свабодныя вушы”. Інакш увесь негатыў назапашваецца ўнутры, што і прыводзіць да неабдуманых дзеянняў.

Падрыхтавала
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Самы высокі ўзровень самагубстваў у свеце прыпадае на Гаяну, дзяржаву на паўночна-ўсходнім узбярэжжы Паўднёвай Амерыкі – тут накладаюць на сябе рукі 30,2 чалавекі з кожных 100 тысяч. У Беларусі гэты паказчык – 21,4, у Расіі – 26,5.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *