Рассказываем, почему фликер — это не просто модный аксессуар, а жизненно важный элемент безопасности

Общество

У цёмны час сутак і ва ўмовах дрэннай бачнасці флікер на 85 працэнтаў зніжае рызыку наезду на пешахода. Гэта даказаны факт. Але, на жаль, у яго праўдзівасць многія пачынаюць верыць толькі пасля дарожна-транспартнага здарэння…

– Фары аўтамабіля “выхопліваюць” святлоадбівальнік нават у дождж і туман – здалёк бачыцца яркая кропка святла. Пешаход становіцца заўважным за 400 метраў. Пры хуткасці 90 км/г ён свеціцца восем секунд, пры 60 км/г – 24. Гэтага часу вадзіцелю дастаткова, каб пазбегнуць наезду, – прыводзіць флікерную статыстыку старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС Дзяніс Бабянок.

– Асартымент флікераў багаты. Як выбраць лепшы?

– Эфектыўнасць вывучалі падчас даследаванняў. Аказалася, што аптымальная святлоадбівальнасць у флікераў белага і лімоннага колераў (пры адсутнасці надпісаў і малюнкаў). Астатнія ў бліжнім святле фар бачны толькі за 70-80 метраў. Пры хуткасці 90 км/г аўтамабіль праедзе такую адлегласць за тры секунды, і вадзіцелю не хопіць часу ацаніць сітуацыю.

– Флікер патрэбны толькі жыхарам сельскай мясцовасці?

– Не. Правілы дарожнага руху аднолькавыя і для гарадскіх, і для вясковых пешаходаў. У пункце 17.1 указана, што абазначацца ім абавязкова ў цёмны час сутак пры руху па краі праезнай часткі, а таксама пры руху па абочыне. Вуліцы без тратуараў ёсць і ва Ушачах.

– Ці патрэбны флікер, калі святлоадбівальнікі ёсць на вопратцы?

– У такім выпадку без яго можна абысціся. Галоўнае, каб элементы на адзенні былі зроблены з якаснага святлоадбівальнага матэрыялу.

– Існуе меркаванне, што флікер можна замяніць ліхтарыкам ці падсветкай мабільнага тэлефона…

– Ліхтары і падсветкі не адбіваюць святло фар. Да таго ж, пешахода бачна толькі ў адным напрамку руху. Такім чынам, гэта парушэнне правіл, за якое прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць.

– Нагадайце, якое пакаранне панясе пешаход без флікера.

– Згодна з часткай 1 артыкула 18.23 КаАП, папярэджанне або штраф ад адной да трох базавых велічынь.

– Прыцягваць да адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху могуць толькі супрацоўнікі ДАІ?

– Затрымаць парушальніка мае права кожны міліцыянер. Адміністрацыйныя ж пратаколы складаюць інспектары ДПС і ўчастковыя інспектары міліцыі.

– Ці панясе адказнасць пешаход, у якога флікер ёсць, але амаль нябачны?

– З гэтым сустракаемся часта. Напрыклад, калі невялікі флікер-падвеску прымацоўваюць на сумачку. Прыцягваць да адказнасці не маем права: фармальна пешаход абазначаны святлоадбівальным элементам. Але трэба разумець, што флікер патрэбны не для таго, каб пазбегнуць штрафу, а каб не стаць ахвярай ДТЗ.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *