Ва Ушацкім РФСК склалася досыць перспектыўная міні-футбольная каманда хлопчыкаў 2012-2013 гадоў нараджэння, і ў суботу іх чакала няпростае выпрабаванне – прадстаўнічы турнір у Глыбокім.
Літаральна ва ўсіх паядынках нашы землякі выглядалі дастойна і праяўлялі характар. Адным толькі ўшачанам удалося перайграць будучых пераможцаў спаборніцтваў з Міёр. Паклалі яны ў сваю скарбонку таксама перамогі над аднагодкамі з Верхнядзвінска і другой камандай гаспадароў. Былі рэальныя шансы ўзняцца на п’едэстал, аднак не пашанцавала: да “бронзы” не хапіла аднаго ачка.
І хоць чацвёртае месца – самае крыўднае, нават арганізатары адзначылі відовішчную і выніковую гульню ўшачан. Сведчыць пра гэта і розніца забітых і прапушчаных галоў – 16-6. Лепшым у камандзе прызнаны галкіпер Міхаіл Кудраўцаў. Цалкам выкладаліся на пляцоўцы Ілья Сляцкі, Аляксей Салодкін, Максім Паршонак, Данііл Базылеў, Ягор Садоўскі, Яраслаў Віннік, Андрэй Жарнасек – амаль кожны запісаў галы ў свой актыў. Прыемна, што на выязным турніры хлопцаў падтрымлівалі бацькі і іншыя ўшацкія балельшчыкі. “А медалі ў гэтай каманды абавязкова будуць: галоўнае – не прапускаць трэніровак і не збаўляць абаротаў!”, – лічыць трэнер Раман Фядосенка.
Наталля БАГДАНОВІЧ.